Вход
Вынікі ВЕЭС: дадзены старт лічбаваму этапу еўразійскай інтэграцыі

Вынікі ВЕЭС: дадзены старт лічбаваму этапу еўразійскай інтэграцыі

12.10.2017

Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) гатовы рэалізоўваць новыя фарматы кааперацыйнага і міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў космасе, запусціць першыя сумесныя праекты ў галіне лічбавай трансфармацыі эканомік краін Саюза, актыўна абараняць свабоду канкурэнцыі і роўныя правы для ўсіх вытворцаў на еўразійскай эканамічнай прасторы. Аб гэтым заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) па выніках Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 11 кастрычніка 2017 г.

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбылося 11 кастрычніка ў Сочы (Расія). У ім узялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Арменія Серж Саргсян, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, а таксама Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян і Прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Сапар Ісакаў.

На адкрыцці пасяджэння Уладзімір Пуцін падкрэсліў: «Можна з упэўненасцю сказаць, што Саюз паспяхова функцыянуе і развіваецца.  Інтэграцыя станоўча адбіваецца на тэмпах эканамічнага росту нашых дзяржаў». Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, у стратэгічна значных для ЕАЭС галінах можна адзначыць устойлівую пазітыўную дынаміку: «У прамысловасці рост склаў 2,4%, у сельскай гаспадарцы – амаль 1%, пашырыліся грузавыя, пасажырскія перавозкі, адпаведна, на 6,9% і на 7, 8%». Акрамя таго, аб'ёмы знешняга гандлю Саюза ўзраслі на 26%, а дадатнае сальда экспартна-імпартных аперацый перавысіла 77 млрд дол. ЗША. Пры гэтым доля машын, абсталявання і транспартных сродкаў дасягнула 17,5%. Удзельная ж вага энергетычных тавараў знізілася да 28%.

Прэзідэнт Расіі ўпэўнены, што рост тавараабароту паміж дзяржавамі-членамі ЕАЭС на 30% – «прамы вынік таго, што мы стварылі ў рамках Саюза адзіны рынак і агульную эканамічную прастору».

Кіраўнік Расійскай Федэрацыі перакананы, што трэба працягваць сістэмную работу па ліквідацыі абмежаванняў, якія замінаюць свабоднаму перамяшчэнню тавараў, працоўнай сілы, паслуг і капіталу паміж саюзнымі дзяржавамі. Трэба паскорыць распрацоўку «дарожнай карты» па ліквідацыі існых бар'ераў у сферы прамысловасці, у аграпрамысловым комплексе, энергетыцы, тэхнічным рэгуляванні.

У ходзе ВЕЭС быў прыняты шэраг важных рашэнняў.

Зацверджаны Асноўныя напрамкі рэалізацыі лічбавага парадку Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. У дакуменце вызначаны мэты, прынцыпы, задачы, кірункі і механізмы супрацоўніцтва дзяржаў Саюза ў лічбавай сферы. Урадам краін ЕАЭС сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй даручана забяспечыць прапрацоўку ініцыятываў у рамках лічбавага парадку.

«Краіны Саюза ў сваіх стратэгіях і праграмах развіцця эканомік ужо вырашаюць шэраг задач па падрыхтоўцы адказу на выклікі лічбавай трансфармацыі эканомікі, – адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян. – Аднак узгодненая палітыка дзяржаў-членаў у лічбавай сферы можа стаць крыніцай атрымання энергетычных эфектаў у развіцці лічбавай эканомікі краін Саюза».

Уклад лічбавых праектаў і ініцыятываў можа скласці да 11% чаканага сукупнага росту ВУП ЕАЭС да 2025 года, лічаць эксперты Сусветнага банка. Калі краіны Саюза не забяспечаць сінхранізацыю сваіх намаганняў па рэалізацыі лічбавага парадку, яго ўклад у рост ВУП будзе значна ніжэй. «Мы павінны рухацца ўзгоднена, ужываючы лепшыя практыкі, якія ўжо ўкараняюцца ў нашых краінах, дапамагаць адно аднаму развіваць агульную еўразійскую лічбавую прастору.

 Інакш мы атрымаем новыя бар'еры і межы, якія падзяляюць нас ужо не па геаграфічным, а па тэхналагічным прынцыпе, і ўскладнім перасоўванне тавараў і паслуг», – лічыць Старшыня Калегіі ЕЭК.

Сумесная работа дазволіць стварыць у краінах Саюза новыя працоўныя месцы і галіны, павысіць канкурэнтаздольнасць бізнесу за кошт лічбавых пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця грамадства, уключыць дзяржавы ЕАЭС у глабальныя, макрарэгіянальныя і рэгіянальныя працэсы лічбавай трансфармацыі, палегчыць працэсы свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы.

Ключавымі напрамкамі развіцця лічбавай эканомікі ў краінах ЕАЭС стане лічбавая трансфармацыя галін эканомікі і рынкаў, укараненне сучасных тэхналогій і інструментаў кіравання інтэграцыйнымі працэсамі, развіццё лічбавай інфраструктуры, а таксама абарона дадзеных і каналаў камунікацыі.

