Вход
Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлана Алдабергенава газеце «Литер-Неделя» («Літар-Тыдзень»): «Казахстанскія прадпрымальнікі ўжо пакарысталіся выгодамі МС – Нурлан Алдабергенаў»

Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлана Алдабергенава газеце «Литер-Неделя» («Літар-Тыдзень»): «Казахстанскія прадпрымальнікі ўжо пакарысталіся выгодамі МС – Нурлан Алдабергенаў»

25.10.2012
З 1 лютага гэтага года пачаў працу наднацыянальны орган – Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК). Гэта адзіны, рэгулюючы орган Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, які дзейнічае пастаянна, куды ўвайшлі Рэспубліка Беларусь, Казахстан і Расійская Федэрацыя.
Інтарэсы нашай краіны ў гэтай арганізацыі прадстаўляе міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Нурлан Алдабергенаў. У гутарцы з «ЛИТЕР-Неделей» («Літар-Тыднем») ён расказаў пра выкананую працу і пра тое, што неабходна зрабіць.
 

   – Ці можна сказаць, што з адкрыццём межаў пачалося ўзаемнае пранікненне харчовых тавараў на рынкі краін Мытнага саюза?

– Пасля адмены працэдур мытнага афармлення на ўнутраных межах Мытнага саюза адбылося істотнае павелічэнне хуткасці перамяшчэння тавараў паміж Казахстанам, Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Прадпрымальнікі трох краін зараз не марнуюць часу на мытнае афармленне пры ўзаемных пастаўках тавараў, і гэта садзейнічае росту дзелавой актыўнасці. Гэты факт пацвярджаюць лічбы.
Так, аб’ём узаемнага гандлю трох краін у першым паўгоддзі гэтага года склаў каля 34 мільярдаў долараў ЗША, што на 13,2 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэта вынік адкрыцця межаў і ўзаемнага пранікнення тавараў на рынкі краін Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Акрамя гэтага, у Казахстана палепшыліся паказчыкі транзіту сыравіны ў трэція краіны. Наша краіна пачала больш экспартаваць вуглевадародаў, вырас аб’ём экспарту электраэнергіі. Аб’ём міжнародных грузаперавозак усімі відамі транспарта склаў у 2011 годзе 239 мільёнаў тон, у параўнанні з 2010 годам гэты паказчык вырас на 7 працэнтаў.
Казахстанскія прадпрымальнікі выкарысталі выгоды Мытнага саюза і змаглі істотна павялічыць пастаўкі тавараў традыцыйнага казахстанскага экспарту. У 2012 годзе ў параўнанні з першым паўгоддзем 2011 года ў 13 разоў вырас экспарт пшаніцы, у 25 разоў – экспарт мукі. Павялічыўся экспарт макаронных вырабаў на 70 працэнтаў і некаторых іншых харчовых тавараў.
Папярэджваючы Ваша пытанне, адразу скажу, што даныя мытнай статыстыкі не пацвярджаюць меркавання аб тым, што існуе асцярога сур’ёзнай экспансіі тавараў краін Мытнага саюза на казахстанскі рынак харчовых тавараў. Дакажу на лічбах. Так, да прыкладу, імпарт з краін Мытнага саюза замарожанага мяса буйнай рагатай жывёлы вырас у 8 разоў і склаў 3,8 тысячы тон на суму 17,4 мільёна долараў. Варта адзначыць, што імпарт гэтай прадукцыі Казахстан здзяйсняе і з трэціх краін. Велічыня яго большая за імпарт з Расіі і Беларусі, так, з трэціх краін увезена толькі ў першым паўгоддзі гэтага года 3,9 тысячы тон. Імпарт мяса птушкі з краін Мытнага саюза вырас у 1,5 раза па вагавых паказчыках і склаў 16,9 тысячы тон. Пры гэтым з трэціх краін імпартавана 48,4 тысячы тон, тут асноўны пастаўшчык ЗША. Імпарт сыроў і тварагу вырас на 17 працэнтаў і склаў 4,7 тысячы тон. У той жа час з трэціх краін увезена 5,6 тысячы тон. Тут у ролі асноўнага пастаўшчыка выступае Украіна. Такім чынам, па шэрагу харчовых тавараў на казахстанскім рынку больш актыўна дзейнічаюць зусім не краіны МС, а прадстаўнікі трэціх краін, што сведчыць пра неабходнасць сістэмнай працы па павышэнні канкурэнтаздольнасці мясцовых харчовых тавараў.

