Вход
Інтэрв’ю Старшыні Калегіі ЕЭК В. Хрысценкі часопісу «Итоги»(«Вынікі»): «Палітычнай эйфарыяй ад прыняцця ў саюз новых членаў доўга сыты не будзеш»

Інтэрв’ю Старшыні Калегіі ЕЭК В. Хрысценкі часопісу «Итоги»(«Вынікі»): «Палітычнай эйфарыяй ад прыняцця ў саюз новых членаў доўга сыты не будзеш»

18.02.2013

Прайшоў год з таго часу, як у Маскве працуе Еўразійская эканамічная камісія – наднацыянальны орган Расіі, Беларусі і Казахстана. Яе задача – дабіцца бесперабойнай працы Мытнага саюза і давесці інтэграцыю да ўзроўню Еўразійскага эканамічнага саюза. Той факт, што прыклад для пераймання – Еўрасаюз – перажывае не лепшы час, ініцыятараў еўразійскай інтэграцыі зусім не бянтэжыць. Сваімі разважаннямі на гэты конт з «Итогами» («Вынікамі») падзяліўся старшыня Калегіі ЕЭК Віктар Хрысценка.
 

– Віктар Барысавіч, па словах экспертаў, без Украіны сапраўднага саюза не атрымаецца...
 
– Хто кажа? Як у анекдоце: тыя, хто паспытаў цыяністага калію, кажуць, што ён дзейнічае імгненна. Для мяне на дадзеным этапе глыбіня эканамічнай інтэграцыі важнейшая, чым расшырэнне саюза. У самы кароткі тэрмін належыць вырашыць звышзадачу: дасягнуць свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы Адзінай эканамічнай прасторы дастаткова розных эканомік Беларусі, Казахстана і Расіі. На гэтыя граблі якраз і наступіў Еўрасаюз. На яго прыкладзе мы пераканаліся: палітычнай эйфарыяй ад прыняцця новых членаў доўга сыты не будзеш.​
 – Але Украіна больш важны для Расіі партнёр, чым Казахстан і Беларусь.

 
– Для самой Украіны адзіны рынак Беларусі, Казахстана і Расіі мае значна большае значэнне. Украіна была актыўным удзельнікам інтэграцыі ў 2003-2004 гадах. Тады быў падрыхтаваны каркас аб’яднання – каля 40 пагадненняў. Але потым узнікла дылема, перад якой Украіна замерла і знаходзіцца ў такім стане да гэтага часу. Пытанне ў тым, што членства ў любой структуры – хоць у Еўрасаюзе, хоць у Еўразійскім саюзе – патрабуе ўсяго комплексу абавязацельстваў. А ў Кіеве хочуць частковага, каб і там, і там, і толькі па тых пазіцыях, якія падабаюцца. Не атрымаецца. І ўбаку не застацца: свет змяніўся, і паасобку зараз не заяўляюць пра сябе нават самыя багатыя і ўплывовыя краіны, усе так ці інакш групуюцца.
 
– У Кіеве гэта разумеюць?
 
– У верасні мы з Мікалаем Азаравым (прэм’ер-міністр Украіны – «Итоги» ( «Вынікі»)) падпісалі два мемарандумы па ўзаемадзеянні ў сферы тэхрэгулявання і гандлю. Але не Украінай адзінай. Еўразійскае эканамічнае супольніцтва (ЕўрАзЭС) было створана ў 2000 годзе пяццю краінамі, але толькі тры з іх адважыліся на стварэнне Мытнага саюза, а потым і Адзінай эканамічнай прасторы. Для каардынацыі і была створана Еўразійская эканамічная камісія. Наступны этап – Еўразійскі эканамічны саюз, які пачне працу з 1 студзеня 2015 года. Кіргізія і Таджыкістан – першыя прэтэндэнты на членства ў ім.

– Чаму ж іх адразу не ўзялі?
 

– Яны тады не заяўлялі пра сваю гатоўнасць, затое сёння мы маем такую заяўку ад Кіргізіі. Ужо зразумела, што іх заканадаўства істотна адрозніваецца ад таго, якое ёсць у «тройкі». Але да лістапада ў нас будзе план дзеянняў.​

 
 

– Дарэчы, Кіргізія – член СГА...

 

– Кіргізія ўступала даўно і на такіх умовах, якія не падобны да абавязацельстваў Расіі. А менавіта гэты – расійскі – узровень абавязацельстваў сёння рэалізуецца камісіяй і распаўсюджваецца на ўсю прастору Мытнага саюза. Незразумела, хто і як будзе кампенсаваць непазбежныя ў выпадку далучэння Кіргізіі змены. Але, як кажуць, «дарогу здужае ідучы».

