Вход
Савет ЕЭК прыняў тэхрэгламент Саюза аб бяспецы газу і ўдакладніў патрабаванні да маркіроўкі харчовых прадуктаў

Савет ЕЭК прыняў тэхрэгламент Саюза аб бяспецы газу і ўдакладніў патрабаванні да маркіроўкі харчовых прадуктаў

17.09.2018
На пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) 14 верасня прыняты рашэнні ў сферах гандлю, цыфравізацыі эканомікі, прамысловасці, фінансавай палітыкі і тэхнічнага рэгулявання.

Савет ЕЭК, у прыватнасці, зацвердзіў «дарожныя карты» па рэалізацыі Часовага пагаднення, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС) і Іранам, і Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і Кітаем; ухваліў Парадак узаемадзеяння паміж краінамі Саюза і Камісіяй па пытаннях устаранення абмежавальных мер у гандлі з трэцімі бакамі, працягнуў тэрмін дзеяння нулявой стаўкі ўвазной мытнай пошліны на рухавікі ўнутранага згарання для зборкі «Белазаў», разгледзеў інфармацыю па рэалізацыі лічбавага парадку ЕАЭС.

Савет ЕЭК прыняў тэхрэгламент ЕАЭС «Аб бяспецы газу гаручага прыроднага, падрыхтаванага да транспартавання і (або) выкарыстання». Тэхрэгламент усталёўвае патрабаванні бяспекі да гаручага прыроднага газу: падрыхтаванага да транспартавання па магістральных газаправодах; прамысловага і камунальна-бытавога прызначэння; кампрымаванага, падрыхтаванага для выкарыстання ў якасці паліва для рухавікоў унутранага згарання; да таго, які звадкаваны пасля спецыяльнай падрыхтоўкі і выкарыстоўваецца ў якасці паліва. У дакуменце вызначаны ў тым ліку параметры ўтрымання ў газе серавадароду, кіслароду, дыяксіду вугляроду, меркаптанавай і агульнай серы, механічных прымесяў.

Прапісаны правілы абарачэння блакітнага паліва на рынку ЕАЭС. У прыватнасці, кожная партыя газу павінна суправаджацца пашпартам якасці з дакладна вызначаным пералікам інфармацыі, уключаючы звесткі аб вытворцы, нарматыўныя і фактычныя значэнні паказчыкаў газу, вынікі лабараторных выпрабаванняў, адзіны знак абарачэння прадукцыі на рынку ЕАЭС. Таксама ў краінах Саюза ўніфікуюцца нормы і стандарты на газ, што забяспечыць свабодны доступ удзельнікаў агульнага рынку газу ЕАЭС да біржавых таргоў на таварных рынках дзяржаў-членаў і да нацыянальных газатранспартных сістэм для бесперашкоднай транспарціроўкі газу паміж саюзнымі краінамі.

Прыняцце тэхрэгламенту «Аб бяспецы газу гаручага прыроднага, падрыхтаванага да транспартавання і (або) выкарыстання» з'яўляецца важным этапам фарміравання ў Саюзе агульнага рынку газу. Дакумент уступіць у сілу з 1 студзеня 2022 года.

Прыняты змяненні ў тэхрэгламент Саюза «Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі». Савет ЕЭК удакладніў патрабаванні да маркіроўкі прадуктаў, што забяспечыць лепшую чытэльнасць і ўспрыманне інфармацыі на спажывецкіх упакоўках.

У прыватнасці, удакладнены крытэрыі паняццяў «лёгкачытэльнасць», «зразумеласць», вызначаны патрабаванні да вышыні шрыфта, якім паказваюцца асобныя звесткі пры маркіроўцы харчовай прадукцыі, уведзены патрабаванні да размяшчэння на ўпакоўцы звестак аб прыдуманай назве харчовай прадукцыі. Напрыклад, звесткі аб даце вырабу і тэрміне прыдатнасці паказваюцца шрыфтам вышынёй не менш за 2 мм малой літары.

Крытэрыямі лёгкачытэльнасці з'яўляюцца выразнасць і пераборлівасць шрыфта, які выкарыстоўваецца ў маркіроўцы, а таксама кантраст паміж колерам фону і колерам нанесенай на яго інфармацыі, якія забяспечваюць магчымасць яе чытання без прымянення спецыяльных аптычных прыстасаванняў (за выключэннем акуляраў або кантактных лінзаў). Крытэрыем «зразумеласці» – адназначнасць перадачы сэнсу інфармацыі аб прадукце ў форме тэксту альбо тэксту і малюнку.

Удакладняюцца таксама патрабаванні да размяшчэння на спажывецкай упакоўцы звестак аб харчовай прадукцыі, якая не змяшчаецца ў спажывецкай упакоўцы ці не была выкарыстана пры вытворчасці харчовай прадукцыі або кампанентаў харчовай прадукцыі, якая знаходзіцца ў спажывецкай упакоўцы, або смак, водар якой не імітуюцца кампанентамі, якія ўваходзяць у склад такой прадукцыі.