 

     – З якімі цяжкасцямі сутыкаецца айчынны бізнес, выходзячы на рынкі суседзяў?

   – У першую чаргу, гэта неабгунтаваныя адміністрацыйныя бар’еры, абумоўленыя разыходжаннем у заканадаўстве краін-удзельніц Мытнага саюза. У выніку прадпрымальнік з адной краіны не можа на роўных канкурыраваць з прадпрымальнікам з іншай краіны або наогул не можа атрымаць доступу на рынак.
Яркім прыкладам з’яўляецца ліцэнзійна-дазваляльная сістэма. Напрыклад, на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы толькі ў Рэспубліцы Беларусь ліцэнзуецца рознічная рэалізацыя тытунёвых вырабаў. Такія ж адрозненні маюцца і ў заканадаўстве Казахстана і Расіі.
У гэтай сувязі бізнес-супольнасць, прадпрымальнікі могуць праводзіць аналіз ліцэнзійна-дазваляльнай сістэмы і заканадаўства Беларусі, Казахстана і Расіі, выяўляць перашкоды ва ўзаемным гандлі, накіроўваць у ЕЭК і ўрады прапановы па ліквідацыі неабгрунтаваных адміністрацыйных бар’ераў.
Вынікам ліквідацыі неабгрунтаваных адміністрацыйных бар’ераў будзе з’яўляцца павелічэнне колькасці ўдзельнікаў рынку і развіццё канкурэнцыі на таварных рынках Адзінай эканамічнай прасторы.
 

     – Наколькі складана будзе гарманізаваць заканадаўства Расіі, Беларусі і Казахстана?

​– У цяперашні час маюцца адрозненні ў заканадаўстве трох краін у галіне канкурэнтнай палітыкі, і задача ЕЭК – садзейнічаць іх гарманізацыі.
Першапачаткова заканадаўствы Беларусі, Казахстана і Расіі павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з прынцыпамі і правіламі канкурэнцыі, устаноўленымі Пагадненнем аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі.
Канчатковай мэтай гарманізацыі, якая праводзіцца, з’яўляецца забеспячэнне роўных умоў канкурэнцыі на таварных рынках, у тым ліку недыскрымінацыйнага доступу суб’ектаў гаспадарання бакоў да таварных рынкаў краін-удзельніц МС, эфектыўнае развіццё эканомікі, стымуляванне інавацыйных працэсаў і вытворчасці якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі.

 
– Як Вы лічыце, якія першачарговыя задачы па антыманапольным рэгуляванні стаяць перад Еўразійскай эканамічнай камісіяй?


