Вход
Таццяна Валавая: «ЕАЭС неабходна выпрацаваць узгоднены падыход па крыптавалютах і блокчэйну»

Таццяна Валавая: «ЕАЭС неабходна выпрацаваць узгоднены падыход па крыптавалютах і блокчэйну»

dd.jpg
30.03.2018

Пра гэта заявіла член Калегіі (міністр) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Таццяна Валавая на панэльнай сесіі «Крыптавалюты: месца ў сістэме грашовага абарачэння і ўплыў на эканоміку краін ЕАЭС», дзе яна выступіла мадэратарам.

Мерапрыемства прайшло 28 сакавіка ў рамках кангрэса «БЛОКЧЭЙН РФ-2018» і стала працягам серыі абмеркавання тэматыкі крыптавалют і тэхналогіі блокчэйн у Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). У дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі бізнэсу і нацыянальных асацыяцый крыптавалют і блокчэйна. Адкрываючы дыскусію, Таццяна Валавая адзначыла важнасць феномену крыптавалют і тэхналогіі блокчэйн для рэалізацыі інтэграцыйнага патэнцыялу ЕАЭС: «У рамках Саюза існуе праграма эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, але свет мяняецца настолькі хутка, што, акрамя выканання абавязковай праграмы, неабходна хутка і своечасова адказваць на новыя глабальныя вызавы, з якімі сутыкаецца свет. З'яўленне такога феномену, як крыптавалюты, бясспрэчна, з'яўляецца вызавам, у тым ліку з пункту гледжання правядзення макраэканамічнай палітыкі, што патрабуе выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў у рамках Саюза».

Спікерамі быў агучаны шэраг канцэптуальных прапаноў, уключаючы ініцыятывы па фарміраванні архітэктуры наднацыянальнай крыптавалюты і стварэння еўразійскага цэнтра кампетэнцый у сферы блокчэйн. Міністр ЕЭК адзначыла, што на цяперашнім узроўні інтэграцыі адсутнічае эканамічная патрэба ў адзінай наднацыянальнай крыптавалюце, але гэта не азначае, што няма неабходнасці ў выпрацоўцы адзіных падыходаў да гэтых інструментаў. «Неабходна разумець, што адбываецца ў свеце, і актыўна на гэта рэагаваць. Адказ краін ЕАЭС на феномен крыптавалют і тэхналогіі блокчэйн павінен быць сістэмным і ўзгодненым».

Адным з важных аспектаў, які закранулі спікеры, стала пытанне аб месцы крыптавалют у сістэме грашовага абарачэння. З пункту гледжання макраэканомікі, крыптавалюты мяняюць падыходы да грашова-крэдытнага абарачэння i, адпаведна, могуць аказваць уплыў на макраэканамічную ўстойлівасць і стабільнасць. У сувязі з гэтым неабходна разумець апошнія сусветныя трэнды ў гэтай сферы для фармiравання ўласнай актыўнай пазіцыі па пытанні.

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі вопыт Беларусі, якая на сённяшні дзень з'яўляецца лідэрам у ЕАЭС па нарматыўна-прававым і інстытуцыянальным забеспячэннi развіцця тэхналогіі блокчэйн і крыптавалют. Прадстаўнікі Арменіі і Казахстана, у сваю чаргу, казалі аб паступальным характары развіцця тэхналогіі блокчэйн у сваіх краінах, пры гэтым адзначыўшы стрыманую пазіцыю нацыянальных рэгулятараў па пытанні крыптавалют. Таму для іх вопыт іншых краін ЕАЭС у галіне рэгулявання крыптавалют уяўляе сабой вялікую цікавасць.

Даведка

Кангрэс «БЛОКЧЭЙН РФ-2018» - галіновы кангрэс распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў тэхналогіі блокчэйн і прадуктаў, створаных на яе аснове.

У мерапрыемстве, арганізаваным Расійскай асацыяцыяй крыптавалют і блокчэйна (РАКIБ), прынялі ўдзел ключавыя фігуры і вядучыя эксперты лічбавай эканомікі – прадстаўнікі рэгулюючых органаў, дэпутаты, спецыялісты-практыкі, эканамісты, фінансісты, распрацоўшчыкі, юрысты і інвестары.

У рамках кангрэса адбыліся пленарная дыскусія, выстава, панэльныя сесіі на актуальныя тэмы. Падчас мерапрыемства спікеры абмеркавалі пытанні развіцця лічбавай эканомікі Расіі, тэхналагічных платформаў, падыходы да заканадаўчага рэгулявання галіны, магчымасці росту і дынаміку крыптаiнвестыцый, майнiнг крыптавалют, блокчэйн у сістэме дзяржаўнага кіравання і камерцыйным сектары, выкарыстанне прыватных грошай для развіцця бізнэсу і тэрыторый.

28 сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь уступіў у сілу Дэкрэт № 8, які замацоўвае правы рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій Рэспублікі Беларусь па 36 відах дзейнасці ў галіне тэхналогій, з якіх чатыры віды прысвечаны тэхналогіям на аснове блокчэйн, уключаючы дзейнасць крыптабiрж, крыптаабменнiкаў, аператараў ICO.