Вход
Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлана Алдабергенава для «ІА BNews.kz»

Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлана Алдабергенава для «ІА BNews.kz»

28.12.2012
У ліпені 2013 года ў МС з’явіцца адзіны закон «Аб канкурэнцыі».

Да сярэдзіны наступнага года ўсе тры дзяржавы Мытнага саюза будуць працаваць у адпаведнасці з мадэльным законам «Аб канкурэнцыі». Такога прэцэдэнту, каб антыманапольшчыкі розных краін працавалі па аднолькавых прынцыпах, яшчэ не было ў сусветнай практыцы. Пра тое, як сёння вядзецца праца па гарманізацыі заканадаўстваў Казахстана, Расіі і Беларусі, у інтэрв’ю «ІА BNews.kz» расказаў член Калегіі (Міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Нурлан Алдабергенаў.

– Нурлан Шадыбекавіч, якая праца папярэднічае распрацоўцы адзінага Антыманапольнага кодэкса Мытнага саюза, чаму яго мяркуецца ўвесці ў дзеянне не раней чым у 2015 годзе?

– З пешага студзеня бягучага года створана Адзіная эканамічная прастора (АЭП). Зараз у нас межаў няма, ідзе свабоднае перамяшчэнне тавараў. Усе законы аб канкурэнцыі ў трох дзяржавах, якія ёсць на дадзены момант, засталіся ў тым выглядзе, у якім былі раней, калі ўсе тры дзяржавы былі закрыты. І зараз перад намі стаіць першаступенная задача па збліжэнні заканадаўства аб канкурэнцыі, каб прадпрымальнікам было выгадна.
Першы этап гарманізацыі прадугледжвае збліжэнне законаў аб канкурэнцыі. Мы зараз працуем у гэтым накірунку з трыма парламентамі, з трыма ўрадамі. Ва ўрадзе Рэспублікі Беларусь законапраект «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» разгледзелі, ён пайшоў у парламент. Законапраект Рэспублікі Казахстан «Аб канкурэнцыі» знаходзіцца на разглядзе Мажыліса Парламента РК у першым чытанні. Свае папраўкі змяненняў і дапаўненняў мы далі, з дэпутатамі адпрацавалі, «круглыя сталы» правялі. Зараз ён знаходзіцца ў рабоце ў дэпутатаў на фінальнай стадыі. У Расійскай Федэрацыі законапраект «Аб абароне канкурэнцыі» знаходзіцца на разглядзе на федэральным узроўні. Паколькі законы знаходзяцца на разглядзе, гэта права дэпутатаў, права ўрадаў уносіць змяненні і дапаўненні.
Зблізіць заканадаўства трох дзяржаў мы павінны да ліпеня наступнага года. Тэрмін у нас абмежаваны, ён прадугледжаны ў пагадненнях аб прынцыпах і правілах канкурэнцыі і ратыфікаваны парламентамі. Гэта значыць, мы строга ідзём па графіку, і ў гэтых адносінах нам трэба поўнасцю іх гарманізаваць.
Наступны этап – гэта прыняцце нарматыўных прававых актаў АЭП, неабходных для выкаранення Еўразійскай эканамічнай камісіяй парушэнняў правіл канкурэнцыі на трансмежных рынках на наднацыянальным узроўні.
Акрамя таго, неабходна распрацаваць мадэльны закон аб канкурэнцыі і ў далейшым прапрацаваць пытанне аб прыняцці Канкурэнтнага (Антыманапольнага) кодэкса АЭП.