 
 

– Вы гэта абмяркоўвалі нядаўна з гендырэктарам СГА Паскалем Ламі?

 

– У тым ліку. Мы дастаткова шчыра выказалі адзін аднаму пазіцыі. СГА бачыць праблему, але не закрываецца ад яе, не адмаўляе магчымасці рашэння. Мы са спадаром Ламі старыя знаёмыя – з канца 90-х. Ён не толькі прызнае існаванне нашага саюза, але і зацікаўлены ва ўзаемадзеянні. Мы пачалі з падрыхтоўкі кадраў: больш за 60 нашых спецыялістаў яе ўжо прайшлі па пытаннях гандлю, тэхрэгулявання, санітарных мер. У бліжэйшы час у Жэневе мы прэзентуем саму камісію і яе дзейнасць. Хоць Расія і стала членам СГА, але ў сувязі з утварэннем Мытнага саюза яна не можа сама, напрыклад, мяняць тарыфы, вырашаць пытанні ў сферы тэхрэгулявання ці абарончых мер – усё гэта аддадзена на наднацыянальны ўзровень, у камісію. Усё рашаецца з гэтага часу «на траіх». Але ўсе рашэнні праходзяць ацэнку на адпаведнасць нормам СГА. У выніку Казахстан і Беларусь, не з’яўляючыся членамі СГА, па сутнасці ўжо жывуць па яе правілах. Галоўнае, не толькі ўпісацца ў іх, важней удзельнічаць у працэсе змянення СГА. Сёння яна сутыкаецца з каласальнымі праблемамі. Свет змяніўся. Калісьці група развітых краін дыктавала ўсім сваю волю, а сёння ў іх з’явіліся канкурэнты.

 

– Расія падцягвае Казахстан і Беларусь да ўступлення ў СГА?

 

– Казахстан ужо на фінішнай прамой. Упэўнены, яго ўступленне – пытанне гэтага года. У Мінска справа больш сур’ёзная – бар’ераў больш, у першую чаргу, палітычных.

 
– А ці патрэбна? Можа, СГА знікне?

 

– Скажу інакш: два працэсы, якія вызначаюць аблічча эканомікі мінулага стагоддзя, – глабалізацыя і рэгіяналізацыя – перасталі ісці паралельна. Сёння яны часам супярэчаць адзін аднаму, асабліва пасля першай хвалі крызісу. Зразумела, што працяг глабалізацыі з адзіным цэнтрам немагчымы. А вось рэгіяналізацыя набірае сілы. На маю думку, эфектыўнасць выхаду з крызісу і фарміраванне новага вобліку сусветнай эканомікі будуць залежаць ад моцных рэгіянальных структур і эфектыўнасці камунікацыі паміж імі.

 

– Самая паспяховая з іх – Еўрасаюз – так і глядзі разваліцца...
 

– Я не веру. Наступствы будуць настолькі катастрафічныя, што я не ведаю настолькі адмарожаных палітыкаў, якія б на гэта пайшлі. Наадварот, адказныя палітыкі ў Еўропе гавораць пра паглыбленне інтэграцыі. Чалавек, які спатыкнуўся на лесвіцы, стараецца прабегчы ўперад па прыступках. Гэта адзіны спосаб не расквасіць сабе нос. У Еўрасаюзе, на мой погляд, памылка была дапушчана ў пачатку 2000-х, калі яны, будучы ў супакоеным стане ад эканомікі, якая добра развівалася, прымалі палітычна матываваныя рашэнні пра далейшае пашырэнне.

 

– Чым займалася гэты год ваша камісія?

 

– Мы прынялі больш за 300 рашэнняў, якія дзейнічаюць напрамую на прасторы трох краін, і працавалі над разгортваннем 17 базавых пагадненняў па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы. Наша задача – стварыць умовы для функцыянавання чатырох свабодных прастор: тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. Для рэалізацыі пагадненняў нам давядзецца ў самы кароткі тэрмін прыняць яшчэ каля 52 дакументаў. Зрабіць трэба шмат: нават у дзейнасці Мытнага саюза ёсць выключэнні з галіны наднацыянальнага рэгулявання – лякарствы, вырабы медыцынскага прызначэння і алкаголь адносяцца да сферы рэгулявання нацыянальнымі органамі. Мы робім усё, каб выключэнняў не стала.

