Вход
Краіны ЕАЭС могуць заняць да 20 % сусветнага рынку арганічнай прадукцыі, ёмістасць якога да 2020 года перавысіць 200 млрд. дол. ЗША

Краіны ЕАЭС могуць заняць да 20 % сусветнага рынку арганічнай прадукцыі, ёмістасць якога да 2020 года перавысіць 200 млрд. дол. ЗША

31.03.2017

Па ацэнках Еўразійскай эканамічнай  камісіі (ЕЭК), штогод для вытворчасці прадукцыі раслінаводства дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) вымушаныя закупляць рэсурсы з трэціх краін больш чым на 2 млрд. дол. ЗША. Як знізіць залежнасць ад імпарту і павялічыць уласную вытворчасць, у тым ліку арганічнай прадукцыі, абмеркавалі на круглым стале «Інавацыйныя тэхналогіі ў галіне раслінаводства як фактар павышэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі дзяржаў-членаў ЕАЭС» 30 сакавіка. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Дэпартамент аграпрамысловай палітыкі ЕЭК. 

Адкрываючы абмеркаванне, дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК Станіслаў Бубен адзначыў, што для ўсіх краін ЕАЭС сельская гаспадарка традыцыйна з'яўляецца стратэгічнай галіной. Удзельная вага прадукцыі сельскай гаспадаркі ў ВУП вельмі істотная: у Арменіі - гэта 17,3%, у Беларусі - 6,7%, у Казахстане - 14%, у Кыргызстане - 7%, у Расіі - каля 3,9%. Пры гэтым больш за палову ў ёй - доля прадукцыі раслінаводства.

У адпаведнасці з прагнозамі ЕЭК, у 2017-2018 гадах рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы па ЕАЭС адносна 2016 года складзе 8%, экспарту - 19%, узаемнага гандлю - 15%. Імпарт скараціцца на 15%.

У той жа час у АПК у цэлым і ў галіне раслінаводства ў прыватнасці застаецца шэраг нявырашаных пытанняў. Гэта, перш за ўсё, адставанне ў тэхніка-тэхналагічнай мадэрнізацыі, залежнасць ад імпартных высокатэхналагічных сродкаў вытворчасці і рэсурсаў: насення, кармоў, сродкаў аховы раслін, абсталявання і сельскагаспадарчай тэхнікі. За апошнія пяць гадоў сярэднегадавы аб'ём імпарту насення сельгасраслін у краіны ЕАЭС у вартасным выражэнні склаў звыш 750 млн дол. ЗША. Пестыцыдаў увезена ў 2016 годзе на 859 млн дол. ЗША. 

«Пытанні забеспячэння харчовай бяспекі, імпартазамяшчэння сталі для эканомікі дзяржаў-членаў стратэгічным прыярытэтам. Пры гэтым базавымі элементамі імпартазамяшчэння ў АПК з'яўляюцца развіццё насенняводства, хімізацыі, уласнай вытворчасці прадуктаў харчавання, тэхнічных і тэхналагічных сродкаў, дзе залежнасць краін ЕАЭС ад імпарту крытычная, - адзначыў Станіслаў Бубен. - Мы павінны знайсці шляхі развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва бізнесу і навукі, магчымасці фарміравання сумесных кааперацыйных праектаў, у тым ліку з удзелам замежнага капіталу.  Гэта дазволіць нарасціць вытворчасць на аснове ўласных інавацыйных тэхналогій і наватарскіх рашэнняў».

Удзельнікі круглага стала прапанавалі засяродзіць намаганні навукі на распрацоўцы высокаэфектыўных тэхналогій з удзелам Еўразійскіх тэхналагічных платформ. Так, прымяненне інавацыйных зберагальных тэхналогій у раслінаводстве з выкарыстаннем сістэм спадарожнікавай навігацыі для кіравання тэхнікай і тэхналогіямі, карціраванне палёў, дакладнае ўнясенне ўгнаенняў спрыяюць істотнаму зніжэнню выдаткаў вытворчасці.

