Вход
Падоўжаны тэрміны часовага ўвозу аўтамабіляў у ЕАЭС

Падоўжаны тэрміны часовага ўвозу аўтамабіляў у ЕАЭС

18.05.2020

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі падоўжыў да 30 верасня бягучага года для фізічных асоб тэрміны часовага знаходжання аўтамабіляў і іншых транспартных сродкаў на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.


Такім чынам, грамадзяне, якія часова завезлі аўтамабілі і іншую тэхніку, да 30 верасня вызвалены ад абавязку іх зваротнага вывазу з ЕАЭС і, адпаведна, яны не трапяць пад адміністрацыйныя меры і выплату мытных плацяжоў.


Рашэнне таксама датычыцца грамадзян, якія прыехалі з Калінінградскай вобласці на сваіх аўтамабілях, «размытненых у ільготным парадку», і не маглі вярнуцца дадому.

Таксама Савет прыпыніў да 30 верасня ход 18-месячнага тэрміну, калі магчымы ільготны бяспошлінны ўвоз у Саюз асабістай маёмасці замежнымі грамадзянамі, якія атрымалі статус асобы, якая перасялілася на пастаяннае месца жыхарства ў ЕАЭС, бежанца, вымушанага перасяленца.


Рашэнне распаўсюджваецца на выпадкі, якія ўзніклі або ўзнікнуць з 1 сакавіка па 30 верасня бягучага года.


Прыняцце рашэння выклікана немагчымасцю грамадзян рэалізаваць свае правы і выканаць абавязкі ў сувязі з прынятымі ў ЕАЭС мерамі па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.