Рашэнне Савета ЕЭК дазволіць грамадзянам краін Саюза больш правільна выбіраць прадукты.

Прадугледжаны тэрмін увядзення ў дзеянне змяненняў, якія ўносяцца ў тэхрэгламент, – па заканчэнні 180 каляндарных дзён з даты іх афіцыйнага апублікавання. Таксама для паступовага пераходу на новую ўпакоўку мяркуецца пераходны перыяд – не менш за 24 месяцы з дня ўступлення ў сілу змяненняў у тэхрэгламент ЕАЭС.

Савет ЕЭК зацвердзіў новую тэхплатформу ў сферы распрацоўкі і вытворчасці святлотэхнічнага абсталявання «Еўразійская святлотэхнічная платформа». З гэтай мэтай ухвалены змяненні ў распараджэнне Савета ЕЭК № 32 ад 18 кастрычніка 2016 года «Аб зацвярджэнні Палажэння аб фарміраванні і функцыянаванні еўразійскіх тэхналагічных платформаў (ЕТП)». Зацверджаная платформа стала чатырнаццатай у ЕАЭС.

Асноўныя напрамкі працы новай платформы – распрацоўка сучаснага абсталявання і інавацыйных тэхналогій для вытворчасці святлотэхнічнай прадукцыі, а таксама энергазберагальнага святлотэхнічнага абсталявання для харчовых і перапрацоўчых вытворчасцяў аграпрамысловага комплексу Саюза. Акрамя гэтага, аб'яднанне будзе прадстаўляць інтарэсы ўдзельнікаў ЕТП ва ўпаўнаважаных органах краін Саюза і міжнародных арганізацыях, зоймецца ацэнкай узроўню патэнтнай абароны тэхналогій, якія распрацоўваюцца, і арганізацыяй профільных адукацыйных і дзелавых мерапрыемстваў.

Еўразійская святлотэхнічная платформа, у дадатак да вузкапрофільнай святлодыёднай, будзе спрыяць стварэнню ў ЕАЭС сумесных праектаў і комплекснай вытворчасці сістэм асвятлення на аснове ўсіх відаў крыніц святла: натрыевых, галагенных, люмінесцэнтных і іншых свяцільняў.

Заснавальнікамі платформы выступілі Расійскі навукова-даследчы святлотэхнічны інстытут імя С.І. Вавілава і шэраг вытворцаў святлотэхнічнай прадукцыі краін ЕАЭС.

Віцэ-прэм'еры краін Саюза падпісалі Пагадненне аб гарманізацыі заканадаўства дзяржаў-членаў ЕАЭС у сферы фінансавага рынку. Пагадненне вызначае напрамкі і парадак гарманізацыі заканадаўства краін ЕАЭС у банкаўскім, страхавым сектарах і сектары паслуг на рынку каштоўных папер на аснове міжнародных прынцыпаў і стандартаў. Дакумент неабходны для стварэння агульнага фінансавага рынку і ўзаемнага прызнання ліцэнзій у краінах Саюза. Працэс збліжэння нацыянальных нормаў павінен завяршыцца да 2025 года.

Мяркуецца, што ў бліжэйшы час пагадненне таксама падпішуць кіраўнікі цэнтральных і нацыянальных банкаў дзяржаў-членаў ЕАЭС.

На працягу дзевяці месяцаў з дня ўступлення ў сілу пагаднення бакі сумесна з ЕЭК распрацуюць «дарожную карту» па збліжэнні нормаў, прадугледжаных нацыянальным заканадаўствам у фінансавай сферы.

Савет ЕЭК даручыў Калегіі сумесна з органамі ўлады краін ЕАЭС і ўдзельнікамі рынку прапрацаваць пытанне стварэння еўразійскага ювелірнага брэнда, арыентаванага на экспарт.

Для гэтага на пляцоўцы ЕЭК будзе працаваць праектная каманда, якая прадставіць прапановы па спецыялізацыі дзяржаў-членаў, найменні таварнага знака і стратэгіі прасоўвання брэнда ў трэціх краінах, па стандартах і правілах, якія будуць прымяняцца ў дачыненні да прадукцыі, распрацаванай пад маркай еўразійскага брэнда, і ў дачыненні да ўдзельнікаў праекта, па неабходнай інфраструктуры, лічбавых і інфармацыйных рашэннях, а таксама па ўнясенні змяненняў у заканадаўства краін Саюза для абароны інтарэсаў удзельнікаў рынку і зніжэння іх выдаткаў.

Камісія запрашае зацікаўленых удзельнікаў рынка далучыцца да працы праектнай каманды.