Вход
Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Нурлана Алдабергенава для «ІА Kazakhstan Today»

Інтэрв’ю Міністра па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Нурлана Алдабергенава для «ІА Kazakhstan Today»

25.01.2013
Член калегіі – міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Нурлан Алдабергенаў адказаў на пытанні карэспандэнта інфармацыйнага агенства «Kazakhstan Today».

– Еўразійская эканамічная камісія – наднацыянальны орган, які павінен рашыць пытанні спрашчэння ўнутраных гандлёвых адносін у МС. Якія праблемныя пункты сёння?

– З першага студзеня бягучага года створана Адзіная эканамічная прастора (АЭП). Зараз паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй няма мытных межаў, ідзе свабоднае перамяшчэнне тавараў. Усе законы аб канкурэнцыі ў трох дзяржавах, якія ёсць у цяперашні час, засталіся ў тым выглядзе, у якім былі раней, да стварэння АЭП. Зараз перад Еўразійскай эканамічнай камісіяй і краінамі АЭП стаіць першачарговая задача па збліжэнні заканадаўства аб канкурэнцыі для забеспячэння эфектыўнага функцыянавання таварных рынкаў АЭП і выгады прадпрымальнікаў.

Першы этап гарманізацыі прадугледжвае збліжэнне законаў аб канкурэнцыі. Камісія зараз працуе у гэтым напрамку з трыма парламентамі, з трыма ўрадамі.

Урад Беларусі ўнёс законапраект па ўнясенні паправак у закон «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» ў парламент краіны.

У Расійскай Федэрацыі законапраект па змяненні закону «Аб абароне канкурэнцыі» знаходзіцца на разглядзе на федэральным узроўні.

У Казахстане змяненні ў закон «Аб канкурэнцыі» адобраны мажылісам і знаходзяцца на разглядзе сената парламента.

Камісія выказвала распрацоўшчыкам свае заўвагі і прапановы па заканадаўчых змяненнях. Мы прынялі ўдзел па дадзеным законапраекце ў «круглым стале», які быў праведзены дэпутатамі парламента Казахстана. Зараз законапраект знаходзіцца ў рабоце ў дэпутатаў на фінальнай стадыі.

Паколькі законы аб канкурэнцыі знаходзяцца на разглядзе, гэта права дэпутатаў, права ўрадаў уносіць змяненні і дапаўненні. Пры гэтым супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства нормам ратыфікаванага Пагаднення аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі быць не павінна.

Другі этап гарманізацыі – гэта прыняцце Мадэльнага закона аб канкурэнцыі. Мадэльны закон аб канкурэнцыі – гэта заканадаўчы акт, накіраваны на збліжэнне прававога рэгулявання эканамічных адносін у галіне канкурэнтнай палітыкі трох краін. Мадэльны закон будзе падпісвацца кіраўнікамі трох дзяржаў. Тэрмін яго прыняцця – да ліпеня 2013 года.

У гэтым напрамку адна з першых задач, якая стаіць перад камісіяй, дзяржавамі АЭП і прадпрымальнікамі, – улічыць інтарэсы прадпрымальнікаў трох краін пры распрацоўцы і прыняцці Мадэльнага закона аб канкурэнцыі. З гэтай мэтай плануецца шырокае абмеркаванне Мадэльнага закона на тэрыторыі трох дзяржаў. Зараз праводзіцца падрыхтоўчая праца з органамі дзяржаўнай улады, вучоным і прадпрымальніцкім згуртаваннямі дзяржаў.

Пасля прыняцця Мадэльнага закона, у перспектыве, на працягу двух-трох гадоў Беларусь, Казахстан і Расія будуць прымаць папраўкі ў законы аб канкурэнцыі для іх далейшага збліжэння на аснове Мадэльнага закона аб канкурэнцыі.


– Ці можна сказаць, што на сёння праблемным пунктам пакуль застаецца тое, што няма адзінага заканадаўства?

– Адрозненне заканадаўства – хутчэй за ўсё не праблема, гэта нязручнасць для вядзення бізнесу. Адна справа, калі вядзеш бізнес на тэрыторыі Казахстана, іншая, калі прыязджаеш у Расію ці Беларусь і сутыкаешся з іншым заканадаўствам, якое можа моцна адрознівацца. Таму адна з задач – зблізіць заканадаўства.

