Вход
Пераходны перыяд укаранення сістэмы электронных пашпартоў шасі транспартных сродкаў завершыцца да 1 ліпеня 2018 года

Пераходны перыяд укаранення сістэмы электронных пашпартоў шасі транспартных сродкаў завершыцца да 1 ліпеня 2018 года

23.05.2017

Тэрміны пераходу на сістэму электронных пашпартоў шасі транспартных сродкаў, класіфікацыя шэрагу тавараў у адпаведнасці з Таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і шэраг іншых пытанняў абмяркоўваліся на пасяджэнні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) 23 мая.

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян адзначыў, што рашэнні Камісіі павінны спрыяць «стварэнню спрыяльных умоў для вядзення бізнесу ў ЕАЭС». У прыватнасці, на думку Старшыні Калегіі ЕЭК, важна завяршыць укараненне сістэмы электроннага афармлення пашпартоў шасі транспартных сродкаў, так званых электронных аўтапашпартоў, і забяспечыць эфектыўнае абарачэнне дадзеных аб зарэгістраванай тэхніцы. «Аднак мы павінны ўлічыць правілы гульні, якія ўжо сфармаваліся на рынку, і забяспечыць плаўны пераход для прадпрымальнікаў і грамадзян нашых дзяржаў», – падкрэсліў Тыгран Саркісян.

Прынятае на пасяджэнні Калегіі рашэнне прадугледжвае, што з 1 ліпеня 2017 года да 1 ліпеня 2018 года ўпаўнаважаныя ведамствы краін Саюза змогуць, разам з афармленнем электронных пашпартоў транспартных сродкаў (ПТС), працягнуць афармленне дакументаў у адпаведнасці з раней дзеючымі правіламі. Усе выдадзеныя да 1 ліпеня 2018 года папяровыя дакументы будуць лічыцца дзеючымі на працягу ўсяго тэрміну выкарыстання транспартнага сродку. Тым не менш, уладальнік аўтамабіля ці іншай самаходнай тэхнікі зможа ў добраахвотным парадку перайсці на электронны фармат. Пачынаючы з 1 ліпеня 2018 года, выдача пашпартоў шасі транспартных сродкаў у папяровым выглядзе будзе спыненая, пачне дзейнічаць сістэма электронных аўтапашпартоў.

Рашэнне прынята ў сувязі са зваротамі нацыянальных урадаў краін Саюза. У рамках выканання даручэння Савета ЕЭК ад 28 красавіка 2017 года 11 мая 2017 года камісія правяла нараду з удзелам намеснікаў кіраўнікоў упаўнаважаных органаў. Абмяркоўваліся практычныя пытанні рэалізацыі Пагаднення па электронных пашпартах. Па выніках было прынята рашэнне аб неабходнасці падаўжэння ўстаноўленага раней тэрміну 1 ліпеня 2017 года на год.

Да 1 ліпеня 2018 года мусіць быць завершана распрацоўка неабходнай нарматыўнай базы ў краінах ЕАЭС, укаранёная ў эксплуатацыю агульная інфармацыйная сістэма, якая забяспечвае абмен дадзенымі паміж нацыянальнымі сегментамі і ўзаемадзеянне з бізнес-суполкай і спажыўцамі. 

У адрозненне ад папяровага пашпарта электронны ПТС будзе больш інфарматыўным. У яго могуць быць занесены ўсе звесткі аб аўтамабілі з моманту яго выпуску з канвеера і прадстаўлены звесткі аб праведзеных тэхаглядах, тэхнічным абслугоўванні, рамонце, дарожна-транспартных здарэннях (ДТЗ), дадзеныя аб уладальніках аўтамабіля і г.д. 

Рашэнне набудзе сілу па заканчэнні 30 каляндарных дзён з даты афіцыйнай публікацыі дакумента.

На пасяджэнні Калегіі ЕЭК прынята рашэнне аб класіфікацыі шэрагу тавараў – профіляў, панэляў і тэраснай дошкі, вырабленых метадам экструзіі з драўняна-палімернага кампазіту, – у адпаведных таварных пазіцыях групы 39 адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці (ТН ЗЭД) ЕАЭС.

Гэтак, профілі, якія ўяўляюць сабой полыя або няполыя вырабы, з апрацаванай або неапрацаванай паверхняй, але якія не падвергліся іншай апрацоўцы, вырашана класіфікаваць у таварнай пазіцыі 3916 ТН ЗЭД ЕАЭС.

Панэлі, якія ўяўляюць сабой шчыты з мазаічным малюнкам або без яго, якія выкарыстоўваюцца ў якасці падлогавых пакрыццяў, аднесены да пазіцыі 3918 ТН ЗЭД ЕАЭС. У гэтую ж пазіцыю ўключана тэрасная дошка з рэбрамі цвёрдасці паміж вонкавымі паверхнямі і пазамі для мацавання, размешчанымі на двух процілеглых тарцовых баках.

Фасадныя панэлі, якія маюць выступ і пазы для мацавання, размешчаныя на двух процілеглых тарцовых баках, прызначаныя для будаўнічых работ пры абліцоўванні сцен і (або) столяў, класіфікуюцца ў таварнай пазіцыі 3925 ТН ЗЭД ЕАЭС.

Рашэнне набывае сілу па заканчэнні 30 каляндарных дзён з даты яго афіцыйнай публікацыі.

Члены Калегіі ЕЭК абмеркавалі пытанні, звязаныя з фарміраваннем агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС, у прыватнасці выкарыстанне гандлёвых пляцовак для арганізацыі цэнтралізаванага гандлю электраэнергіяй.

Калегія ЕЭК адобрыла праект Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Дзяржаўным гандлёва-прамысловым адміністрацыйным упраўленнем Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне канкурэнтнай палітыкі і антыманапольнага рэгулявання.