Вход
ЕЭК вызваліла ад увазных мытных пошлін тавары для будаўніцтва трэцяй лініі электраперадачы Іран – Арменія

ЕЭК вызваліла ад увазных мытных пошлін тавары для будаўніцтва трэцяй лініі электраперадачы Іран – Арменія

08.04.2016

6 красавіка ў Маскве ў фармаце відэаканферэнцыі адбылося чарговае пасяджэнне Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі, на якім быў разгледжаны шэраг пытанняў у сферы інтэграцыі і макраэканомікі, гандлю, мытнага супрацоўніцтва, эканомікі і фінансавай палітыкі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Члены Савета ЕЭК: Віцэ-прэм'ер-міністр, Міністр міжнароднай эканамічнай інтэграцыі і рэформаў Рэспублікі Арменія Вачэ Габрыелян, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Казахстан Бакытжан Сагінтаеў, віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Алег Панкратаў, Першы намеснік Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Ігар Шувалаў, а таксама Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісян і Члены Калегіі (Міністры) ЕЭК.

У прыватнасці, Савет ЕЭК ухваліў праект распараджэння Еўразійскага міжурадавага савета «Аб ходзе выканання рабочага плана распрацоўкі актаў і міжнародных дагавораў у адпаведнасці з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) ад 29 мая 2014 года і Плана дзеянняў Еўразійскай эканамічнай камісіі па рэалізацыі прыярытэтаў беларускага старшынства, выкладзеных у звароце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі да кіраўнікоў дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ад 1 студзеня 2015 года». Гэтыя дакументы будуць прадстаўлены на разгляд Еўразійскаму міжурадаваму савету.

Акрамя таго, члены Савета ЕЭК прынялі рашэнне аб вызваленні ад увазных мытных пошлін абсталявання і камплектуючых, якія ўвозяцца ў Рэспубліку Арменія для будаўніцтва трэцяй лініі электраперадачы Іран – Арменія. «Гэты захад накіраваны на забеспячэнне выканання міжнародных абавязацельстваў Арменіі па будаўніцтве трэцяй лініі электраперадачы Іран – Арменія, – патлумачыла Член Калегіі (Міністр) па гандлі ЕЭК Вераніка Нікішына. – У спіс тавараў уключаны разнастайныя камплектуючыя і абсталяванне, неабходныя для будаўніцтва і работы лініі электраперадачы, уключаючы металаканструкцыі, тросы, канаты, плеценыя шнуры, электрычную апаратуру для камутацыі або абароны электрычных ланцугоў, электрычныя трансфарматары, статычныя электрычныя пераўтваральнікі і так далей. Для атрымання тарыфнай ільготы імпарцёр павінен прадставіць у мытныя органы Рэспублікі Арменія пацвярджэнне мэтавага прызначэння тавараў, якія ўвозяцца».

У сферы эканомікі і фінансавай палітыкі было разгледжана пытанне далейшага прымянення прынцыпу вычарпання выключнага права на таварны знак у краінах ЕАЭС.

У цяперашні час Дагаворам аб ЕАЭС на тэрыторыі Саюза замацаваны рэгіянальны прынцып вычарпання выключнага права на таварны знак. Ён прадугледжвае ўвядзенне тавараў у грамадзянскае абарачэнне на тэрыторыі краін Саюза непасрэдна праваўладальнікам або іншымі асобамі з яго згоды. Такім чынам, увоз тых ці іншых тавараў магчымы толькі ў выпадку атрымання дазволу на гэта з боку афіцыйных дылераў.

ЕЭК прапануе разгледзець магчымасць увядзення дыферэнцыраванага прынцыпу вычарпання права, які прадугледжвае захаванне рэгіянальнага прынцыпу вычарпання права, замацаванага ў Дагаворы аб Саюзе, з магчымасцю ўстанаўлення выключэнняў у дачыненні да асобных відаў тавараў на часовай або пастаяннай аснове. Гэта азначае магчымае ўвядзенне «паралельнага» імпарту на шэраг тавараў.

У цяперашні час Бакі абмяркоўваюць магчымае ўвядзенне «паралельнага» імпарту, перш за ўсё, на тавары народнага спажывання. Расія прапануе, у першую чаргу, разгледзець магчымасць устанаўлення міжнароднага прынцыпу вычарпання права на лекі, медыцынскую тэхніку і аўтазапчасткі. Рашэнне павінна быць прынята толькі з улікам пазіцый усіх Бакоў.

У ЕЭК створана і функцыянуе Рабочая група па выпрацоўцы прапаноў у дачыненні да далейшага прымянення прынцыпу вычарпання выключнага права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ў Саюзе. Па выніках разгляду магчымых варыянтаў яна прапанавала ўвесці дыферэнцыраваны прынцып вычарпання права.

Рабочай групай даследаваны юрыдычныя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты, звязаныя з выбарам прынцыпу вычарпання права, абмеркаваны вынікі шматлікіх даследаванняў, арганізавана анкетаванне членаў Рабочай групы, праведзены шэраг нарад з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і бізнесу на нацыянальным узроўні.

У выпадку ўхвалення Саветам ЕЭК, а потым і Еўразійскім міжурадавым саветам (ЕМС) гэтага прынцыпу вычарпання права неабходна будзе дапоўніць Пратакол аб ахове і абароне правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці (Дадатак № 26 да Дагавора аб Саюзе) прававой нормай, якая дае паўнамоцтвы Еўразійскаму міжурадаваму савету ўстанаўліваць выключэнні з ужывання рэгіянальнага прынцыпу вычарпання права ў дачыненні да асобных відаў тавараў, а таксама вызначаць парадак устанаўлення такіх выключэнняў.

Пытанне мяркуецца разгледзець на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

Даведка:

Рабочая група па выпрацоўцы прапаноў у дачыненні да далейшага прымянення прынцыпу вычарпання выключнага права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці створана Рашэннямі Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 23 чэрвеня 2014 года № 45. Рабочую групу ўзначальвае Член Калегіі (Міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Цімур Сулейменаў. У склад Рабочай групы, зацверджаны Рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 18 верасня 2014 года № 108, уваходзяць службовыя асобы ўпаўнаважаных органаў краін ЕАЭС, эксперты ад бізнес-суполкі, а таксама супрацоўнікі Камісіі.