У галіне селекцыі спецыялісты адзначылі неабходнасць уніфікацыі заканадаўства, якое датычыцца ўключэння гатункаў у нацыянальныя рэестры селекцыйных дасягненняў, узаемнага прызнання дакументаў, якія пацвярджаюць гатункавыя і пасяўныя якасці, а таксама забеспячэння правоў селекцыянераў на гатункі раслін у рамках Саюза. Гэта паскорыць укараненне ў гаспадарчы абарот новых высокапрадукцыйных гатункаў і высакаякаснага насення. 

Акрамя таго, адзначана неабходнасць фарміравання адзіных селекцыйных праграм у Саюзе па сланечніку, кукурузе і цукровых бураках для выключэння дубліравання даследаванняў, атрымання доступу да інфармацыі аб дасягненнях у гэтай сферы. 

У ходзе абмеркавання перспектыўных інавацыйных агратэхналогій вытворчасці пладова-ягадных культур ва ўмовах змен клімату ўдзельнікі круглага стала выказалі гатоўнасць сфарміраваць кааперацыйны праект па ўкараненні сістэм дакладнага земляробства з выкарыстаннем геаграфічнай інфармацыйнай сістэмы. Гэта дасць магчымасць рацыянальна размяшчаць пладова-ягадныя насаджэнні і, такім чынам, павялічыць ураджайнасць у 2-3 разы, забяспечыць устойлівасць вытворчасці. Адным з першых крокаў у гэтым напрамку будзе запланаванае падпісанне мемарандума па ўзаемадзеянні паміж навуковымі арганізацыямі краін ЕАЭС.

У мэтах развіцця вытворчасцей па перапрацоўцы бульбы і кормавытворчасці адзначана перспектыўнасць стварэння ў рамках Саюза індустрыяльных агратэхнапаркаў па бульбе і тапінамбуры.  

Удзельнікі мерапрыемства надалі асаблівую ўвагу развіццю арганічнай аграрнай галіны і біялагізацыі традыцыйнай сельскай гаспадаркі. Паводле ацэнак экспертаў, дзяржавы Саюза могуць заняць да 20% сусветнага рынку арганічнай прадукцыі, ёмістасць якога да 2020 года перавысіць 200 млрд дол. ЗША. Для гэтага неабходна развіваць супрацоўніцтва навуковых арганізацый і вытворцаў мікрабіялагічных сродкаў абароны раслін, біялагізаваных і інтэграваных сістэм абароны асноўных сельскагаспадарчых культур. Выкарыстанне распрацаваных у краінах ЕАЭС інавацыйных сродкаў абароны раслін, у прыватнасці ферамонаў насякомых, нанаразмерных прэпаратаў, а таксама новых форм мікраўгнаенняў дазволіць забяспечыць экалагізацыю раслінаводства і нарошчванне вытворчасці запатрабаванай на рынку арганічнай прадукцыі.

Распрацоўка ў рамках Саюза Гарманізаванай сістэмы дзяржаўнай рэгістрацыі поліфункцыянальных біяпрэпаратаў, а таксама мікрабіялагічных сродкаў абароны раслін таксама будзе спрыяць развіццю арганічнага земляробства.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 100 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, галіновых ведамстваў, асацыяцый, навуковых і адукацыйных арганізацый, бізнес-суполкі краін Саюза, а таксама прадстаўнікі Рэгіянальнага аддзялення Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) для Еўропы і Цэнтральнай Азіі, Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу.

Даведка: 
Еўразійскія тэхнічныя платформы з'яўляюцца механізмам кааперацыі зацікаўленых бакоў у навукова-тэхнічнай, інавацыйнай і вытворчай сферах і фарміруюцца шляхам стварэння ўмоў для супрацоўніцтва паміж вядучымі арганізацыямі бізнесу, навукі, дзяржавы, грамадскімі арганізацыямі дзяржаў-членаў ЕАЭС.