У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстана і Расіі створана, межы адкрыты, але ўнутраныя законы трох дзяржаў не змяніліся, бар’еры засталіся. Пры гэтым магчымы выпадкі, калі ў адзін бок тавар паступае без перашкод, а ў другі такі ж тавар не дапускаецца.

У сувязі з гэтым наступная задача – гэта знішчэнне адміністрацыйных бар’ераў па доступе да рынкаў Беларусі, Казахстана і Расіі.

Калегіяй ЕЭК праводзіцца праца па ліквідацыі бар’ераў, і ў асноўным гэта праца праводзіцца сумесна з саветам камісіі.

У калегіі ЕЭК працуюць 9 міністраў, кожны – па сваім кірунку. Калегія аднолькава абараняе ўсе тры рынкі, бо ў адпаведнасці з дагаворам аб Еўразійскай эканамічнай камісіі члены калегіі (міністры) павінны быць незалежныя ад дзяржаўных органаў і службовых асоб трох краін.

У сваю чаргу, савет камісіі, у складзе трох віцэ-прэм’ераў, абараняе інтарэсы кожнай краіны. Так, казахстанскі віцэ-прэм’ер абараняе інтарэсы Казахстана, расійскі – абараняе інтарэсы РФ, беларускі – абараняе інтарэсы Беларусі. Такія адрозненні паміж калегіяй і саветам камісіі.

Таму савет камісіі можа ўносіць прапановы і агучваць усе існуючыя адміністрацыйныя бар’еры, даваць даручэнні ўрадам трох краін і калегіі камісіі па ліквідацыі такіх бар’ераў. У цяперашні час адказным дзяржаўным органам трох краін неабходна падрыхтаваць і накіраваць у савет ЕЭК пералік існуючых перашкод (па напрамках: галіна фінансавай дзейнасці, банкаўскай сферы, тэхрэгуляванне, антыманапольнае рэгуляванне, у гандлёвай дзейнасці, у падатковай сферы, у галіне натуральных манаполій і інш.) для дачы адпаведнага даручэння калегіі камісіі і ўрадам трох краін. Збліжэнне заканадаўства трох краін – найбольш эфектыўны спосаб знішчэння неабгрунтаваных адміністрацыйных бар’ераў і забеспячэння аднолькавых умоў канкурэнцыі на гандлёвых рынках АЭП.

– Вы ўдзельнічаеце ў перагаворным працэсе, у распрацоўцы законапраектаў. Вы часта бывалі ў парламенце і не раз чулі крытыку дэпутатаў, што не ўлічваюцца інтарэсы Казахстана ў перагаворным працэсе. Наколькі ўлічваюцца нашы інтарэсы?

– У Казахстане ўсе законы прымаюцца парламентам. І ўсе змяненні і дапаўненні разглядаюцца менавіта ў парламенце. Таму мы з дэпутатамі праводзім вялікую сумесную працу. ЕЭК уносіць свае прапановы па законапраектах, якія распрацоўваюцца ў рамках гарманізацыі заканадаўства трох краін у галіне канкурэнтнай палітыкі.

Адобраны мажылісам парламента законапраект аб унясенні змяненняў у закон Рэспублікі Казахстан «Аб канкурэнцыі», канечне, улічвае інтарэсы Казахстана.

Пры гэтым праект Мадэльнага закона аб канкурэнцыі, які плануецца ў пачатку 2013 года пачаць абмяркоўваць з прадпрымальнікамі нашых трох краін, з навуковай сферай, павінен непасрэдна ўлічваць інтарэсы кожнай дзяржавы. Я лічу, што пры абмеркаванні камісіі спатрэбіцца актыўная падтрымка нашых бізнесменаў, паколькі менавіта яны першыя сутыкаюцца з існуючымі бар’ерамі, яны поўнасцю валодаюць праблемнымі пытаннямі ў сферы сваіх інтарэсаў і могуць падказаць камісіі, наколькі патрэбна тая ці іншая норма закона.

Для абмеркавання Мадэльнага закона аб канкурэнцыі прадугледжаны шэраг сустрэч, круглых сталоў, міжнародных навуковых канферэнцый на тэрыторыі дзяржаў АЭП. Зараз праводзіцца актыўная праца з дэпутатамі парламента, плануюцца выязныя сустрэчы на прыгранічных тэрыторыях, паколькі ўсе асноўныя спрэчныя пытанні ўзнікаюць на прыгранічных тэрыторыях. Таму каб пазбегнуць спрэчных пытанняў у галіне канкурэнтнай палітыкі, патрабуецца дбайная перапрацоўка мадэльнага закону.

