Вход
Вынікі ВЕЭС: Малдове прадастаўлены статус дзяржавы-назiральнiка пры ЕАЭС, краіны Саюза ўмацоўваюць аснову для ўстойлівага эканамічнага развіцця, узаемадзеяння з трэцімі краінамі, рэалізуюць лічбавы парадак, пашыраюць адзіны рынак паслуг

Вынікі ВЕЭС: Малдове прадастаўлены статус дзяржавы-назiральнiка пры ЕАЭС, краіны Саюза ўмацоўваюць аснову для ўстойлівага эканамічнага развіцця, узаемадзеяння з трэцімі краінамі, рэалізуюць лічбавы парадак, пашыраюць адзіны рынак паслуг

14.05.2018

Падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС), які адбыўся 14 мая ў Сочы (Расія), прыняты шэраг важных рашэнняў у сферах інтэграцыі, макраэканомікі, гандлю, цыфравізацыі, рынку паслуг, транспарту, аграпрамысловага комплексу, тэхнічнага рэгулявання.

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) падрыхтуе сумесна з урадамі пяці краін дэкларацыю аб паглыбленні інтэграцыйнага аб'яднання і на чарговым пасяджэнні Вышэйшага эканамічнага савета прадставіць гэты дакумент для абмеркавання членам ВЕЭС. Аб гэтым заявіў Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян па выніках пасяджэння.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Сааранбай Жээнбекаў, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін і Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян. У пасяджэнні таксама ўдзельнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон.

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня ВЕЭС Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што расійскае старшынства цалкам накiравана на тое, каб умацоўваць Саюз, надаць дадатковы імпульс збліжэнню эканомік краін «пяцёркі», а галоўнае – спрыяць усёабдымнаму развіццю дзяржаў. Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, сярод прыярытэтаў асабліва варта вылучыць нарошчванне намаганняў па стварэнні адзіных рынкаў тавараў і паслуг, далейшае развіццё гандлёва-інвестыцыйных сувязяў, умацаванне вытворчай і тэхналагічнай кааперацыі. Кіраўнік Расійскай Федэрацыі лічыць «неабходным прадоўжыць курс на збліжэнне валютна-фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі нашых краін, выбудоўваць новыя, больш эфектыўныя транспартныя і лагістычныя ланцужкі».

Па многіх з гэтых напрамкаў ужо ёсць сур'ёзныя дасягненні. «У цэлым Еўразійскі эканамічны саюз развіваецца вельмі дынамічна, - адзначыў Уладзімір Пуцін. - Так, напрыклад, у 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт краін-удзельніц вырас на 1,8%, прамысловая вытворчасць павялічылася на 1,7%, а сельскагаспадарчая – на 2,5%».

Акрамя таго, знізіўся ўзровень інфляцыі ва ўсіх дзяржавах у сярэднім па Саюзе да 3,1%. Палепшыўся стан знешняга і ўнутранага гандлю. Пастаўкі тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін узраслі на 24,4%, а тавараабарот паміж дзяржавамі-членамі ЕАЭС вырас на больш чым 26%.

На думку Уладзіміра Пуціна, важна і далей развіваць інтэграцыйныя працэсы. «Добрыя магчымасці для нарошчвання супрацоўніцтва адкрываюцца ў атамнай энергетыцы, у галіне аднаўляльных энергакрыніц, у экалогіі, медыцыне, космасе», - адзначыў кіраўнік дзяржавы. У гэтых перадавых галінах важна пашыраць вытворчую кааперацыю, сумесна працаваць над новымі тэхналогіямі і ноў-хаў, укараняць інавацыі, якія адказваюць патрабаванням сусветнай эканомікі, глабальнага тэхналагічнага развіцця.

Прыярытэтная ўвага па-ранейшаму будзе надавацца ўстараненню абмежаванняў і выключэнняў, якія застаюцца на шляху свабоднага перамяшчэння тавараў, капіталаў, рабочай сілы, рэалізацыі лічбавага парадка ЕАЭС. «Арыентуемся на стварэнне найбольш камфортных умоваў для развіцця прадпрымальніцкай актыўнасці, у тым ліку за кошт сістэмнай працы з дзелавымі коламі і ўліку іх пажаданняў», - заявіў Прэзідэнт РФ.

Як адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян, зараз існуе каля 60-ці перашкод і бар'ераў, у дачыненні да якіх краіны не могуць прыйсці да згоды. Аднак прынцыпова важна наяўнасць палітычнай волі для вырашэння гэтых праблем. «Прэзідэнты ўвесь час падкрэсліваюць неабходнасць паглыблення нашага інтэграцыйнага аб'яднання шляхам зняцця ўсіх гэтых бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў з тым, каб нацыянальныя ўрады адмовіліся б ад нацыянальнага эгаізму па абароне сваіх вытворцаў і каб былі роўныя канкурэнтныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынка. І гэтыя пытанні будуць у цэнтры ўвагі нашай Камісіі», - паведаміў Тыгран Саркісян.

