Вход
Тэзісы Старшыні Калегіі ЕЭК В.Б.Хрысценкі на сустрэчы з АЕБ. «Еўрапейскі вектар еўразійскай інтэграцыі»

Тэзісы Старшыні Калегіі ЕЭК В.Б.Хрысценкі на сустрэчы з АЕБ. «Еўрапейскі вектар еўразійскай інтэграцыі»

23.05.2012

Паважаныя калегі, сябры!

Дзякую Вам за запрашэнне прыняць удзел у сённяшнім мерапрыемстве. Я рады быць сёння тут, бо мы з вамі старыя знаёмыя. На працягу многіх гадоў мне давялося падтрымліваць з еўрапейскім бізнесам – з вамі, паважаныя калегі – актыўны змястоўны дыялог па мностве няпростых пытанняў у самых розных галінах.

Я заўсёды гаварыў, што стратэгічны характар адносін паміж партнёрамі вызначаецца не адсутнасцю вострых пытанняў і канфліктных сюжэтаў, а здольнасцю адкрыта абмяркоўваць і канструктыўна вырашаць такія пытанні. Нам гэта, безумоўна, удавалася. І, я ўпэўнены, гэтая пазітыўная практыка складае добрую аснову для развіцця будучага супрацоўніцтва.

Ваша асацыяцыя – сапраўды ўнікальная пляцоўка. Тут прадпрымальнікі розных краін знаходзяць агульную мову, вучацца лепш разумець адзін аднаго, распачынаюць новыя праекты, знаходзяць стратэгічных партнёраў. Спіс тых, каму Вы надаяце прыярытэтную ўвагу, заўсёды быў накшталт актуальнай карты эканамічнай палітыкі Расіі. 

Зараз гэтую працу немагчыма ўявіць у адрыве ад глабальнага кантэксту (СГА, МС і АЭП). І мне сёння нададзена магчымасць сказаць некалькі слоў пра тое, якую я бачу перспектыву.

Крыху пра кантэксты. Расія знаходзіцца ў працэсе ўступлення ў СГА. За 17 гадоў, пакуль Расія вяла перамовы, змяняліся і СГА, і сама Расія. Сёння гаворка ідзе аб уступленні змененай Расіі ў моцна змененую арганізацыю.

 

На прасторы СНД ідзе актыўны працэс эканамічнай інтэграцыі. Перакананы, што гэта нясе новыя магчымасці.

Каталізатарам гэтага руху стаў глабальны эканамічны крызіс. Было прынята прынцыповае рашэнне аб паглыбленні інтэграцыі, здольнай зрабіць эканомікі нашых краін больш устойлівымі. Гэты выбар не выпадковы. Рэгіяналізацыя ва ўсім свеце стала адзіным адказам крызісу глабалізацыі як адзінай мадэлі развіцця.​

Іншых фундаментальных драйвераў росту эканомікі не назіраецца. Зняцце бар’ераў і абмежаванняў, фарміраванне адзінага рынку – адзіны драйвер, здольны ўдыхнуць новыя сілы ў эканомікі нашых краін. Таму мы прынялі рашэнне пра істотнае паскарэнне гэтага працэсу.​

У выніку за апошнія чатыры гады адбыліся якасныя зрухі – запрацаваў Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана. На тэрыторыі трох краін выкарыстоўваюцца нормы адзінага Мытнага кодэкса, дзейнічае Адзіны мытны тарыф, адзіная сістэма знешнегандлёвага і мытнага рэгулявання, адзінае прававое поле ў галіне тэхнічнага рэгулявання.

І ўжо відаць канкрэтныя вынікі.

З 1 студзеня 2012 года мы пачалі наступны этап – фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы.

Сёння на гэтым трэку распачата сістэмная праца. На наднацыянальны ўзровень паэтапна перадаюцца новыя паўнамоцтвы.​

Рашэннем Прэзідэнтаў створана і ўжо актыўна працуе Еўразійская эканамічная камісія, якая самастойна прымае рашэнні. Рабочым органам ЕЭК стала Калегія, куды бакі дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў, міністраў па найважнейшых накірунках супрацоўніцтва. Можна назваць іх «еўразійскімі камісарамі».​

 

ЕЭК – паводле ключавых пазіцый беспрэцэдэнтная структура. І паводле статусу – наднацыянальны орган, і паводле аб’ёму паўнамоцтваў, і паводле зададзеных логікай інтэграцыі тэмпах працы – па сутнасці, нам патрэбна прайсці шлях калег з Еўрасаюза ў разы хутчэй.

За бліжэйшыя некалькі гадоў мы хочам стварыць новае па якасці інтэграцыйнае эканамічнае аб’яднанне. У поўным аб’ёме павінен запрацаваць адзіны рынак тавараў, капіталаў, паслуг і працоўнай сілы.