Паколькі названы заканадаўчы акт будзе падпісвацца кіраўнікамі дзяржаў – Беларусі, Казахстана і Расіі, ён будзе служыць арыенцірам для далейшага ўдасканалення і збліжэння нацыянальнага заканадаўства аб канкурэнцыі трох краін.


– Якім чынам плануецца скаардынаваць антыманапольныя заканадаўствы краін МС? У больш ліберальным ці жорсткім напрамку?

– Ведаеце, гэта добрае і даволі дыскусійнае пытанне. Канечне, ёсць жорсткія нормы – гэта штрафныя санкцыі за антыканкурэнтныя пагадненні, нядобрасумленную канкурэнцыю, злоўжыванне дамінуючым становішчам. Заканадаўствам Беларусі, Казахстана і Расіі прадугледжаны шэраг нормаў, якія прадугледжваюць пакаранне за парушэнне антыманапольнага заканадаўства ў памеры да 10-15% ад сумы выручкі прадпрыемства-парушальніка. Але ў той жа час ёсць і нормы закона, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сусветнай практыцы – папераджальныя, перасцерагальныя. Мы прадугледжваем дадзеныя прафілактычныя нормы ў праекце Мадэльнага закона і рэкамендуем нашым нацыянальным органам прадугледжваць у заканадаўстве такія нормы, як перасцярога, як папярэджанне і пераносіць акцэнты ў працы з пакарання за парушэнне антыманапольнага заканадаўства на іх прафілактыку і папярэджанне.

Часта бізнес выказвае заклапочанасць памерамі санкцый за парушэнне антыманапольнага заканадаўства, у прыватнасці за ўхіленне ад дачы інфармацыі па запыце антыманапольнага органа, і адзначае неабходнасць шырокай тлумачальнай працы па антыманапольным заканадаўстве і неабходнасць прафілактычных мер. Мы плануем у Мадэльным законе прадугледзець такія нормы, якія дазвалялі б гэта рабіць.

У той жа час, неабходна прадугледжваць і больш жорсткія меры, напрыклад, дыскваліфікацыю. Вось зараз у РФ ёсць такая норма на выпадак, калі манапольнае прадпрыемства парушае антыманапольнае заканадаўства, пры гэтым прыцясняе інтарэсы спажыўца. І калі прадпрыемства сістэматычна гэта робіць, ёсць такая норма – дыскваліфікацыя службовай асобы на тэрмін да трох гадоў.

Гэта больш жорсткая мера, каб усе разумелі, наколькі важна ствараць і падтрымліваць канкурэнцыю. Наша асноўная задача – гэта развіццё канкурэнцыі. Канечне, мы павінны ўвесь час развіваць, падтрымліваць канкурэнцыю, таму што толькі ва ўмовах развітай канкурэнцыі магчымы і рух наперад, і перспектывы.

Прадугледжваем мы новаўвядзенні і ў галіне дзяржаўнага цэнавага рэгулявання. Паколькі цэны ў Казахстане ўстанаўліваюцца органам рэгулявання (АРНМ), у Расіі – гэта Федэральная служба па тарыфах, у Беларусі – гэта Міністэрства эканомікі, кантроль за ўстанаўленнем цэн, на нашу думку, павінен заставацца за антыманапольнымі органамі. Так, калі Федэральная служба па тарыфах устанаўлівае тарыфы, то кантроль за ўстанаўленнем тарыфаў павінен заставацца за Федэральнай антыманапольнай службай. Цэны і доступ да паслуг натуральных манаполій з’яўляюцца базавымі ўмовамі канкурэнцыі практычна на ўсіх таварных рынках. І ў гэтай частцы патрэбен орган, які будзе адсочваць, наколькі абгрунтаваны, наколькі правільна ўстаноўлены тарыфы, у тым ліку з пункту гледжання развіцця канкурэнцыі. На нашу думку, такім огранам павінна быць антыманапольнае ведамства. Мяркуецца, што ўказаныя новаўвядзенні таксама знойдуць адлюстраванне ў Мадэльным законе.

– Як будуць вырашацца пытанні дзяржзакупак пры свабодным перамяшчэнні тавараў?​

– Зараз перад камісіяй і дзяржавамі-членамі АЭП у адпаведнасці з Пагадненнем аб дзяржаўных (муніцыпальных) закупках ставіцца задача – забяспечыць магчымасць для кожнага прадпрымальніка Казахстана, Беларусі і Расіі, каб ён мог удзельнічаць у дзяржзакупках іншых краін. Да прыкладу, знаходзячыся ў Астане, прадпрымальнік павінен мець магчымасць удзельнічаць у конкурсе, які праводзіцца ў Мінску, Маскве ці Санкт-Пецярбургу. Гэта самая асноўная мэта, да якой мы імкнёмся.