Па 66-ці перашкодах у ЕАЭС ёсць разуменне, што іх трэба пераадольваць. За мінулы год ЕЭК удалося зняць прыкладна 13 бар'ераў. У гэтым годзе Камісія будзе працаваць над устараненнем прыкладна дзесяці бар'ераў.

Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет прыняў шэраг ключавых рашэнняў для развіцця еўразійскай інтэграцыі.

ВЕЭС зацвердзіў Палажэнне аб статусе дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС і прыняў рашэнне аб прадастаўленні гэтага статусу Рэспубліцы Малдова. Статус дзяржавы-назіральніка пры Саюзе прадугледжаны артыкулам 109 Дагавора аб ЕАЭС. Згодна з палажэннем, прадстаўнікі дзяржавы з такім статусам могуць прысутнічаць па запрашэнні на пасяджэннях органаў ЕАЭС без права ўдзелу ў прыняцці рашэнняў і атрымліваць дакументы, якія прымаюцца органамі Саюза i не носяць канфідэнцыйны характар. Дзяржава, якая мае статус назіральніка, абавязана ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, якiя могуць нанесці шкоду інтарэсам Саюза і краін-удзельніц.

Зацверджаны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2018-2019 гады.

Прыярытэтнымі мэтамі эканамічнай палітыкі на сярэднетэрміновы перыяд стануць актывізацыя працэсу аднаўлення эканамічнага росту і стварэнне базісу для ўстойлівага эканамічнага развіцця краін Саюза. Дасягненне гэтых мэтаў прадугледжвае рэалізацыю сумесных мер у рамках ЕАЭС, а таксама нацыянальных мер, якія прымаюцца краінамі для стварэння спрыяльных макраэканамічных умоваў, стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці, паляпшэння дзелавога клімату, стварэння ўмоваў для павышэння прадукцыйнасці ў рэальным сектары эканомікі.

Урадам краін ЕАЭС рэкамендавана ўлічваць асноўныя арыенціры пры правядзенні макраэканамічнай палітыкі. Камісія прааналізуе меры, якія прымаюцца дзяржавамі Саюза ў галіне макраэканамічнай палітыкі з пункту гледжання іх адпаведнасці зацверджаным арыенцірам.

Члены ВЕЭС абмеркавалі ход рэалізацыі лічбавага парадка Саюза да 2025 года. У прыватнасці, было адзначана, што сфарміравана дастатковая нарматыўная база для старту рэалізацыі лічбавага парадка, фармiруецца асяроддзе для прапрацоўкі лічбавых пераўтварэнняў па прыярытэтных напрамках, ствараюцца экспертныя пляцоўкі, абмяркоўваюцца ініцыятывы і праекты.

Створаны пры Камісіі офіс кіравання лічбавымі ініцыятывамі прапрацоўвае больш за 10 прапаноў, якія паступілі ад бізнэсу і органаў улады дзяржаў-членаў. Яны датычацца, у прыватнасці, функцыянавання і развіцця сістэмы лічбавага нагляду (у тым ліку ідэнтыфікацыі); укаранення электронных суправаджальных дакументаў і іх узаемнага прызнання ў краінах ЕАЭС; стварэння Еўразійскай электроннай біржы працы, спецыялізаванага венчурнага фонду галіновых лічбавых платформаў, лічбавага Еўразійскага транспартнага калідора, сеткі прамысловай кааперацыі і субкантрактацыі і г.д.

У працэсе запуску – даследаванне па першай ініцыятыве, якая паступіла – аб укараненнi і ўзаемным прызнанні ў ЕАЭС электронных суправаджальных дакументаў. Пачалася праца па пілотных праектах, якія датычацца стварэння і развіцця сістэмы лічбавага нагляду за рухам тавараў. Развіваюцца экспертныя пляцоўкі па пытаннях эканомікі дадзеных, рэгулятыўных «пясочніцах» і іншых прыярытэтах рэалізацыі лічбавага парадка.

ВЕЭС ухваліў Пагадненне аб парадку заключэння, спынення і прыпынення дзеяння міжнародных дагавораў Саюза з трэцімі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або міжнароднымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

Прапанову аб заключэнні міжнароднага дагавора мае права ўносіць краіна ЕАЭС, член Савета Камісіі – віцэ-прэм'ер-міністр адной з краін Саюза або трэці бок. Акрамя таго, Калегія ЕЭК можа звярнуцца да Савета Камісіі з просьбай ініцыяваць гэтае пытанне.

Калі ўсе дзяржавы-члены гатовы разгледзець прапанову аб заключэнні такога дагавора, папярэдні аналіз яго эканамічнай мэтазгоднасці правядуць адпаведныя кансультатыўныя органы пры Калегіі ЕЭК. Перад магчымым заключэннем прэферэнцыйнага гандлёвага пагаднення праект прааналізуе сумесная даследчая група.

Рашэнне аб падпісанні, спыненні ці прыпыненні дзеяння міжнародных дагавораў прымае Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (ВЕЭС).

Сярод ключавых высноваў дакладу аб рэалізацыі Асноўных накірункаў міжнароднай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза на 2017 год: ЕАЭС праводзіць паслядоўны курс на ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва, а сфармiраваная сістэма міжнароднага ўзаемадзеяння дазваляе комплексна вырашаць задачы па пашырэннi геаграфіі і аб'ёму экспарту, а таксама прыцягненнi замежных інвестыцый і тэхналогій.

