Вход
Падпісана Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам

Падпісана Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам

17.05.2018

Часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС) і Ісламскай Рэспублікай Іран, падпісана 17 мая ў рамках Астанінскага эканамічнага форуму.

Свае подпісы пад пагадненнем паставілі Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Саркісян, Віцэ-прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Тыгран Авiнян, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі, Першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Казахстан Аскар Мамiн, Віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Замiрбек Аскараў, намеснік Старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Козак і міністр прамысловасці, шахтаў і гандлю Ісламскай Рэспублікі Іран Махамад Шарыятмадары.

Да цырымоніі падпісання была прымеркавана панэльная дыскусія «ЕАЭС – Іран: новыя перспектывы супрацоўніцтва ва ўмовах прэферэнцыяльнага гандлю», удзельнікі якой абмеркавалі эфекты ад заключэння пагаднення, новыя магчымасці, якія адкрываюцца для экспарцёраў з Саюза і Ірана, а таксама накірункі паглыблення супрацоўніцтва паміж бакамі.

Адкрываючы дыскусію, Тыгран Саркісян адзначыў, што дакумент стаў асаблівым для ЕАЭС, бо прадугледжвае два этапы стварэння зоны свабоднага гандлю (ЗСГ). На бягучым этапе будзе дзейнічаць Часовае пагадненне. За тры гады плануецца дамовіцца па поўнафарматным пагадненнi аб ЗСГ паміж ЕАЭС і Іранам. Пагадненне аб ЗСГ ахопіць ужо практычна ўсю таварную наменклатуру. У перспектыве тавараабарот можа павялічыцца да паўтарох разоў (150%).

Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян падзякаваў усім удзельнікам перамоўнага працэсу – прадстаўнікам пяці краін Саюза, бізнэс-супольнасцi і супрацоўнікам Камісіі, якія пад кіраўніцтвам міністра па гандлі ЕЭК Веранікі Нікішынай правялі «вельмі вялікую змястоўную і арганізацыйную працу і выйшлі на вынік, які задавальняе ўсе бакі пагаднення». А таксама іранскіх партнёраў – «за гнуткасць пры дасягненні такіх маштабных і прадметных дамоўленасцяў».

«Зараз у пагадненне уключаны першачарговы пералік тавараў, па якіх увазныя пошліны ва ўзаемным гандлі будуць паніжаны або ліквідаваны пасля ўступлення дакумента ў сілу, - распавёў Старшыня Калегіі ЕЭК. - Пагадненне ахоплівае 50% аб'ёму ўзаемнага гандлю, што, безумоўна, сведчыць аб значнасці і сур'ёзнасці дамоўленасцяў».

Тыгран Саркісян назваў некалькі асноўных пераваг, якія атрымаюць прадпрымальнікі краін Саюза і Ірана пасля ўступлення пагаднення ў сілу. Адной з такіх выгод з'яўляецца эканомія на выплаце ўвазных мытных пошлін.

Другая перавага – гэта празрыстае і прадказальнае асяроддзе ўзаемнага гандлю. «Апрача зніжэння імпартных пошлін, Часовае пагадненне прадугледжвае захаванне бакамі асноватворных прынцыпаў міжнароднага гандлю. Прапісана схема, аналагічная нормам СГА, што накладае абавязацельствы і патрабаванні на Іран, нягледзячы на ​​адсутнасць у нашых партнёраў членства ў СГА», асноватворных прынцыпаў міжнароднага гандлю. Прапісана схема, аналагічная нормам СГА, што накладае абавязацельствы і патрабаванні на Іран, нягледзячы на ​​адсутнасць у нашых партнёраў членства ў СГА», - паведаміў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Таксама дасягнута дамоўленасць не прымяняць неабгрунтаваныя нетарыфныя меры, якія абмяжоўваюць гандаль, у дачыненні да тавараў, якія пералічаны ў пагадненні.

Тыгран Саркісян заклікаў эканамічных аператараў актыўна выкарыстоўваць магчымасці і створанае рэгуляторнае асяроддзе. «Неабходна развіваць гандаль усёй прадукцыяй, паколькі гэта таксама будзе з'яўляцца ў сярэднетэрміновай перспектыве крытэрыем таго, якія тавары на другім этапе патрапяць у лібералізацыю», - звярнуўся да бізнэс-супольнасці Старшыня Калегіі ЕЭК.

Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Казахстан Аскар Мамiн падкрэсліў станоўчую дынаміку гандлёвага абароту Казахстана з Іранам у першым квартале 2018 года. «Рост аб'ёму гандлю яшчэ да ўступлення ў сілу пагаднення ў першым квартале павялічыўся на 72%», - распавёў Першы намеснік Прэм'ер-міністра.

