Вход
Падпісана Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР

Падпісана Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР

17.05.2018

Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС) і Кітайскай Народнай Рэспублікай (КНР) падпісана 17 мая ў рамках Астанінскага эканамічнага форуму.
 
Свае подпісы пад Пагадненнем аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР паставілі Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян, Віцэ-прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Тыгран Авiнян, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Казахстан Аскар Мамiн, Віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Замiрбек Аскараў, намеснік Старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Козак і міжнародны гандлёвы прадстаўнік КНР у статусе міністра Фу Цзыін.
 
На панэльнай дыскусіі «Як стварыць адзіную эканамічную прастору Еўразіі?» удзельнікі абмеркавалі эфекты ад падпісання пагаднення, варыянты далейшага развіцця ўзаемадзеяння, у прыватнасці ў рамках спалучэння ЕАЭС і кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях», а таксама новыя кааперацыйныя праекты, якія аб'ядноўваюць тэхналогіі, сыравіну і капіталы ўсіх краін Саюза і Кітая.
 
Тыгран Саркісян у сваім выступе падкрэсліў, што ўсе разлікі, аргументы, якімі кіраваўся ЕАЭС, сябе апраўдалі. «Перамоўны працэс даказаў актуальнасць усiх тэм, якія мы закраналі, і зацікаўленасць нашых краін у паглыбленні, пашырэнні ўзаемадзеяння з КНР», - заявіў ён.
 
Тавараабарот паміж краінамі ЕАЭС і Кітаем у 2017 годзе склаў больш за 100 млрд долараў ЗША. Прычым экспарт з ЕАЭС у КНР у мінулым годзе вырас на 40%. Для краін Саюза прынцыпова важная дыверсіфікацыя экспарту. Сёння гэта не толькі сыравінныя тавары, але i ў тым ліку прадукцыя машынабудавання.
 
Старшыня Калегіі ЕЭК адзначыў, што сёння ў сусветнай эканоміцы рухаючай сілай з'яўляецца Азія, і ўсе краіны ЕАЭС зацікаўлены ў выхадзе на гэты рынак. «Павелічэнне спажывання ў КНР у рамках новай канцэпцыі эканамічнага росту з арыентацыяй на ўнутранае спажыванне азначае, што нашы гаспадарчыя суб'екты павінны быць гатовы нарошчваць экспарт у Кітайскую Народную Рэспубліку і ў цэлым у азіяцкі рэгіён, - лічыць ён. - Мы павінны навучыцца жыць у рэальнасці моцнай канкурэнцыі».
 
Пагадненне адкрывае новыя магчымасці для гаспадарчых суб'ектаў краін Саюза. «Выявіўшы свае параўнальныя перавагі ў гэтых канкурэнтных умовах, мы задаём ім вельмі выразныя рамкі ўзаемадзеяння, хоць гэта і непрэферэнцыяльнае пагадненне. Новыя рамкі, закладзеныя ў гэтым пагадненні, як нам здаецца, могуць стымуляваць эканамічны рост нашых краін і рэалізаваць нашы стратэгічныя перавагі», - падкрэсліў Тыгран Саркісян. На яго думку, гэтыя рамкі надаюць магутны стымул рэалізацыі канкрэтных мегапраектаў, дамоўленасць аб якіх была дасягнута на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў маі бягучага года.
 
Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Казахстан Аскар Мамiн зрабіў асаблівы акцэнт на супрацоўніцтве з Кітаем у сферы развіцця транспартнай інфраструктуры. «За апошнія гады Казахстан актыўна інвестыраваў і правёў маштабную мадэрнізацыю сваёй транспартнай інфраструктуры. Гэта датычыцца і будаўніцтва аўтамабільных дарог. Участак калідора Заходняя Еўропа – Заходні Кітай завершаны два гады таму. Зараз чакаем, калі будзе скончаны расійскі ўчастак, і гэта будзе адзін калідор, які звяжа Заходні Кітай і Заходнюю Еўропу транзітам праз нашы краіны», - распавёў Аскар Мамiн.
 
Іншы напрамак – гэта развіццё чыгуначнай інфраструктуры. Да 2020 года Казахстан плануе атрымліваць 5 млрд дол. ЗША ад транзіту па яго тэрыторыі. Ён адзначыў, што па гэтым праекце ў рамках ЕАЭС Казахстан ужо працуе з Расійскай Федэрацыяй і з Рэспублікай Беларусь і выказаў надзею, што Кыргызстан і Арменія таксама далучацца.
 
«У кантэксце ЕАЭС уяўляецца, што зладжанасць узаемадзеяння нашых краін і пашырэнне міжнароднага і шматфарматнага супрацоўніцтва Саюза з трэцімі краінамі – гэта тая будучыня, да якой мы павінны імкнуцца», - заявіў Віцэ-прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Тыгран Авiнян. Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што інтэграцыя ў рэгіёне становіцца больш глабальнай. Да гэтага працэсу можа далучыцца і Еўропа.
 
