Вход
Урадам краін ЕАЭС даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак

Урадам краін ЕАЭС даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак

19.05.2020

На саміце кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза разгледжана рэалізацыя Праграмы лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак грузаў у краінах ЕАЭС. Урадам краін Саюза даручана забяспечыць рэалізацыю мерапрыемстваў, прадугледжаных трэцім этапам Праграмы.


На сённяшні дзень не ўсе дзяржавы ЕАЭС своечасова правялі адпаведныя мерапрыемствы. Арменія і Кыргызстан заявілі аб гатоўнасці да запуску трэцяга этапу праграмы. Беларусь ужо прыступіла да яго рэалізацыі: у пачатку гэтага года на яе тэрыторыі ажыццёўлены дзевяць кабатажных перавозак. Расія яшчэ не ўнесла змяненні ў заканадаўства, якія дазваляюць перавозчыкам іншых краін Саюза здзяйсняць кабатажныя перавозкі па яе тэрыторыі.


Ключавая задача праграмы – скараціць парожнія прабегі, знізіць транспартныя выдаткі спажыўцоў паслуг грузавога аўтамабільнага транспарту. Усё гэта станоўча паўплывае і на ўзаемны гандлёвы абарот краін ЕАЭС. Пры гэтым першапачаткова Праграма лібералізацыі кабатажных перавозак была ўзгоднена Беларуссю, Расіяй і Арменіяй, затым да яе далучыўся Кыргызстан. Казахстан будзе ўдзельнічаць у Праграме з 2025 года. Яе зацвердзілі прэзідэнты краін ЕАЭС у маі 2015 года. Яна разлічана на перыяд з 2016 па 2025 гады і складаецца з некалькіх этапаў.


Выкананне праграмы неаднаразова разглядалася на Кансультатыўных камітэтах па транспарце і інфраструктуры Камісіі і Савеце кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне транспарту дзяржаў Саюза, на пасяджэннях Еўразійскага міжурадавага савета і кіраўнікоў дзяржаў Саюза, па выніках якіх адзначалася неабходнасць паскорыць у краінах Саюза прыняцце мер, неабходных для пачатку рэалізацыі праграмы.​