Вход
Прэм'ер-міністры краін ЕАЭС абмеркавалі фарматы і механізмы ўзаемадзеяння ў лічбавай сферы

Прэм'ер-міністры краін ЕАЭС абмеркавалі фарматы і механізмы ўзаемадзеяння ў лічбавай сферы

02.02.2018
 
Лічбавы парадак Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), стварэнне сумеснай праграмы лічбавай трансфармацыі і прасторы электроннага даверу, узаемадзеянне ў пытаннях прымянення крыптавалюты абмеркавалі кіраўнікі ўрадаў краін Саюза ў рамках форума «Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі» 2 лютага ў Алматы (Рэспубліка Казахстан). Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева. У яго сесіях прынялі ўдзел члены Калегіі (міністры) Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), афіцыйныя дэлегацыі Азербайджана і Таджыкістана, а таксама прадстаўнікі шэрага буйных міжнародных IT-кампаній.

Аб'яднанне намаганняў у пытаннях лiчбавізацыі дасць сінэргетычны эфект для развіцця ЕАЭС, гаворыцца ў прывітальным слове Нурсултана Назарбаева. Адзначана, што наяўнасць агульнага рынка Саюза патрабуе выпрацоўкі сумесных падыходаў і мер у пытаннях лiчбавізацыі.

Прадстаўляючы нацыянальны лічбавы парадак, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Карэн Карапецян распавёў аб актыўным развіцці інфармацыйных тэхналогій у краіне. Штогадовы прырост у гэтай галіне складае каля 25% ужо некалькі гадоў. Па выніках 2017 года ён павінен дасягнуць 28-30%. Вызначаны шэсць ключавых накірункаў лічбавага развіцця Арменіі: лічбавы ўрад, кібербяспека, прыватны сектар, інстытуцыянальная аснова, лічбавыя навыкі і інфраструктура. Да 2030 года ў Арменіі плануецца дасягнуць 100% цыфравізацыі ва ўзаемаадносінах дзяржава - бізнес, і 80% – па лініі прадастаўлення паслуг грамадзянам.

«Лічбавая трансфармацыя – не толькі крок да тэхналагічнага прагрэса, гэта адзіны шанец стаць у самыя кароткія тэрміны дзяржавай з эфектыўнай сістэмай кіравання эканомікай, - упэўнены Карэн Карапецян. - Тут альтэрнатывы няма».

На думку Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Кабякова, ні адна краіна ў свеце не можа ў адзіночку даць адказ на сучасныя выклікі ў сферы высокіх тэхналогій. «Толькі скаардынаваныя сумесныя дзеянні ў рамках рэалізацыі нашага агульнага лічбавага парадку дазволяць нам ўмацавацца на лідэрскіх пазіцыях як у маштабах еўразійскага кантынента, так і ў свеце», - лічыць Андрэй Кабякоў.

У сувязі з гэтым Беларусь прапануе разглядзець дзве ініцыятывы. Першая – інтэграцыя лічбавай інфраструктуры краін ЕАЭС, якая прадугледжвае не толькі ўвядзенне адзіных стандартаў, але і агульнае кіраванне фізічнай інфраструктурай, фарміраванне паўнавартасных лічбавых транспартных калідораў у напрамку ўсход - захад.

Другая ініцыятыва заключаецца ў пераходзе ад узгодненай палітыкі ў лічбавай сферы да адзінай стратэгіі краін-удзельніц Саюза. «Прапануем распрацаваць агульную праграму лічбавай трансфармацыі ЕАЭС, прычым не на ўзроўні агульных прынцыпаў і падыходаў – яны і так зразумелыя, а з канкрэтнымі мерапрыемствамі і тэрмінамі іх рэалізацыі, - адзначыў кіраўнік урада Беларусі. - Толькі ў гэтым выпадку мы зможам казаць пра сапраўдную, а не дэкларатыўную інтэграцыю ў лічбавай сферы».

У Беларусі ўжо вызначылі лічбавую трансфармацыю ключавым прыярытэтам нацыянальнага развіцця. Стратэгія краіны будуецца на трох асноўных палажэннях: стварэнне максімальна прывабных умоў для працы перадавых IT-кампаній, татальнае ўстараненне бар'ераў для ўкаранення найноўшых тэхналогій, фарміраванне экасістэмы інавацый. У прыватнасці, Андрэй Кабякоў паведаміў аб стварэнні Парка інфармацыйных тэхналогій з ільготнымі ўмовамі для бізнесу і аб легалізацыі бізнесу на аснове блокчэйна і крыптавалют.

Пра важнасць рэалізацыі сумеснага лічбавага парадку казаў і Прэм'ер-міністр Кыргызскай
Рэспублікі Сапар Ісакаў. Паводле яго слоў, ён дазволіць аб'яднаць і эфектыўна каардынаваць намаганні для дасягнення агульных мэт у лічбавай сферы, спрыяе рэгіянальнаму развіццю, павышэнню канкурэнтаздольнасці краін-удзельніц, росту дабрабыту грамадзян.