Ён таксама звярнуў увагу, што Арменія на працягу многіх стагоддзяў з'яўлялася звяном Шаўковага шляху. «На дадзены момант мы таксама ўдзельнічаем у праекце Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, у тым ліку будуюцца дарогі ў рамках праекта Поўнач – Поўдзень, рэалізуецца палітыка адкрытага неба і шэраг іншых праектаў», - паведаміў Тыгран Авiнян.
Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што Беларусь традыцыйна з'яўляецца прыхільнікам рознаўзроўневай і рознахуткаснай інтэграцыі, эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама інтэграцыі інтэграцый паміж ЕС, ЕАЭС і КНР, што можа стаць адказам на глабальныя выклікі. Асновай для такой інтэграцыі з'яўляецца глабальны інфраструктурны праект. «Наша задача – стварыць эфектыўны транспартна-лагістычны калідор», - растлумачыў ён. «З нашага пункту гледжання магчымы максімальны эфект, калі мы будзем казаць аб стварэнні лічбавых транспартна-лагістычных калідораў і, у першую чаргу, калідора Захад – Усход», - паведаміў Васіль Мацюшэўскі.
 
Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь распавёў, што Беларусь у рамках ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях» сумесна з КНР ужо рэалізавала праект па стварэнні беларуска-кiтайскага індустрыяльнага парку, які будзе глабальным хабам з элементамі цыфравізацыі. У склад удзельнікаў гэтага парку таксама ўвайшоў еўрапейскі хаб. Такім чынам, ствараецца аснова для інтэграцыі інтэграцый, лічыць Васіль Мацюшэўскі.
 
Віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі Замирбек Аскараў канстатаваў, што Кітай з'яўляецца значным інвестыцыйным партнёрам Кыргызстана, якi паспяхова рэалізуе праекты ў краіне на працягу многіх гадоў. У рэспубліцы ўжо дзейнічае больш за 400 прадпрыемстваў з удзелам Кітая, актыўна ажыццяўляецца супрацоўніцтва ў розных галінах прамысловасці, уключаючы сферу абслугоўвання, перапрацоўчую, горназдабываючую прамысловасць, сельскую гаспадарку. «Мяркую, што сённяшняе заключэнне пагаднення будзе спрыяць супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі ва ўсіх сектарах», - падагульнiў Віцэ-прэм'ер-міністр Кыргызскай Рэспублікі.
 
Намеснік Старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Козак назваў падпісанае пагадненне паміж Саюзам і КНР гістарычным, паколькі яно забяспечвае такія механізмы ўзаемадзеяння па розных напрамках дзяржаўнага рэгулявання, якія дазваляюць максімальна ўлічваць інтарэсы Саюза ў цэлым і кожнай краіны ў асобнасці, а таксама інтарэсы бізнэсу, празрыстасць і прадказальнасць рэгулявання на нацыянальным і на наднацыянальным узроўнях, у ім знайшлі адлюстраванне пытанні тэхнічнага, санітарнага і фітасанітарнага рэгулявання, мытнага ўзаемадзеяння. «Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэта пагадненне стане надзейным падмуркам для далейшага будаўніцтва Вялікага еўразійскага партнёрства, якое без КНР не выбудаваць», - рэзюмаваў Дзмітрый Козак.
 
Намеснік Старшыні ўрада РФ падкрэсліў, што для Расіі Кітай з'яўляецца вядучым гандлёва-эканамічным партнёрам. «Такога разнапланавага механізму каардынацыі, як з КНР, напэўна, няма ні ў адной краіны свету», - паведаміў Дзмітрый Козак.
 
Міжнародны гандлёвы прадстаўнік Кітая Фу Цзыін адзначыў, што пяць гадоў таму Сі Цзіньпін выступіў з ініцыятывай «Адзін пояс – адзін шлях», а сёння на фоне дэглабалiзацыi і пратэкцыянізму падпісана шматбаковае пагадненне. «Супрацоўніцтва ў рамках праектаў «Адзін пояс – адзін шлях» і ЕАЭС з'яўляецца ключавым напрамкам нашага ўзаемадзеяння. Гэта не толькі вельмі важна для спрашчэння гандлёвых працэдур паміж нашымі краінамі. Я думаю, што такое падпісанне мае вялікае значэнне для садзейнічання росту эканомікі нашых краін і павышэнню стандарту жыццёвага ўзроўню нашых народаў», - падкрэсліў Фу Цзыін.
 
Прадстаўнік Кітая зрабіў акцэнт на прыярытэце супрацоўніцтва бакоў у сферы электроннага гандлю. На яго думку, у эпоху лічбавай эканомікі будуць стварацца добрыя ўмовы для будучага гандлю паміж Кітаем і членамі ЕАЭС.
 
«У падпісаным пагадненні пазначаны цэлы набор сектараў, якія з'яўляюцца важнымі як для краін ЕАЭС, так і для КНР у будучыні. Супрацоўніцтва павінна даць адказ на пытанне, якой будзе восевая лінія ўзаемадзеяння ЕАЭС і Кітая на доўгую перспектыву, паколькі інфраструктура – гэта амаль назаўжды», - падвёў вынікі дыскусіі яе мадэратар, прэзідэнт Дзелавога савета ЕАЭС Віктар Хрысценка.