Ужо ў наступным годзе эксперты пачнуць збіраць прапановы і будуць гатовыя да прапрацоўкі тых ініцыятываў, у якіх зацікаўленыя дзве і больш краіны ЕАЭС. У выпадку, калі вынікі работы экспертнай групы атрымаюць падтрымку Савета ЕЭК і прадстаўнікоў усіх нацыянальных урадаў, на аснове ўхваленых ініцыятываў пачнецца рэалізацыя канкрэтных праектаў. У прыярытэтным парадку будуць разглядацца ініцыятывы, звязаныя з развіццём электроннага гандлю, лічбавай інфраструктуры транспартных калідораў, выкарыстаннем новых тэхналогій у прамысловай кааперацыі, а таксама з лічбавай прасочвальнасцю. Важнай часткай сумеснай работы ў рамках лічбавай трансфармацыі стане падрыхтоўка Пагаднення аб абарачэнні дадзеных у ЕАЭС і стварэнне сістэмы рэгулятыўных «пясочніц» Саюза.

У ходзе абмеркавання праекта Асноўных палажэнняў лічбавага парадку ЕАЭС Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў прапанаваў правесці ў 2018 годзе пасяджэнне ВЕЭС і спецыялізаваны форум, прысвечаныя пытанням лічбавізацыі эканомік краін Саюза.

Прыкладам супрацоўніцтва краін ЕАЭС у галіне высокіх тэхналогій з'яўляецца распараджэнне аб распрацоўцы праграмы сумеснага выкарыстання касмічных апаратаў і наземнай інфраструктуры, прынятае на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ухвалены прэзідэнтамі дакумент прадугледжвае партнёрства ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Базай для ўзаемадзеяння краін Саюза стане еўразійская тэхналагічная платформа «Касмічныя і геаінфармацыйныя тэхналогіі», якая была сфарміравана Камісіяй у 2016 годзе пры падтрымцы вядучых аэракасмічных прадпрыемстваў і навукова-даследчых інстытутаў ЕАЭС. Міждзяржаўная праграма па інтэграцыі дзеючых груповак касмічных апаратаў і наземнай інфраструктуры павінна быць распрацавана да 1 лістапада 2018 года. Ужо створана рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі аэракасмічных ведамстваў краін Саюза і эксперты.  Праз тыдзень у рамках форума «Дні космасу Рэспублікі Казахстан» пройдзе першае пасяджэнне гэтай групы.

Разглядаецца магчымасць стварэння аб'яднанага аператара касмічных і геаінфармацыйных паслуг, які возьме на сябе кіраванне камерцыйнай эксплуатацыяй сумеснай арбітальнай групоўкай касмічных апаратаў і распрацуе маркетынгавую стратэгію па выхадзе на сусветны рынак. Важнай часткай гэтай праграмы стане з'яўленне інфармацыйнага партала, які прадастаўляе розныя сэрвісы (маніторынг НС, пошук і здабыча карысных выкапняў, будаўніцтва, экалогія і да т.п.).

На трэцім этапе можа быць пачата кааперацыйная серыйная вытворчасць і запуск малых касмічных апаратаў ЕАЭС. Пры стварэнні спадарожніка будуць выкарыстаны найноўшыя лічбавыя тэхналогіі праектавання і вытворчасці мэтавай апаратуры, адытыўныя тэхналогіі вытворчасці службовай платформы, бартавыя сістэмы і комплексы распрацоўкі нацыянальных вытворцаў краін Саюза. Прамысловае супрацоўніцтва прадпрыемстваў Саюза стане магутным імпульсам для развіцця радыёэлектроннай прамысловасці і вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў і важным драйверам росту эканомік краін ЕАЭС у цэлым. Серыйная вытворчасць такіх спадарожнікаў можа быць распачата пасля 2023 года.

Члены Вышэйшага савета абмеркавалі ход ратыфікацыі Мытнага кодэкса ЕАЭС, які па сваёй важнасці з'яўляецца другім дакументам пасля Дагавора аб Саюзе. Дакумент змяшчае мноства новых нормаў, карысных для бізнесу. «Набыццё сілы МК ЕАЭС стане магутным імпульсам для пераводу мытных тэхналогій на інфармацыйныя рэйкі і ліквідуе нямала праблем, якія накапіліся ў правапрымяняльнай практыцы», – адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

Мытны кодэкс маштабна і за адзін раз зменіць мытнае рэгуляванне. Гэта наўпрост датычыць многіх грамадзян і большасці прадпрымальнікаў.  У сувязі з гэтым кіраўнікі дзяржаў надаюць асаблівую ўвагу неабходнасці загадзя праінфармаваць грамадскасць аб асноўных палажэннях кодэкса і даце, калі ён набудзе сілу. Мяркуецца, што МК ЕАЭС пачне дзейнічаць з пачатку 2018 года.  У цяперашні час ва ўсіх краінах Саюза дакумент накіраваны ў парламенты і такім чынам распачатая працэдура яго ратыфікацыі.

Старшынёй Суда ЕАЭС на наступныя тры гады абраны прадстаўнік Рэспублікі Казахстан Жалымбет Баішаў, а яго намеснікам – прадстаўнік Арменіі Эрна Айрыян.

Згодна з рашэннем ВЕЭС Расійская Федэрацыя ў 2018 годзе будзе старшынстваваць у органах Саюза – Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.