Вход
У ЕЭК распрацаваны парадак сумесных навуковых даследаванняў у сельскай гаспадарцы

У ЕЭК распрацаваны парадак сумесных навуковых даследаванняў у сельскай гаспадарцы

02.03.2017

Калегіяй Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) адобраны Парадак арганізацыі сумесных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у сферы аграпрамысловага комплексу дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Сёлета плануецца зацвярджэнне дакумента кіраўнікамі ўрадаў саюзных краін.

Парадак распрацаваны Камісіяй ЕЭК для эфектыўнага выкарыстання навуковага і інавацыйнага патэнцыялу, умацавання супрацоўніцтва краін Саюза ў сельскагаспадарчай сферы. Дакумент рэгламентуе патрабаванні, якія прад'яўляюцца да сумесных НДДКР, функцыі і адказнасць удзельнікаў і выканаўцаў, этапы работ, крыніцы і схемы фінансавання.

Сумеснымі НДДКР з'яўляюцца навуковыя даследаванні, якія прадстаўляюць інтарэс для развіцця аграпрамысловага комплексу дзяржаў Саюза. Яны ажыццяўляюцца на аснове ўзгодненай тэматыкі, накіраваны на інавацыйнае развіццё вытворчасці і рэалізацыю тавараў і паслуг. Іх мэты – забеспячэнне харчовай бяспекі, збалансаванасці прадуктовых рынкаў, павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці сельскай гаспадаркі саюзных краін, захавання ў іх біяразнастайнасці і экалагічнай раўнавагі.

У сумесных даследаваннях павінны удзельнічаць не менш за дзве краіны ЕАЭС. Камісія ЕЭК накіроўвае запыт ва ўрады дзяржаў-членаў або ўпаўнаважаныя імі органы аб удзеле ў выкананні сумесных НДДКР. Урады краін Саюза або ўпаўнаважаныя органы ў 30-дзённы тэрмiн з дня атрымання запыту інфармуюць Камісію ЕЭК аб магчымасці ўдзелу або сваёй незацікаўленасці ў выкананні сумесных навуковых даследаванняў.

Пералік НДДКР фармуецца на пяцігадовы перыяд на падставе прапаноў дзяржаў-членаў і зацвярджаецца Камісіяй ЕЭК. Пры гэтым улічваюцца нацыянальныя прыярытэты развіцця сельскагаспадарчай галіны, мэты і задачы Саюза па развіцці аграпрамысловага комплексу, а таксама прыярытэты міждзяржаўнай навукова-тэхнічнай

і інавацыйнай палітыкі ў сферы аграпрамысловага комплексу дзяржаў-членаў.

Заказчыкамі сумесных НДДКР могуць быць органы дзяржаўнай улады і акадэміі навук дзяржаў-членаў. Тэрмін выканання сумеснай НДДКР абмежаваны пяццю гадамі.

 «Актуальнасць распрацоўкі дадзенага дакумента абумоўлена неабходнасцю тэхніка-тэхналагічнай мадэрнізацыі аграрнай галіны краін ЕАЭС на аснове выкарыстання лепшых дасягненняў навукі і перадавога досведу, трансферу тэхналогій і інавацый», – адзначыў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргей Сідорскі. – У гэтай сувязі навуковае і інавацыйнае развіццё АПК вызначана як адзін з асноўных напрамкаў узгодненай аграпрамысловай палітыкі».

Па словах міністра ЕЭК, у мэтах навуковай прапрацоўкі найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця аграпрамысловага комплексу (АПК) распрацаваны пералік з 14 прыярытэтных тэматык, уключаючы раслінаводства, жывёлагадоўлю, аквакультуры, ветэрынарыю і г.д. Па іх сфармаваны рэестр даследаванняў, што праводзяцца бакамі, які ўключае больш за 150 даследаванняў, якія выконваюцца 50 навуковымі арганізацыямі краін Саюза.

Прыняцце Парадку забяспечыць магчымасць рэалізацыі ў Саюзе перспектыўных сумесных даследаванняў у сферы АПК. Гэта дазволіць краінам ЕАЭС павысіць эфектыўнасць і выніковасць выкарыстання навуковага патэнцыялу, выключыць дубляванне даследаванняў і нарошчваць кааперацыю ў навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў сферы АПК.