 

– Што перашкаджае?​

 – Адказ у тым ліку ляжыць у зоне ўзаемадзеяння наднацыянальнай і нацыянальных бюракратый. Фарміраванне адзіных правіл – гэта заўсёды фарміраванне адзінай наднацыянальнай кампетэнцыі. Пры гэтым ніхто не імкнецца аддаваць паўнамоцтваў. Але, упэўнены, мы пройдзем гэты этап.

– Прэзідэнт у Еўразійскага саюза з’явіцца?

 

– Сёння гэта пытанне не абмяркоўваецца. Органам улады з’яўляецца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, на ўзроўні прэзідэнтаў краін. На маю думку, гэта адэкватная канструкцыя, якая дазваляе распрацоўваць і прымаць ключавыя рашэнні ў сціслы тэрмін. Палітычная воля рашае ўсё! Супрацоўнічаем мы і з нацыянальнымі органамі ўлады: пры камісіі па кожным напрамку працуюць кансультатыўныя камітэты, у якіх нацыянальныя ўрады прадстаўлены, як правіла, на ўзроўні намеснікаў міністраў. Гэта дазваляе ўлічыць інтарэсы трох краін. Хоць бывае, што прымаюцца рашэнні, якія таму ці іншаму боку не падабаюцца. Зрэшты, кожны бок вольны накласці вета, калі знойдзе аргументы.

 
 

– І часта такое здаралася?
 

– Ні разу.

 

– Хто больш за іншых выйграў ад з’яўлення Мытнага саюза?
 

– Беларусь, калі браць удзельна. Большая частка беларускай эканомікі – апрацоўчая прамысловасць і машынабудаванне. Гэтыя галіны больш за іншыя выйграюць ад інтэграцыі. Па дынаміцы рэгістрацый прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу лідзіруе Казахстан. У 2,5 раза вырас гандаль паміж Беларуссю і Казахстанам. Пачынаецца канкурэнцыя юрысдыкцый і адміністрацый, барацьба за эфектыўнасць. І гэта вельмі добра. А наогул пакуль што строгі падлік у рэжыме прыбыткаў і страт праводзіць не зусім карэктна – у нас сістэмны доўгатэрміновы праект.

– Канфлікты ўзнікаюць часта? Да каго асноўныя прэтэнзіі?

– У нейкай ступені кожнае рашэнне камісіі – вынік няпростай працы, узгаднення. Што датычыцца прэтэнзій, яны, як водзіцца, ёсць ва ўсіх і да ўсіх. Тут некалькі аспектаў. Мы як камісія разам з нацыянальнымі ўрадамі адказваем за рэалізацыю пагадненняў, падпісаных трыма бакамі. Калі мы бачым, што нормы таго ці іншага пагаднення не выконваюцца, у нас ёсць права ўказаць на гэта баку, які «правінаваціўся», і прасіць ліквідаваць парушэнні. Пакуль такіх рашэнняў няшмат, хоць яны ёсць. Для прэтэнзій суб’ектаў гаспадарання у нас ёсць Суд ЕўрАзЭС. Судзяць там пакуль што ў асноўным нас, гэта значыць, камісію. Напрыклад, апошнім разам туды звярталіся расійскія вугальшчыкі. У выніку мы адмянілі рашэнне Камісіі Мытнага саюза – нашых папярэднікаў – і прапанавалі зрабіць тое ж самае расійскаму ўраду.

 

– Нацыянальныя ўрады слухаюцца?
 

– Гэта праект лідараў трох краін. І справа не ў жаданні ці нежаданні: пастаўлены задачы, і іх патрэбна рашыць.

 

– А калі гэтыя лідары адыдуць, Еўразійскі саюз адправіцца туды ж, куды і СССР?​

– Думаеце, прыйдуць іншыя і ўсё разваляць? Я памятаю, як ратыфікавалі дагавор аб камісіі ў расійскім парламенце – большасцю. А дагавор зусім не прахадны, і можна было на гэтай пляцоўцы адтаптацца як мае быць, зарабіўшы палітычныя ачкі. Але на падтрымцы эканамічнай інтэграцыі, як паказалі апытванні, можна зарабіць больш. Нельга сёння пражыць адгарадзіўшыся. Каб быць канкурэнтаздольным, трэба кааперавацца. Пытанне толькі з кім. Тут кожная краіна робіць для сябе прагматычны выбар, каб стаць больш эфектыўнай, моцнай, канкурэнтаздольнай у свеце.