Вход
У Еўразійскім эканамічным саюзе паспяхова рэалізуецца праект маркіроўкі футравых вырабаў

У Еўразійскім эканамічным саюзе паспяхова рэалізуецца праект маркіроўкі футравых вырабаў

27.09.2016

23 верасня на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі ўдзельнікі Бізнес-дыялогу з прадпрымальніцкай супольнасцю Еўразійскага эканамічнага саюза пад старшынствам члена Калегіі (міністра) па гандлі ЕЭК Веранікі Нікішынай абмеркавалі рэалізацыю ў краінах Саюза пілотнага праекта маркіроўкі футравых вырабаў.

Дырэктар Дэпартамента мытна-тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання Камісіі Гагік Качаран расказаў аб першых выніках гэтай працы, якая пачалася сёлета ў жніўні. У поўнай меры сістэма маркіроўкі рэалізавана ў Беларусі і Расіі. У Казахстане 15 верасня праведзена тэставанне інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж інтэграцыйным і нацыянальным кампанентамі. У Кыргызстане і Арменіі зараз вырашаюцца пытанні стварэння інфармацыйнай сістэмы і распрацоўкі нацыянальных кампанентаў.

Гагік Качаран адзначыў істотны рост колькасці зарэгістраваных арганізацый і замоўленых кантрольных знакаў з уводам у дзеянне абавязковай сістэмы маркіроўкі тавараў на тэрыторыі Расіі. За месяц з невялікім колькасць удзельнікаў, зарэгістраваных у нацыянальнай сістэме маркіроўкі тавараў, і лік замоўленых кантрольных знакаў павялічылася ў тры з паловай разы.

Прадстаўнікі расійскіх бізнес-структур – удзельнікаў рынку футравых вырабаў – падзяліліся вопытам работы ў новых умовах.

На пасяджэнні Бізнес-дыялогу дасягнута дамоўленасць, што Камісія сумесна з прадстаўнікамі дзелавых колаў, грамадскіх арганізацый і дзяржаўных органаў краін Саюза, дзе ўжо дзейнічае маркіроўка, акажуць кансультацыйную і інфармацыйную падтрымку краінам, у якіх працэс яе ўкаранення яшчэ не завяршыўся.

Акрамя таго, Дэпартамент мытнай інфраструктуры Камісіі ў рамках Бізнес-дыялогу звярнуўся да бізнес-суполкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза з прапановай прыняць удзел у анкетаванні па ацэнцы дзейнасці кантралюючых органаў у пунктах пропуску праз мытную мяжу ЕАЭС, а таксама аказаць садзейнічанне ў распаўсюджванні гэтай анкеты. Гэта дапаможа Камісіі правесці больш эфектыўны маніторынг дзейнасці мытных службаў.

Удзельнікі Бізнес-дыялогу разгледзелі зварот у ЕЭК расійскага «Фонду развіцця трубавай прамысловасці». Гаворка ў ім ідзе аб ролі антыманапольных органаў саюзных дзяржаў пры правядзенні Камісіяй ахоўных расследаванняў і адзіных падыходах да ўвядзення антыдэмпінгавых кампенсацыйных і спецыяльных ахоўных мер па выніках расследаванняў у Саюзе.

Часова в.а. намесніка дырэктара Дэпартамента гандлёвай палітыкі Камісіі Станіслаў Георгіеўскі паведаміў аб выставачным форуме «Еўразійскі тыдзень», які мае адбыцца сёлета 26-28 кастрычніка ў тэхнапарку «Сколкава». Ён запрасіў прадстаўнікоў бізнесу зарэгістравацца для ўдзелу ў мерапрыемстве на сайце форуму – www.eurasianweek.org. Рэгістрацыя адкрыта да 19 кастрычніка.