Членам ВЕЭС таксама прадстаўлены даклад аб рэалізацыі планаў лібералізацыі па асобных сектарах паслуг у рамках ЕАЭС.

Дакумент падрыхтаваны па выніках правядзення маніторынгу і кантролю за выкананнем планаў лібералізацыі ў 2016-2017 гадах кампетэнтнымі органамі дзяржаў Саюза і ЕЭК. Ён змяшчае вынікі параўнальнага аналізу рэгулявання ў краінах Саюза, працы профільных рабочых груп, а таксама абгрунтаванне прынятых рашэнняў з алгарытмам і рэкамендацыямі па рэалізацыі мерапрыемстваў кожнага плана лібералізацыі.

Урадам дзяржаў-членаў і Камісіі даручана актывізаваць працу па рэалізацыі гэтых планаў, якія былі зацверджаны рашэннем ВЕЭС у снежні 2016 года, а таксама ва ўсталяваныя тэрміны выканаць адпаведныя мерапрыемствы.

Унесены змены ў пералік сектараў (падсектараў) паслуг, па якіх у Саюзе функцыянуе адзіны рынак паслуг.

Да рашэння ВЕЭС такіх сектараў было 43. Пры гэтым у сферы гандлю паслугамі краіны Саюза раней паставілі стратэгічную мэту – да 2022 года перавесці ў адзіны рынак паслуг праз рэалізацыю планаў лібералізацыі яшчэ 18 сектараў, зацверджаных рашэннем ВЕЭС у снежні 2016 года.

Новае рашэнне ВЕЭС дазволіла дапоўніць рынак дзевяццю з 18 сектараў: паслугамі па вытворчасці і распаўсюджванню кіна- і відэафільмаў, па дэманстрацыі відэафільмаў, паслугамі, звязанымі з нерухомай маёмасцю – уласнай або той, якая арандуецца, паслугамі па арэндзе і лізінгу прагулачных судоў без аператара. У пералік таксама ўключаны паслугі ў галіне рэкламы, навуковыя кансультатыўныя паслугі ў частцы геалогіі, турыстычныя паслугі, паслугі па правядзенні навукова-даследчай працы.

З прыняццем гэтага рашэння ўжо 52 сектары паслуг будуць функцыянаваць у фармаце адзінага рынку. Яны прадастаўляюцца ў краінах ЕАЭС без абмежаванняў, выключэнняў і дадатковых патрабаванняў і ўмоваў; без дадатковага ўсталявання ў форме юрыдычнай асобы на тэрыторыі любой дзяржавы-члена; на падставе дазволу на пастаўку паслуг, атрыманага пастаўшчыком паслуг у сваёй краіне-удзельніцы; з аўтаматычным і безумоўным прызнаннем прафесійнай кваліфікацыі персаналу пастаўшчыка паслуг.

Такім чынам, да 2021 года больш за 60% аб'ёму паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржавах-членах, плануецца прадастаўляць па правілах адзінага рынку.

Створаны Саветы кіраўнікоў упаўнаважаных органаў дзяржаў-членаў ЕАЭС у сферах акрэдытацыі, стандартызацыі, аграпрамысловага комплексу і транспарту.

У новыя дапаможныя органы Саюза ўвойдуць кіраўнікі адпаведных нацыянальных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама члены Калегіі (міністры) ЕЭК, якія курыруюць гэтыя напрамкі дзейнасці. Саветы кіраўнікоў стануць дадатковымі пляцоўкамі для каардынацыі працы ў названых сферах эканомікі краін ЕАЭС.

Членам ВЕЭС прадстаўлены даклады аб першых выніках, якіх Рэспубліка Арменія і Кыргызская Рэспубліка дасягнулі за два гады ў ЕАЭС.

Найбольшыя эфекты Кыргызстан атрымаў ад свабоды руху рабочай сілы, тавараў і паслуг, што адбілася, у прыватнасці, на росце грашовых пераводаў у Кыргызстан ад кыргызскіх працоўных на тэрыторыі ЕАЭС (у 2016 годзе – 1,9 млрд долараў ЗША – амаль 30% ад ВУП і 102,3% ад даходаў краіны), росце аб'ёмаў экспартна-імпартных аперацый. Таксама павялічылася доля паслуг у структуры ВУП краіны.

У дакладзе па ўдзелу Арменіі ў ЕАЭС адзначаецца, што краіна, гарманічна ўбудаваўшыся ў працу Саюза, атрымлівае эканамічныя выгады. Так, дзякуючы «эфекту маштабу», аб'ём гандлю прамысловай прадукцыяй Арменіі і дзяржаў Саюза ў 2016 годзе вырас на 40,3%. А па выніках 2017 года – яшчэ на 57,4%. Дзяржавам ЕАЭС і ЕЭК даручана ўлічваць палажэнні дакладаў у працы пры вызначэнні далейшых напрамкаў развіцця інтэграцыі ў рамках ЕАЭС.