Вход
Новы Мытны кодэкс ЕАЭС набудзе сілу 1 студзеня 2018 года

Новы Мытны кодэкс ЕАЭС набудзе сілу 1 студзеня 2018 года

4247625.jpg
14.11.2017

Ратыфікацыя Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) будзе завершана да канца бягучага года. Сваю гатоўнасць садзейнічаць найхутчэйшаму падпісанню дакумента яшчэ раз пацвердзілі прэзідэнты краін Саюза, калі паставілі подпісы пад сумеснай заявай, падрыхтаванай па выніках Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 11 кастрычніка 2017 года.

У Беларусі і Расіі Мытны кодэкс ужо прыняты і адобраны ніжняй і верхняй палатамі заканадаўчых органаў улады гэтых краін – Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Федэральным сходам Расійскай Федэрацыі. Парламент Рэспублікі Казахстан – Мажыліс – таксама зацвердзіў дакумент.  У Арменіі ён адобраны Канстытуцыйным судом рэспублікі і праходзіць працэдуру ратыфікацыі ў Нацыянальным сходзе краіны. У Кыргызстане дакумент знаходзіцца на разглядзе ў рэспубліканскім Вярхоўным савеце – Жагарку Кенеш Кыргызскай Рэспублікі.

Мытны кодэкс ЕАЭС прыйдзе на змену дзеючаму з сярэдзіны 2010 года Мытнаму кодэксу Мытнага саюза.

Новае мытнае заканадаўства Саюза распрацавана з улікам сучаснага ўзроўню развіцця электронных тэхналогій, змяшчае ў сабе шмат навел, карысных для прадпрымальнікаў. Дзякуючы гэтаму асноватворнаму дакументу мытныя тэхналогіі будуць аблічбоўвацца.  МК ЕАЭС ліквідуе многія праблемы, якія накапіліся ў правапрымяняльнай практыцы. Новы кодэкс юрыдычна замацоўвае магчымасць для ўдзельніка ЗЭД пры наяўнасці электроннага лічбавага подпісу выконваць большасць аперацый са свайго камп'ютара праз Інтэрнэт, ва ўзаемадзеянні з інфармацыйнай сістэмай мытнага органа.

Адначасова з гэтым новае мытнае заканадаўства пазбавіць удзельнікаў ЗЭД неабходнасці прадстаўляць мытнаму органу дакументы, на падставе якіх была запоўненая электронная дэкларацыя. Прад'яўляць дакументы трэба будзе толькі ў тых выпадках, калі спрацуюць профілі рызыкі, і гэта будуць толькі тыя дакументы, якія вызначыць інфармацыйная сістэма, а не супрацоўнік мытні.

У шэрагу выпадкаў рашэнні аб рэгістрацыі дэкларацыі на тавары, сама рэгістрацыя, а таксама рашэнне аб выпуску тавараў могуць прымацца інфармацыйнымі сістэмамі аўтаматычна, без удзелу інспектара.

Згодна з новым кодэксам, час выпуску тавараў скараціцца да чатырох гадзін, у той час як стандартны час выпуску, зафіксаваны ў Мытным кодэксе Мытнага саюза, складае больш за суткі.

Новы кодэкс максімальна пераносіць мытны кантроль на этап пасля выпуску тавараў, а таксама дае магчымасць скарыстацца шэрагам адтэрміновак па выплаце мытных плацяжоў.

Пасля набыцця сілы Мытным кодэксам ЕАЭС сур'ёзна палепшыцца становішча ўдзельнікаў рынку, якія працуюць у статусе ўпаўнаважаных эканамічных аператараў, а новыя спецыяльныя спрашчэнні зробяць гэты статус яшчэ больш прывабным.

Новым кодэксам закладзены заканадаўчыя магчымасці для паўнавартаснага ўкаранення механізму «адзінага акна» у сістэму рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці, работа над якім таксама цяпер вядзецца ў ЕАЭС.

У сумеснай заяве адзначаецца, што пераносу даты набыцця сілы дакумента – з 1 студзеня 2018 года – не будзе, і грамадзянам, гаспадарчым суб'ектам і дзяржорганам краін Саюза неабходна рыхтавацца да работы ў новых умовах і загадзя арыентавацца на новы Мытны кодэкс ЕАЭС.