Вход
Прамысловая вытворчасць у ЕАЭС за пяць гадоў вырасла на 12,2%

Прамысловая вытворчасць у ЕАЭС за пяць гадоў вырасла на 12,2%

24.09.2020
 
Рост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ў 2019 годзе адзначаны ў большасці галін ва ўсіх краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Артак Камалян, прэзентуючы даклад «Аб выніках штогадовага маніторынгу і аналізу рэалізацыі Асноўных напрамкаў прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза» на чарговым пасяджэнні Кансультатыўнага камітэта па прамысловасці ЕЭК.

Як адзначыў міністр, «па выніках рэалізацыі Асноўных напрамкаў у 2015-2019 гадах, гэта значыць, яшчэ да пачатку пандэміі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, былі дасягнуты станоўчыя вынікі па ўсіх паказчыках, прадугледжаных дакументам». У прыватнасці, аб'ём прамысловай вытворчасці ў ЕАЭС вырас на 12,2%, у тым ліку ў апрацоўчай прамысловасці – на 13,8%. Аб'ём экспарту прадукцыі апрацоўчай прамысловасці павялічыўся на 11,3%. Аб'ём узаемнага гандлю прамысловай прадукцыяй стаў больш на 34,1%. Удзельная вага высокатэхналагічных відаў дзейнасці ў аб'ёме вытворчасці прадукцыі апрацоўчай прамысловасці павялічылася на 2,7 п.п. і склала ў 2019 годзе 29,6%. Прадукцыйнасць працы ў апрацоўчай прамысловасці ў дзяржавах ЕАЭС вырасла на 24%.

Артак Камалян падкрэсліў, што на аснове вынікаў праведзенага маніторынгу, а таксама з улікам змянення ў сувязі з пандэміяй COVID-19 эканамічнай кан'юнктуры былі распрацаваны прадстаўленыя ў дакладзе прапановы па прыярытэтах далейшага развіцця інтэграцыі ў сферы прамысловасці і аператыўнай ліквідацыі негатыўных для краін Саюза наступстваў пандэміі. 

Ключавым вектарам развіцця стане распрацоўка і больш хуткае прыняцце новай рэдакцыі Асноўных напрамкаў прамысловага супрацоўніцтва, якія прадугледжваюць эфектыўныя меры ўмацавання і развіцця кааперацыі ў рамках ЕАЭС. У іх ліку – лічбавая трансфармацыя прамысловасці дзяржаў-членаў Саюза, супрацоўніцтва пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, уключаючы развіццё аб'ектаў індустрыяльна-інавацыйнай інфраструктуры, далейшае ўдасканаленне механізму па прасоўванні новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, арыентаванай на экспарт, а таксама развіццё механізмаў стымулявання нацыянальных кампаній, якія ўдзельнічаюць у еўразійскай прамысловай кааперацыі.

Другі даклад, разгледжаны Кансультатыўным камітэтам, – «Аб выніках маніторынгу рынку прамысловай прадукцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза» – змяшчае комплексны аналіз параметраў рынку прамысловай прадукцыі краін Саюза. Уключаныя ў яго даныя дапамогуць дзяржавам-членам атрымаць інфармацыю аб патрэбах і вытворчых магчымасцях партнёраў па інтэграцыйным аб'яднанні.

Міністр ЕЭК паведаміў, што ў 2019 годзе агульны рынак працягнуў рост як у фізічным, так і ў вартасным вымярэнні, – на 2,5% і 1,1% адпаведна. Акрамя таго, ён адзначыў зніжэнне на рынку Саюза долі імпартнай прадукцыі, а таксама актыўнае развіццё прамысловай кааперацыі – у 2019 годзе вартасны аб'ём кааперацыйных паставак павялічыўся на 3,6% у параўнанні з папярэднім годам і на 53% у параўнанні з 2015 годам.

Падчас пасяджэння Кансультатыўнага камітэта была таксама дасягнута дамоўленасць падоўжыць на тры гады ўмову прымянення крытэрыю дапушчальнасці спецыфічнай субсідыі ў дачыненні да тавару, прызнанага сумесна вырабленым дзяржавамі-членамі Саюза (гэта зацверджана Рашэннем Савета ЕЭК ад 21 чэрвеня 2019 года № 100). Рашэннем Савета ўстаноўлены мінімальны ўзровень долі ўдзелу вытворцаў дзяржаў-членаў у вытворчасці тавару для яго прызнання сумесна вырабленым.​