Вход
У ЕАЭС узгоднены сістэмныя падыходы да ўвядзення маркіроўкі тавараў

У ЕАЭС узгоднены сістэмныя падыходы да ўвядзення маркіроўкі тавараў

17.07.2020
Прэм'ер-міністры краін Еўразійскага эканамічнага саюза ўзгаднілі сістэмныя падыходы да ўвядзення маркіроўкі тавараў, незалежна ад віду прадукцыі і ўзроўню ўкаранення маркіроўкі – на ўвесь Саюз, на некалькі дзяржаў або на ўзроўні адной дзяржавы.
 

Прынята распараджэнне ЕМУС «Аб ходзе рэалізацыі пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС ад 2 лютага 2018 года і далейшым развіцці сістэмы маркіроўкі тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС».

Дакументам устаноўлены тэрмін унясення дзяржавамі-членамі апавяшчэнняў аб намеры ўвесці маркіроўку на сваёй тэрыторыі – не пазней за дзевяць месяцаў да забароны на абарачэнне немаркіраванай прадукцыі. Акрамя таго, дадзена даручэнне Савету Еўразійскай эканамічнай камісіі – зацвердзіць базавую арганізацыйную і тэхналагічную мадэль сістэмы маркіроўкі, якая будзе прымяняцца ў далейшым у дачыненні да новых груп тавараў, якія маркіруюцца. Такім чынам, атрымаецца не дапусціць узнікнення бар'ераў на рынку Саюза, звязаных з рознымі стандартамі нацыянальных сістэм маркіроўкі.

Таксама распараджэнне ЕМУС акцэнтуе ўвагу дзяржаў-членаў на неабходнасці пазбягаць залішняй нагрузкі на бізнес пры наяўнасці іншых сістэм кантролю, акрамя маркіроўкі. Для гэтага прапануецца на нацыянальным узроўні аптымізаваць патрабаванні адпаведных механізмаў.

Падчас пасяджэння Міжурадсавета бакі абмеркавалі прапанову Расійскай Федэрацыі аб увядзенні маркіроўкі малочнай прадукцыі і дамовіліся працягнуць працу ў рамках працэдур, устаноўленых Пагадненнем аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі.

Даведка

Пагадненне аб маркіроўцы тавараў, якое ўступіла ў сілу ў сакавіку 2019 года, з'яўляецца рамачным дакументам, які вызначае асноўныя правілы ўвядзення адзінай маркіроўкі ў дачыненні да ўзгодненай групы тавараў на тэрыторыі Саюза.

Разам з тым ужо прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў Саюза ў сферы маркіроўкі. Гэта Рашэнні Савета Камісіі, якія ўстанаўліваюць патрабаванні і парадак увядзення маркіроўкі ў дачыненні да прадметаў адзення з футра (рашэнні ад 23 лістапада 2015 года № 70, ад 2 снежня 2015 года № 86); Рашэнне Савета Камісіі ад 8 жніўня 2019 года № 72 «Аб увядзенні маркіроўкі абутковых тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі»; Рашэнні Савета Камісіі аб увядзенні маркіроўкі ў дачыненні да духоў і туалетнай вады, шын і пакрышак новых, асобных пазіцый лёгкай прамысловасці, а таксама фотакамер і фотаўспышак (Рашэнні Савета Камісіі ад 18 лістапада 2019 года №№ 127, 128, 129 і 130).​​