– Першачарговымі задачамі па антыманапольным рэгуляванні, якія стаяць перад ЕЭК, з’яўляюцца гарманізацыя заканадаўства Беларусі, Казахстана і Расіі ў галіне канкурэнтнай палітыкі, прыняцце нарматыўных прававых актаў, неабходных для папярэджання ЕЭК парушэнняў правілаў канкурэнцыі на трансмежных рынках на наднацыянальным узроўні.
Неабходна адзначыць, што сярод усіх міжнародных дамоў, якія фарміруюць дамоўна-прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, толькі Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі ўстанаўлівае выразныя тэрміны правядзення гарманізацыі заканадаўства – да 1 ліпеня 2013 года.
Адной з бягучых задач на дадзены момант з’яўляецца прыняцце да 1 студзеня наступнага года нарматыўных актаў камісіі, неабходных для здзяйснення кантролю за выкананнем адзіных правіл канкурэнцыі. У гэты пакет увайшлі такія дакументы, як Крытэрыі аднесенасці рынку да трансмежнага, Методыка ацэнкі стану канкурэнцыі, Методыка вызначэння манапольна высокіх (нізкіх) цэн, Методыка разліку і парадак накладання штрафаў, Парадак разгляду заяў (матэрыялаў) аб парушэнні правілаў канкурэнцыі, Парадак правядзення расследавання парушэнняў правілаў канкурэнцыі, Парадак разгляду спраў аб парушэнні правілаў канкурэнцыі і Парадак узаемадзеяння, у тым ліку інфармацыйнага.
Указаныя акты ў цяперашні час распрацаваны і праходзяць працэдуры ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан і Расійскай Федэрацыі.
Яшчэ адна вялікая задача Еўразійскай эканамічнай камісіі па антыманапольным рэгуляванні – гэта прыняцце Мадэльнага закона аб канкурэнцыі, заканадаўчага акта рэкамендацыйнага характару, накіраванага на збліжэнне прававога рэгулявання эканамічных адносін у галіне канкурэнтнай палітыкі краін-удзельніц. Тэрмін падпісання Мадэльнага закона кіраўнікамі дзяржаў Беларусі, Казахстана і Расіі да 1 ліпеня 2013 года ўстаноўлены пагадненнем аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі.
У ходзе распрацоўкі і прыняцця Мадэльнага закона аб канкурэнцыі будуць выкарыстаны лепшыя нормы заканадаўства бакоў, міжнародны вопыт і практыкі замежных краін з найбольш развітай канкурэнцыяй, якія з’яўляюцца прызнанымі лідарамі ў галіне рэгулявання канкурэнтных адносін, а менавіта ЗША, Вялікабрытанііі, Японіі, Паўднёвай Карэі і іншых.
Таксама ў сённяшні час ЕЭК прапрацоўваецца пытанне аб прыняцці ў перспектыве Канкурэнтнага (антыманапольнага) кодэкса Адзінай эканамічнай прасторы, які стаў бы кадыфікаваным актам прамога дзеяння, які вызначае зразумелыя правілы канкурэнтных паводзін як для прадпрымальнікаў, так і для дзяржаўных органаў бакоў.

 
– А ці існуе механізм аспрэчвання рашэнняў ЕЭК у сферы канкурэнцыі?

– У найбліжэйшай перспектыве адным з немалаважных пытанняў у межах дзейнасці ЕЭК будзе з’яўляцца фарміраванне сістэмы вырашэння спрэчак у Адзінай эканамічнай прасторы. Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі прадугледжвае працэдуру аспрэчвання рашэнняў ЕЭК у сферы канкурэнцыі. Яны будуць аспрэчвацца ў судзе ЕўрАзЭС у парадку, прадугледжаным статутам суда ЕўрАзЭС і Пагадненнем аб звароце ў суд ЕўрАзЭС па спрэчках у межах Мытнага саюза і асаблівасцях судавытворчасці па іх. Пры гэтым у выпадку накіравання такой заявы адначасова ў судовы орган краіны-ўдзельніцы і суд ЕўрАзЭС суд краіны-ўдзельніцы пакідае пададзеную заяву без разгляду.
Статутам суда ЕўрАзЭс прадугледжаны дасудовы парадак урэгулявання спрэчкі, а менавіта: абавязковай умовай прыняцця судом ЕўрАзЭС да разгляду заявы суб’екта гаспадарання з’яўляецца папярэдні зварот у камісію.
Цікава, што статутам суда ЕўрАзЭС такое патрабаванне ўстаноўлена не толькі для суб’ектаў гаспадарання, але і для дзяржаў-членаў Мытнага саюза па пэўных катэгорыях спраў.
Суб’ект гаспадарання мае права звярнуцца з заявай у суд у выпадку, калі на працягу двух месяцаў ЕЭК не прыняла мераў па вырашэнні звароту.

 
 
 

Любоў Артымовіч, Астана