Вход
У ЕАЭС створаць еўразійскія брэнды

У ЕАЭС створаць еўразійскія брэнды

23.11.2018
«Мы павінны сканцэнтраваць увагу на глабальных інтэграцыйных праектах, якія стваралі б еўразійскія брэнды і дапамагалі прасоўваць нашы тавары на рынках трэціх краін». Аб гэтым заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Тыгран Саркісян, выступаючы ў Маскве на пленарным пасяджэнні XIII міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская эканамічная інтэграцыя».

Удзельнікі штогадовага мерапрыемства, арганізаванага Еўразійскім банкам развіцця, абмеркавалі выклікі і перспектывы для еўразійскай інтэграцыі.

Тыгран Саркісян адзначыў, што Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) за гады існавання даказаў грунтоўнасць і эфектыўнасць, нягледзячы на сваю маладосць. У наступным годзе краіны ЕАЭС будуць адзначаць пяцігоддзе падпісання Дагавора аб Саюзе.

ЕЭК фіксуе рост узаемнага гандлю, паляпшэнне яго структуры і ўмацаванне кааперацыйных сувязяў. «Гэта сведчыць аб тым, што рэалізацыя асноўных прынцыпаў, закладзеных у саюзным дагаворы, дае станоўчыя эфекты для росту эканомікі Саюза. Камісія ацэньвае патэнцыял гэтага эфекту каля 1% росту валавога нацыянальнага прадукту ў год», - падкрэсліў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Сур'ёзным поспехам ЕАЭС з'яўляецца рост зацікаўленасці з боку трэціх краін у развіцці і паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Саюзам. «Гэта сведчыць аб тым, што ЕАЭС як інтэграцыйнае аб'яднанне адбылося», - лічыць Тыгран Саркісян.

На днях ЕЭК заключыла ў Сінгапуры шэраг мемарандумаў – аб узаемаразуменні з АСЕАН і аб супрацоўніцтве з урадам Каралеўства Тайланд. Камісія разлічвае падпісаць аналагічны дакумент з МЕРКАСУР. У маі 2018 года заключаны гандлёва-эканамічныя пагадненні з Кітаем і Іранам. Вядзецца работа па міжнародных трэках, зацверджаных кіраўнікамі дзяржаў ЕАЭС, з мэтай стварэння зон свабоднага гандлю з Егіптам, Індыяй, Ізраілем, Сінгапурам, Сербіяй. Праведзены пяць раўндаў перамоваў з Сінгапурам. Тыгран Саркісян выказаў надзею, што ў 2019 годзе атрымаецца выйсці на фінішную прамую па ЗСГ з рэспублікай.

«Заключэнне ЗСГ з гэтымі краінамі – гэта сур'ёзны патэнцыял для стымулявання эканамічнага росту ў нашых дзяржавах, нарошчвання аб'ёму экспарту на рынкі гэтых краін. Гэта і магчымасць дадатковага прыцягнення інвестыцый», - паведаміў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Тыгран Саркісян таксама назваў праблемы, якія неабходна вырашыць для прасоўвання еўразійскай інтэграцыі. На яго думку, яны звязаны з «недаінтэграцыяй» на прасторы Саюза. Існуюць перашкоды, якія замінаюць рэалізацыі прынцыпу чатырох «свабод» і якія неабходна ўстараніць. Такую задачу перад ЕЭК ставяць кіраўнікі дзяржаў-членаў.

«Перашкоды – вынік няўзгодненых дзеянняў. Таму дзяржавы павінны праводзіць узгодненыя палітыкі. Такія трэнды ў сусветнай эканоміцы, як пратэкцыянізм, абарона сваіх вытворцаў, гандлёвыя войны, – непрымальныя ў нашым Саюзе», - падкрэсліў Тыгран Саркісян.

У аснове такіх узгодненых палітык ляжыць гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў, у тым ліку і ў фінансавай сферы. Па даручэнні прэзідэнтаў нацыянальныя і цэнтральныя банкі краін-удзельніц распрацоўваюць Канцэпцыю агульнага фінансавага рынку ЕАЭС.

Старшыня Калегіі ЕЭК таксама адзначыў неабходнасць фарміравання еўразійскіх брэндаў, падобных праекту «Аэробус» ў Еўрапейскім саюзе. «Нам неабходна запусціць такія маштабныя кааперацыйныя праекты з удзелам усіх партнёраў па Саюзе, якія дазволілі б пазіцыянаваць сябе ў адносінах да трэціх краін як адзінае цэлае», - заявіў ён.

Камісія актыўна працуе над стварэннем еўразійскага брэнда ў ювелірнай сферы, паколькі ў краін Саюза ёсць параўнальныя перавагі ў гэтай галіне. Вядзецца работа па фарміраванні еўразійскага брэнда ў святлотэхнічнай сферы. Рэалізуецца лічбавы парадак ЕАЭС, які ахоплівае ўсе сферы дзейнасці краін-удзельніц. Каля 30 ініцыятыў – буйных лічбавых праектаў – разглядае лічбавы офіс ЕЭК, шэраг з якіх атрымае фінансаванне ў 2019 годзе.

Старшыня Калегіі ЕЭК адзначыў, што Камісія зацікаўлена ў супрацоўніцтве па гэтых праектах з ЕАБР. «Ролю ў фінансаванні такіх глабальных інтэграцыйных праектаў можа сыграць Еўразійскі банк развіцця», - мяркуе Тыгран Саркісян.

У сувязі з ростам запыту ў краінах ЕАЭС на разлікі ў нацыянальных валютах старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Андрэй Бельянінаў прапанаваў распрацаваць еўразійскую сістэму перадачы фінансавых паведамленняў. «Для далейшага прасоўвання разлікаў у нацыянальных валютах на еўразійскай прасторы нам неабходна стварэнне еўразійскай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў з выкарыстаннем нашых магчымасцяў у частцы «рэгулятыўнай пясочніцы»», - сказаў ён.

Старшыня Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі Аляксей Кудрын расцэньвае задачу ЕАЭС па паглыбленні адносін паміж краінамі-удзельніцамі, зняцці бар'ераў, фарміраванні агульных стандартаў, новых мадэляў рэгулявання, у тым ліку на фінансавым рынку, як элемент інтэграцыі.

Паколькі еўразійская інтэграцыя моцна залежыць ад самай вялікай эканомікі – расійскай, РФ як краіне, якая стварае рынак для ўсіх, неабходна нарошчваць тэмпы эканамічнага росту, здымаць бар'еры і дапускаць удзельнікаў з краін Саюза да дзяржзакупак. «Тут Расія часам павінна нават уступіць, тады гэта дасць штуршок развіццю Саюза», - лічыць Аляксей Кудрын.

У пленарным пасяджэнні таксама прынялі ўдзел намеснік міністра фінансаў Расійскай Федэрацыі Сяргей Сторчак, намеснік старшыні «Знешэканомбанка» – член праўлення Андрэй Клепач, намеснік старшыні праўлення АТ «Банк развіцця Казахстана» Дзмітрый Бабічаў, дэкан факультэта сусветнай палітыкі і сусветнай эканомікі НДУ «ВШЭ» Сяргей Караганаў.

Даведка
Еўразійскі банк развіцця з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў і развіццю інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы шляхам ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці. Статутны капітал ЕАБР складае 7 млрд дол. ЗША. Дзяржавамі-удзельніцамі банка з'яўляюцца Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Таджыкістан.