Аскар Мамiн таксама адзначыў гатоўнасць Казахстана забяспечваць эфектыўную лагістыку для паставак тавараў з Ірана на рынак ЕАЭС і з Саюза ў Іран. У якасці прыкладу ён прывёў дзейсныя лагістычныя праекты ў сферы чыгуначнага транспарту і партовай інфраструктуры.

Віцэ-прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Тыгран Авiнян адзначыў добрасуседскія адносіны з Іранам, якiя склаліся гістарычна. «Арменія з'яўляецца адзінай краінай ЕАЭС, якая мае сухапутную мяжу з Іранам, і мы паспрабуем гэта выкарыстаць на выгоду рынку Арменіі, ЕАЭС і Ірана», - сказаў ён.

Тыгран Авiнян паведаміў, што ў супрацоўніцтва з Іранам будзе ўцягнута свабодная эканамічная зона (СЭЗ) «Мегры». Яна дае магчымасць арганізаваць на сваёй пляцоўцы сумесную вытворчасць. Вытворцы з Ірана могуць увозіць сыравіну ў СЭЗ і атрымліваць гатовую прадукцыю без бюракратычных працэдур для паставак на рынак ЕАЭС.

У якасці прыкладу супрацоўніцтва з Іранам прадстаўнік Арменіі прывёў ужо існуючы вопыт – Арменія вырабляе прадукты харчавання пад іранскія стандарты «халяль».

«Першы ўнікальны вопыт стварэння шматбаковых адносін з ІРІ з'яўляецца досыць перспектыўным. Мы дасягнулі вельмі добрых узаемных вынікаў», - заявіў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі.

Прадстаўнік Беларусі адзначыў значнасць пагаднення для рэалізацыі экспартнай стратэгіі рэспублікі. «Наш узаемны гандаль развіваецца даволі актыўна з 1993 года. У 2017 годзе ў тры разы вырас узаемны тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам. Вельмі пазітыўная дынаміка назіраецца і ў першым квартале 2018 года», - паведаміў Васіль Мацюшэўскі.
 
Акрамя традыцыйнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіваецца і інвестыцыйнае. Беларусь накіроўвае інвестыцыі ў машынабудаванне Ірана. Іран рэалізуе ў Беларусі шэраг буйных лагістычных праектаў.

Віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Замiрбек Аскараў зрабіў акцэнт на перавагах, якія атрымае рэспубліка пасля ўступлення ў сілу Часовага пагаднення. «Аб'ёмы гандлю паміж Іранам і Кыргызстанам пакуль невялікія, але назіраецца тэндэнцыя росту ўзаемнага гандлю. Кыргызстан можа пастаўляць у Іран макаронныя вырабы, сметанковае масла, электронныя лямпы напальвання і іншую прадукцыю», - паведаміў Замiрбек Аскараў. Ён адзначыў важнасць фіксацыі ў пагадненні абавязацельстваў бакоў па ўсталяванні рэжыму найбольшага спрыяння.

Намеснік Старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Козак усхвалiў падпісанне пагаднення. Ён назваў бізнэс яго асноўным бенефіцыярам. «У дакуменце прадугледжаны спецыяльны артыкул па ўсталяванні бізнэс-дыялогу. Дакладны фармат гэтай пляцоўкі будзе вызначаны ў бліжэйшы час з удзелам бізнэсу», - сказаў Дзмітрый Козак.

Міністр прамысловасці, шахтаў і гандлю Ісламскай Рэспублікі Іран Махамад Шарыятмадары адзначыў вялікі патэнцыял краін ЕАЭС і Ірана як суб'ектаў сусветнай эканомікі.

«Іран ставіць задачу спрасціць працэдуры экспарту, устараніць перашкоды, развіць лагістыку і ўсталяваць стабільныя гандлёва-эканамічныя адносіны паміж ЕАЭС і Іранам, - заявіў прадстаўнік рэспублікі. - Мы накiраваны на другі этап, які стане гарантам развіцця нашых адносін у будучыні».
 
Даведка

У пералік для ЕАЭС увойдуць мясная і маслатлушчавая прадукцыя, асобныя віды кандытарскіх вырабаў і шакаладу, а таксама металы, касметыка, асобныя віды электроннага і механічнага абсталявання.

Іранскаму боку будуць прадастаўлены тарыфныя прэферэнцыі па разгорнутым спісе прадуктаў харчавання, у першую чаргу, гародніне, садавіне, сухафруктах, а таксама будаўнічых матэрыялах, посудзе, дыванах, некаторых вырабах з каляровых металаў.

Па прамысловых таварах сярэдні ўзровень ставак увазных пошлін Ірана знізіцца з 22,4% да 15,4%, гэта значыць на 7 п.п., Саюза – з 8% да 4,7%, гэта значыць на 3,3 п.п. Па сельскагаспадарчых таварах Іран паменшыць пошліны ў сярэднім з 32,2% да 13,2%, гэта значыць на 19 п.п., Саюз – з 9,6% да 4,6%, гэта значыць на 5 п.п.