– Наколькі моцна Казахстан, Расія і Беларусь адышлі адно ад аднаго у фарміраванні адпаведнай палітыкі за гады незалежнасці?​

– Законы нашых дзяржаў вельмі блізкія. Істотных адрозненняў няма. Мы вывучылі пытанне, як патрэбна мяняць законы аб канкурэнцыі, каб прывесці іх да адпаведнасці з адзінымі прынцыпамі і правіламі. Напрыклад, калі ў Беларусі і Казахстане прынцып роўнасці ў прымяненні нормаў канкурэнтнага заканадаўства захаваны, то ў Расіі ён прама не адлюстраваны ў законапраекце.
Або што тычыцца прынцыпу недапушчальнасці антыканкурэнтных дзеянняў органаў улады. У Рэспубліцы Беларусь праект закона не ўтрымлівае забароны на пагадненні паміж іншымі органамі і арганізацыямі, якія выконваюць іх функцыі, або паміж імі і суб’ектамі гаспадарання. Мы рэкамендавалі канкрэтызаваць указаныя меры для павышэння эфектыўнасці дзеянняў па папярэджанні, выяўленні і выкараненні дзеяння (бяздзеяння) органаў улады.
Наступны напрамак – гэта знішчэнне адміністрацыйных бар’ераў па доступе да рынкаў Беларусі, Казахстана і Расіі ў сувязі са свабодным перамяшчэннем тавараў у межах Мытнага Саюза. Сёння ў гэтым напрамку ўжо адпрацаваны механізм. Існуючыя праблемы можна ліквідаваць праз ЕЭК, але ў асноўным гэта праца, вядома, Савета камісіі.
Гэта значыць, у ЕЭК працуюць 9 міністраў, кожны – па сваім кірунку. Еўразійская камісія аднолькава абараняе ўсе тры рынкі. Мы аднолькава падыходзім да іх. А Савет камісіі з віцэ-прэм’ераў абараняе інтарэсы кожнай краіны. Гэта значыць, казахстанскі віцэ-прэм’ер абараняе інтарэсы Казахстана, расійскі – абараняе інтарэсы РФ, беларускі – абараняе інтарэсы Беларусі. А непасрэдна выканаўчы орган, які прыводзіць знак роўнасці паміж намі – гэта Еўразійская эканамічная камісія.
Такія адрозненні паміж Камісіяй і Саветам.
Таму ў гэтай частцы Савет уносіць прапановы і агучвае, у якім напрамку ў той ці іншай краіне маюцца адміністрацыйныя бар’еры. Дапусцім, Расія паставіла перашкоду па дзяржаўным закупе. Паколькі ў галіне дзяржзакупу стаіць задача, каб на тэрыторыі трох дзяржаў праводзілася свабодная рэалізацыя тавараў на аўкцыёне, нам праз савет камісіі агучваецца адпаведнае даручэнне, і мы гэтую працу праводзім.


– Наколькі магчыма распрацоўка адзінага закона «Аб канкурэнцыі» для ўсіх трох краін МС? Усё ж такі эканомікі трох краін абсалютна розныя. Дзяржавы моцна адрозніваюцца як па тэрыторыі, так і па структуры галін прамысловасці. Ці не будзе падобна, як у той байцы «Лебедзь, шчупак і рак», ці не павядуць адзін воз у тры розныя бакі?

