Вход
Фармат дагавора аб агульным электраэнергетычным рынку Саюза ўзгоднены на ўзроўні намеснікаў міністраў энергетыкі краін ЕАЭС

Фармат дагавора аб агульным электраэнергетычным рынку Саюза ўзгоднены на ўзроўні намеснікаў міністраў энергетыкі краін ЕАЭС

16.05.2018

Фармат міжнароднага дагавора аб агульным электраэнергетычным рынку (АЭР) Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і яго неўрэгуляваныя палажэнні абмеркавалі намеснікі кіраўнікоў упаўнаважаных органаў дзяржаў ЕАЭС у сферы энергетыкі. Іх нарада пад старшынствам члена Калегіі (міністра) па энергетыцы і інфраструктуры Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Эміля Кайкiева прайшла на пляцоўцы Камісіі.

Па выніках нарады бакі пагадзіліся, што міжнародны дагавор аб агульным электраэнергетычным рынку будзе прыняты ў форме ўнясення змяненняў у дзеючы Дагавор аб ЕАЭС, а менавіта ў Дадатак № 21 да яго. Такім чынам, мяркуецца, што ўсе асноўныя дамоўленасці па рынку будуць змяшчацца ў Дагаворы аб ЕАЭС, што адпавядае логіцы пабудовы асноўнага саюзнага дакумента.

Таксама дасягнуты шэраг дамоўленасцяў па асобных раней не ўрэгуляваных папраўках Дагавора аб ЕАЭС, якiя датычацца стварэння АЭР Саюза, у прыватнасці па адносінах з трэцімі дзяржавамі. Так, вызначана, што міждзяржаўная перадача электраэнергіі (магутнасці) у мэтах выканання абавязацельстваў у адносінах да суб'ектаў электраэнергетыкі трэціх дзяржаў будзе рэгулявацца заканадаўствам краіны-удзельніцы ЕАЭС, праз тэрыторыю якой ажыццяўляецца такая перадача.

Прынята таксама рашэнне забяспечыць адначасовае ўступленне ў сілу ўсіх правілаў функцыянавання агульнага электраэнергетычнага рынку Саюза, прадугледзеўшы адпаведнае даручэнне ў рашэнні Савета ЕЭК. Згодна з гэтым рашэннем дагавор аб агульным электраэнергетычным рынку будзе накіраваны ў дзяржавы-члены для правядзення працэдур, неабходных для яго падпісання.

Пры гэтым бакі працягваюць абмеркаванне некаторых палажэнняў, якія датычацца вызначэнняў «агульнага электраэнергетычнага рынку» і «міждзяржаўнай перадачы электрычнай энергіі», а таксама падзелу вертыкальна-інтэграваных структур. Гэтыя пытанні плануецца разгледзець на адным з пасяджэнняў Калегіі ЕЭК.

Акрамя таго, намеснікі кіраўнікоў энергетычных ведамстваў абмеркавалі шэраг пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай правілаў функцыянавання АЭР Саюза. А менавіта: магчымасці забеспячэння доступу да паслуг суб'ектаў натуральных манаполій ў сферы электраэнергетыкі праз камерцыйнага агента (упаўнаважаную арганізацыю), разліковай валюты і адзінага часу («сярэднееўрапейскага» або «маскоўскага») пры вызначэнні тэрмінаў здзяйснення дзеянняў на цэнтралізаваных таргах электрычнай энергіі на агульным электраэнергетычным рынку ЕАЭС. Таксама абмяркоўвалася вызначэнне ўнутраных патрэбаў у электрычнай энергіі дзяржаў-членаў Саюза. Бакі дамовіліся вярнуцца да разгляду гэтых пытанняў пасля дадатковай ацэнкі профільнымі экспертамі наступстваў прыняцця тых ці іншых рашэнняў.