Вход
ЕЭК будзе ўкараняць сістэму міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту

ЕЭК будзе ўкараняць сістэму міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту

30.05.2017

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) устанавіла стаўкі падатковых пошлін на шэраг тавараў, унесла змяненні ў ветэрынарныя патрабаванні да рэпрадуктыўнага матэрыялу, адобрыла праект Праграмы супрацоўніцтва паміж ЕЭК і Эканамічнай і сацыяльнай камісіяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый для Азіі і Ціхага акіяна (ЭСКАЦА ААН), зацвердзіла мадэль пагроз бяспекі інфармацыі, якая дазваляе стварыць пацвярджальны цэнтр Камісіі і пачаць укараненне сістэмы міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту з узаемным прызнаннем электроннага подпісу.

30 мая на чарговым пасяджэнні Калегіі ЕЭК ухвалена праграма супрацоўніцтва з ЭСКАЦА ААН. Узаемадзеянне будзе ісці па 10 напрамках, уключаючы макраэканамічную палітыку, гандаль, інвестыцыі і падтрымку прадпрымальніцкай дзейнасці, транспарт, энергетыку, статыстыку, інфармацыйныя тэхналогіі, працоўную міграцыю. Узаемадзеянне па гэтых пытаннях будзе спрыяць устойліваму развіццю краін еўразійскага рэгіёну ва ўмовах фінансавай нестабільнасці, валацільнасці цэн і абменных курсаў міжнародных валют, забеспячэнню эфектыўнага выкарыстання транзітнага і лагістычнага патэнцыялу, спрашчэнню мытнага транзіту пры чыгуначных і аўтадарожных перавозках.

Рашэннем членаў Калегіі ЕЭК устаноўлены стаўкі ўвазных мытных пошлін Адзінага мытнага тарыфу Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) на шэраг тавараў (асобныя віды канцэнтраваных садавінавых сокаў, маторных транспартных сродкаў, наручных гадзіннікаў, а таксама халадзільнае і маразільнае абсталяванне, цырульніцкія крэслы і іх часткі, усяго 11 тарыфных ліній). Такім чынам, выкананы абавязацельствы Расійскай Федэрацыі ў рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

Камбінаваны фармат ставак пошлін будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года. Пры гэтым памер адвалорнага складніку ставак увазных мытных пошлін адпавядае канчатковай звязанай стаўцы пошліны ў рамках СГА.

Рашэнне Калегіі ЕЭК набудзе сілу з 1 верасня 2017 года.

Унесены змяненні ў Адзіныя ветэрынарныя (ветэрынарна-санітарныя) патрабаванні. У тэксце з'явілася частка, якая вызначае ўмовы ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС і перамяшчэнне паміж дзяржавамі-членамі генетычнага матэрыялу. Акрамя таго, адзначаны патрабаванні і вызначана форма адпаведнага ветэрынарнага сертыфіката. Прынятае рашэнне будзе спрыяць адраджэнню селекцыйна-племянной работы і рэпрадукталогіі, у тым ліку ў службовай сабакагадоўлі, і ўпарадкуе працу ветэрынарных клінік.

Члены Калегіі ЕЭК абмеркавалі пытанні, звязаныя са стварэннем сістэмы міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту У прыватнасці,  зацверджана мадэль пагроз бяспекі інфармацыі, якая дазваляе выявіць ключавыя рызыкі для адзінай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС  і стварыць пацвярджальны цэнтр ЕЭК. 

Прынятае рашэнне – яшчэ адзін крок да завяршэння падрыхтоўкі запуску ў доследную эксплуатацыю пілотнага праекта па забеспячэнні міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту ўпаўнаважаных органаў дзяржаў-членаў і Камісіі з выкарыстаннем сэрвісаў даверанага трэцяга боку, якія забяспечваюць механізм узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу. Першыя тэставыя выпрабаванні сістэмы міждзяржаўнага электроннага дакументазвароту праведзеныя і ўжо далі станоўчыя вынікі. 

«Рэалізацыя пілота ў дакументазвароце «G2G» з'яўляецца важным этапам у арганізацыі юрыдычна значнага трансгранічнага дакументазварота,  – адзначыла член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Карынэ Мінасян. –  На наступным этапе плануецца рэалізаваць працэдуры электроннага ўзаемадзеяння бізнесу з дзяржаўнымі органамі».