– Вы правільна задаяце пытанне. Яго мне задавалі, і яно было прадметам абмеркавання з нашымі замежнымі партнёрамі. Мы гутарылі з прадстаўнікамі вядучых антыканкурэнтных ведамстваў свету з Францыі, Аўстрыі, КНР, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі.
Што мы маем у цяперашні час у Еўропе? 27 дзяржаў увайшлі ў Еўрасаюз. Там у іх адзін з вядучых напрамкаў – гэта антыманапольнае рэгуляванне. Яны мараць, але яны не могуць падысці да мадэльнага закона. Там на самой справе ў іх ідзе «лебедзь, рак і шчупак».
Калі мы ставілі гэта пытанне і гаварылі, ці не можа гэта быць у нас, мы прааналізавалі гэтую сітуацыю. Што мы маем у цяперашні час? Па-першае, як я ўжо зазначаў вышэй, заканадаўчыя акты ў нас нязначна адрозніваюцца. І гэтыя невялікія адрозненні мы ліквідуем на першым этапе гарманізацыі.
Нам заўсёды замежныя партнёры кажуць: «Вядома, вам лягчэй. У вас адна мова, у вас адна аснова, у вас адна гісторыя. Вы з былога вялікага Саюза выйшлі, у вас адны паняцці».
Тое, што датычыцца эканомік, яны даволі развітыя ва ўсіх трох дзяржавах. І Казахстан, і Расія, і Беларусь вельмі моцныя ў гэтых адносінах. У выніку, вывучыўшы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што мы гэты заканадаўчы акт зможам зрабіць. Хоць адзначу, што ў Еўропе таксама ставіцца задача, але там усе краіны розныя. У Германіі свая гісторыя, у Францыі – другая, у Вялікабрытаніі – трэцяя, і іх аб’яднаць цяжка. І таму ў гэтых адносінах яны таксама глядзяць на нас, што мы зараз зробім.
Да прыкладу, мы гутарылі з нашымі партнёрамі аднаго з моцных канкурэнтных ведамстваў свету, карэйскімі. Яны гавораць: «Мы таксама разумеем, мы б таксама хацелі, і ўсе антыманапольшчыкі свету стараюцца зблізіцца. Таму што ў нас адна мова, гэта мова антыманапольнага рэгулявання. Паўсюль ёсць картэлі, паўсюль пагадненні, паўсюль злоўжыванні. Паўсюль ідзе нядобрасумленная канкурэнцыя, паўсюль ідуць парушэнні, і яны ўсе тыповыя, гэта значыць, нормы заканадаўства аб антыманапольным рэгуляванні кожнай з дзяржаў у свеце прыблізна аднолькавыя, і таму яны кажуць: у нас адна мова, але, каб зблізіцца, мы зусім розныя. А вам у гэтым плане лягчэй».
І таму гэты мадэльны закон з’яўляецца вялікім прарывам па канкурэнтнай палітыцы ў параўнанні з тымі супольнасцямі, у якія мы ўваходзім. Сыходзячы з гэтага, у нас ёсць вельмі добрая аснова, і таму мадэльны закон «Аб канкурэнцыі» мы пастараемся выдаць, ён стаіць у нас на першым месцы.
Такога закона «Аб канкурэнцыі» ў свеце пакуль яшчэ няма. Тэрмін яго прыняцця – ліпень 2013 года. Плануецца, што ён будзе падпісвацца кіраўнікамі трох дзяржаў. Ён носіць рэкамендацыйны характар, але ў той жа час, можна сказаць, ён носіць паручыцельскі характар. Паколькі яго падпішуць прэзідэнты трох краін, адпаведна, гэта і ёсць даручэнне ўсім органам улады, парламентам з тым, каб прывесці ў адпаведнасць з ім заканадаўчыя акты.
У гэтым мадэльным законе павінна ўтрымлівацца забарона на антыканкурэнтныя пагадненні, на злоўжыванне становішчам, забарона на нядобрасумленную канкурэнцыю. Гэта вельмі важны дакумент. Па-першае, ён павінен адлюстроўваць інтарэсы ўсіх трох дзяржаў. Таму закон абмяркоўваецца з прыцягненнем шырокай грамадскасці, з навуковым колам, з прадпрымальнікамі.
Яшчэ больш, мы на бліжэйшыя два-тры гады ставім задачы пасля прыняцця гэтага мадэльнага закона падрыхтаваць і выпусціць адзіны Антыманапольны кодэкс. Гэта лічыцца вышэйшай формай інтэграцыі ў галіне антыканкурэнтнай палітыкі трох дзяржаў. Гэта, несумненна, грандыёзная задача. Сам мадэльны закон прадугледжвае каля 47 артыкулаў. Гэта вельмі вялікі аб’ём, а Антыманапольны кодэкс – гэта, канечне, яшчэ больш аб’ёмны дакумент. Тым не менш, мы павінны ісці, імкнуцца, і мы павінны разумець: межы то адкрыты, свабоднае перамяшчэнне тавараў ідзе ўжо. І таму ўсё, што патрэбна зрабіць, гэта стварыць адзіныя правілы канкурэнцыі для нашых бізнесменаў, для нашага народа.


– Дзякуй Вам за змястоўную гутарку. Мы жадаем Вам здзяйснення ўсіх пастаўленых перад Вамі задач у новым 2013 годзе.

Айжан Бектасава​