Вход
Прэзідэнт Рэспублікі Малдова і Старшыня Калегіі ЕЭК абмеркавалі магчымасць прыняцця Мемарандума аб супрацоўніцтве

Прэзідэнт Рэспублікі Малдова і Старшыня Калегіі ЕЭК абмеркавалі магчымасць прыняцця Мемарандума аб супрацоўніцтве

17.01.2017
Магчымасці пашырэння і паглыблення эканамічных сувязяў Рэспублікі Малдова і краін Еўразійскага эканамічнага саюза абмяркоўваліся на сустрэчы Старшыні Калегіі ЕЭК Тыграна Саркісяна з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Прынята рашэнне аб падрыхтоўцы Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Рэспублікай Малдова.

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісян заявіў, што Еўразійская эканамічная камісія зацікаўлена ў аднаўленні традыцыйна пазітыўных і ўзаемавыгадных эканамічных кантактаў паміж Рэспублікай Малдова і краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). На яго думку, «развіццё дзелавога супрацоўніцтва, стварэнне максімальна спрыяльных умоў для вядзення бізнесу, зняцце бар'ераў і сінхранізацыя мытнага рэжыму дазволяць надаць новы імпульс эканоміцы нашых краін».

У сваю чаргу Прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон адзначыў, што «эканамічнае супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам аб'ектыўна выгадна для грамадзян Малдовы, і больш як 50 працэнтаў з іх выступаюць за больш шчыльную інтэграцыю з ім». Аднак ён падкрэсліў, што «ставіць пытанне – альбо супрацоўніцтва з Еўропай, альбо супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам – неперспектыўна. Мы, безумоўна, павінны знайсці агульныя інтарэсы і магчымасці для ўзаемадзеяння і з нашымі суседзямі – Еўрапейскім саюзам, і з нашымі сябрамі – стратэгічнымі партнёрамі з Еўразійскага саюза».

Тыгран Саркісян звярнуў асаблівую ўвагу Прэзідэнта Малдовы на тое, што прынцыпы дзейнасці ЕАЭС прадугледжваюць максімальны ўлік інтарэсаў кожнай дзяржавы- члена Саюза. «Усе нашы рашэнні на ўзроўні Савета, Міжурадавага савета і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прымаюцца на аснове кансенсусу, – адзначыў Тыгран Саркісян. – Гэта прымушае ўважліва ставіцца да эканамічнай сітуацыі ў кожнай з краін, шукаць агульныя для ўсіх пункты росту, сегменты і галіны эканомікі, якія валодаюць максімальным інтэграцыйным патэнцыялам. Асаблівая ўвага надаецца ў ЕАЭС фарміраванню адзінай прасторы чалавечага капіталу, вырашэнню пытанняў аб узаемным прызнанні дыпломаў, роўным бесперашкодным доступе да медыцынскага абслугоўвання».

Па выніках сустрэчы Прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон і Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісян прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы Мемарандума аб супрацоўніцтве. «Мы будзем гатовы падпісаць гэты дакумент сёлета ў першым квартале – да канца сакавіка», – адзначыў Ігар Дадон, яшчэ раз падкрэсліўшы, што задача мемарандума – абмяняцца інфармацыяй, вызначыць галіны магчымага ўзаемадзеяння і гарманізаваць падыходы.

У сваю чаргу Старшыня Калегіі ЕЭК падтрымаў прапанову малдаўскага боку, заявіўшы, што «падпісанне мемарандума дазволіць адказаць на многія пытанні, якія цікавяць сёння і бізнес, і нашых грамадзян – як мы зможам выбудаваць гандлёвыя ўзаемаадносіны, міграцыйныя патокі, якія рэжымы будуць створаны для грамадзян, як яны будуць перасякаць мяжу, уладкоўвацца на працу, камфортна жыць у краінах ЕАЭС».