Нас чакае вялікая праца. Да 2015 неабходна перавесці ў практычную плоскасць усе заключаныя паміж краінамі пагадненні (17 штук) у макраэканоміцы і фінансах, транспарце і энергетыцы, гандлі і інвестыцыях, прамысловым і аграпрамысловым комплексах. Гэта азначае, што ў іх развіццё павінна быць прынята некалькі дзясяткаў дакументаў, у тым ліку прамога дзеяння. Акрамя таго, да 2015 года павінна быць завершана кадыфікацыя нарматыўна-прававой базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

На гэтай аснове не пазней за 2015 год мы павінны выйсці на падпісанне ўсеабдымнай дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Для бізнесу трох краін – ключавой аўдыторыі нашай працы – гэта азначае стварэнне адзінага рынку ў 165 млн. спажыўцоў з уніфікаваным заканадаўствам. Гарманізаванага з пункту погляду макраэканамічнай палітыкі, правіл канкурэнцыі, сістэмы тэхнічнага рэгулявання, транспарта, тарыфаў натуральных манаполій, сельскагаспадарчых і прамысловых субсідый.Для забеспячэння эфектыўнага працэсу выпрацоўкі рашэнняў пры Камісіі створана першая чарга кансультатыўных органаў Камісіі: кансультатыўныя камітэты па гандлі, тэхнічным рэгуляванні, падатковай палітыцы. Камітэты ўжо вядуць актыўную працу.​

 

Больш за тое, ідзе праца над стварэннем Кансультатыўнага Савета – камунікатыўнай пляцоўкі ўзаемадзеяння з бізнесам, на якой мы б маглі ў адкрытым фармаце сінхранізаваць дзеянні і актуалізаваць праблемы з тым, каб аператыўна выпрацоўваць адэкватныя рашэнні.

Мы зараз актыўна прапрацоўваем з асацыяцыямі прадпрымальнікаў Расіі (РСПП), Казахстана (Атамекен) і Беларусі (Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Рэспублікі Беларусь) усе дэталі Бізнес-дыялогу.

Пры гэтым мы не збіраемся замыкацца на рашэнні выключна ўнутраных пытанняў. Камісія настроена на актыўныя кантакты ў фармаце СНД і іншых міжнародных арганізацый, дзе нашы члены не з’яўляюцца ўдзельнікамі. Нам важна, каб наша аб’яднанне актыўна ўдзельнічала ў фарміраванні міжнароднага эканамічнага парадку дня.

 

Вяртаючыся да еўрапейскага трэка.

Той жа глабальны крызіс, які прасунуў наперад Еўразійскі інтэграцыйны праект, паказаў, што ні еўрапейскія эканомікі, ні эканомікі краін Еўразіі паасобку не маюць дастатковага запасу трываласці.                         

Больш таго, тэндэнцыя да дэіндустрыялізацыі, уласцівая Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі, стварае дадатковыя рызыкі, зніжае ўстойлівасць яе эканомікі. І мы ўжо бачым на некаторых прыкладах негатыўныя наступствы такой палітыкі. Гэта ставіць на парадак дня пытанне стымулявання новай хвалі індустрыялізацыі еўрапейскага кантынента, а разам з ёй і новай хвалі эканамічнага росту. І ў гэтай працы краіны Мытнага саюза і Еўропа – натуральныя партнёры, якія арганічна дапаўняюць адзін аднаго.

Еўрапейскі саюз – асноўны гандлёва-эканамічны партнёр краін Мытнага саюза – гэта больш за 50% (58,5% за І квартал) імпарту. У сваю чаргу, для Еўрасаюза Мытны саюз трэці гандлёвы партнёр пасля ЗША і Кітая. Я ўпэўнены, што такая якасць адносін захаваецца і надалей. Для гэтага ёсць усе аб’ектыўныя перадумовы: ці то эканоміка, палітыка ці агульная гісторыя.

Таму, я ўпэўнены, мы павінны навучыцца эфектыўна выкарыстоўваць перавагі новага асяроддзя. Нас чакае вялікая сумесная праца ў гэтых адносінах.

Вопыт кантактаў з еўрапейскімі калегамі і бізнесменамі прывёў мяне да разумення аптымальнай канцэпцыі нашага супрацоўніцтва. Нашым мэтавым арыенцірам становіцца гарманізаваная гандлёвая, прамысловая і рэгулятыўная палітыка. У тым ліку, сістэма стандартаў. Такая практыка ўжо склалася, і я ўпэўнены: тут можа быць надзвычай важная праца вашай Асацыяцыі.

У апошняе дзесцігоддзе быў зроблены якасны рывок ва ўзаемадзеянні бізнесу. Самае галоўнае, на мой погляд, удалося стварыць новы фармат супрацоўніцтва, заснаваны на ўзаемных доўгатэрміновых інтарэсах і даверы да партнёра з другога боку.

Упэўнены, што развіццё Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы будзе звязана з вялікай колькасцю цікавых і амбіцыйных праектаў.

Як Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, гатовы да працягу дыялогу, які мае ўзаемны інтарэс для бізнесу Еўразійскай і Еўрапейскай прасторы.

Дзякуй за ўвагу.​