Сапар Ісакаў нагадаў, што ў Кыргызстане распрацавана агульнанацыянальная праграма лічбавай трансфармацыі «Таза Коом». «Яна дазволіць нам аптымізаваць дзяржаўныя выдаткі, павялічыць прыбытковую частку бюджэту, выкараніць пэўныя карупцыйныя элементы», - адзначыў кіраўнік урада Кыргызстана. Ён таксама паведаміў, што ідзе прапрацоўка магчымасці прымяняць крыптавалюту ў дзяржзакупках.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Казахстан Бакытжан Сагiнтаеў у сваім выступленні падкрэсліў, што, хоць кожная краіна Саюза па-свойму рухаецца ў развіцці высокіх тэхналогій, важна, каб была магчымасць інтэгравацца ў лічбавай сферы. «Мы ў сябе часта сутыкаемся з тым, што нават тыя праграмы, якія прыняты ў розных нашых міністэрствах, паміж сабой не інтэгрыруюцца, - сказаў кіраўнік урада Казахстана. - А калі мы вядзем гаворку пра інтэграцыю ў рамках адзінай лічбавай платформы ЕАЭС, дык тут нам трэба вельмі сур'ёзна задумацца, якім чынам мы будзем усё гэта аб'ядноўваць. Тут важна, напэўна, ствараць найлепшыя ўмовы для тэхналагічнага прадпрымальніцтва».

Кіраўнік урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў пра неабходнасць надзейнага, няцяжкага і празрыстага рэжыма рэгулявання лічбавых працэсаў, прычым на трансгранічным узроўні. Важнай задачай пры гэтым будзе супрацьдзеянне хакерскім атакам, кiбермахлярству і тэрарыстычнай дзейнасці.

На думку Дзмітрыя Мядзведзева, у лічбавую інтэграцыю ў рамках Саюза можна ўключыць тры элементы. Першы, пад умоўнай назвай ЕАЭС Data X, – адзіная падсістэма перадачы і абмену дадзенымі ў электронным выглядзе. Гэта платформа, якая можа выкарыстоўвацца для абмену інфармацыяй, а ў выніку – для абмену юрыдычна значнымі пратаколамі паміж прыватнымі кампаніямі.

Другі элемент – ЕАЭС ID – адзіная прастора электроннага даверу. Яна ўключае ў сябе сервісы ідэнтыфікацыі, аўтэнтыфікацыі, аўтарызацыі, лічбавага архіва. Гэта дазволіць, напрыклад, выдаваць даведкі грамадзянам адной краіны на тэрыторыі іншай у лічбавым фармаце.

Трэці элемент – ЕАЭС Geo – гэта геаінфармацыйная сістэма і сервісы картаграфічнай асновы, якія спрыяюць спрашчэнню кантроля за транспарціроўкай і наглядам за таварамi.

«Вось такія інструменты створаць контур нашага ўзаемадзеяння, - сказаў Старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі. – Вядома, нам прыйдзецца дамовіцца і аб агульных стандартах, аб увязцы нацыянальных рашэнняў. Мы свае кампетэнцыі гатовы даць усім нашым сябрам і партнёрам на практычна бязвыплатнай аснове».

Гаворачы аб крыптавалюце, Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што яе рэгуляванне не можа рэалізоўвацца ў рамках толькі адной краіны і павінна быць наднацыянальным. «Трэба зблізіць нашы падыходы на ўзроўні Саюза. Я ўжо не кажу пра тое, што ў ідэале па крыптаактывах трэба рыхтаваць міжнародныя канвенцыі», - лічыць кіраўнік расійскага ўрада.
 
Прэм'ер-міністр Рэспублікі Узбекістан Абдула Арыпаў, які прыняў удзел у форуме, заклікаў сумеснымі намаганнямі краін СНД удасканальваць сістэму развіцця чалавечага капіталу, а таксама стварыць сумесную пляцоўку інтэграцыйнага партнёрства паміж традыцыйнымі фінансавымі інстытутамі і інавацыйнымі кампаніямі ў сферы фінансавых тэхналогій. Такое супрацоўніцтва спрыяе сумеснаму ўкараненню лічбавых інавацыйных прадуктаў на фінансавых рынках дзяржаў СНД.

Даведка

Форум «Лічбавы парадак у эпоху глабалізацыі» праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева. У кастрычніку 2017 года на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікі дзяржаў-членаў ЕАЭС зацвердзілі Асноўныя напрамкі лічбавага парадка да 2025 года, а таксама падтрымалі ініцыятыву Прэзідэнта Казахстана аб правядзенні спецыяльнай сустрэчы па лiчбавізацыі эканомікі ЕАЭС.
 
Сёння вядучыя дзяржавы свету ўкладваюць сур'ёзныя рэсурсы ў развіццё лічбавых галін з прымяненнем тэхналогій Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі. Галоўная мэта форума – выпрацаваць сумесныя меры, якія дазволяць паскорыць развіццё ўласных лічбавых эканомік, павялічваючы іх канкурэнтаздольнасць, а таксама на аснове краінавых пераваг і рэгіянальнай інтэграцыйнай трансфармацыі знайсці шляхі для далейшага атрымання дывідэндаў.