Беларусь і Расія толькі з 1 студзеня 2013 года пачынаюць працаваць па гэтай схеме, гэта значыць, поўнасцю ўводзяць нацыянальны рэжым для закупак у электронным фармаце, у той час як Пагадненнем аб дзяржаўных (муніцыпальных) закупках прадугледжвалася поўнае ўвядзенне нацыянальнага рэжыму паміж Расіяй і Беларуссю з 1 студзеня 2012 года.

На працягу года праводзіліся перамовы, ЕЭК аказвала метадычную дапамогу нашым калегам з Беларусі і Расіі, складзены план сумесных дзеянняў. Паколькі дадзены кірунак быў новы, два адказныя дзяржорганы Расіі і Беларусі адышлі ад нормы міжнагоднай дамоўленасці па тэрмінах, але з дапамогай Камісіі гэту працу ўдалося завяршыць.

Пагадненнем аб дзяржаўных (муніцыпальных) закупках вызначана, что 1 студзеня 2014 года нацыянальны рэжым уводзіцца для ўсіх краін АЭП, у тым ліку і для Казахстана. Зараз Казахстан выступае ў гэтым пытанні ў якасці назіральніка. Гэта азначае, што з 1 верасня 2014 года кожны прадпрымальнік, напрыклад, нават знаходзячыся на Далёкім Усходзе, будзе мець поўнае права ўдзельнічаць у конкурсах па дзяржзакупках, якія праходзяць у Мінску, Брэсце, Астане. Павелічэнне колькасці патэнцыяльных пастаўшчыкоў на рынку дзяржаўных закупак павінна садзейнічаць далейшаму развіццю канкурэнцыі на рынках і эфектыўнасці праведзеных закупак.

– Раскажыце аб рэаліях і перспектывах на трансмежных рынках. Якія выгады для бізнесу і спажыўцоў ад развіцця канкурэнцыі і адкрыцця межаў?​

– Калі прагледзець гісторыю любой дзяржавы, адной з прыярытэтных задач было і застаецца павелічэнне рынку. Рынак збыту дае магчымасці, ён павялічвае таваразварот і ўмацоўвае эканамічнае супрацоўніцтва.

У гэтым плане развіццё канкурэнцыі і адкрыццё межаў даволі выгадна. Так, у Казахстане каля 17 мільёнаў насельніцтва, і калі перад казахстанскімі прадпрымальнікамі адкрываецца рынак Расіі (140 мільёнаў чалавек) і Беларусі (9 мільёнаў чалавек), то адкрываецца рынак каля 150 мільёнаў насельніцтва з велізарнай тэрыторыяй.

У гэтым плане мы павінны дапамагчы прадпрымальнікам зразумець, што зрабілі для нас кіраўнікі дзяржаў Казахстана, Расіі і Беларусі, стварыўшы АЭП, адкрыўшы гэты рынак. Аднак гэта не значыць, што рынак адкрыты толькі для казахстанскіх прадпрымальнікаў, і можна нічога не рабіць. Неабходна канкурыраваць, быць канкурэнтаздольным, разумець, што наперадзе ў нас яшчэ СГА, дзе нас чакаюць канкурэнты больш як са 150 краін.

Зараз для бізнесу Казахстана адкрываецца рынак дзвюх дзяржаў. Гэта вельмі добра, што адкрываецца, але, з другога боку, прадпрымальнікам трэба разумець: трэба ісці ў рынкі. А як можна заваёўваць рынкі? Толькі шляхам правядзення інавацыйнай палітыкі, індустрыялізацыі, укараненнем лепшых, перадавых метадаў і тэхналогій вытворчасці. Гэта законы рынку.

Таму прадпрымальнікам трэба быць канкурэнтаздольнымі, ісці ў АЭП з амбіцыйнымі планамі. А калі проста сядзець і чакаць, то прадпрымальнікі з іншых краін заваююць агульны рынак. Прадпрымальнікі павінны разумець – гэта эканамічная барацьба, гэта эканамічнае спаборніцтва, гэта рынак.

Пакуль што гэта толькі першы этап, а другі этап – СГА, а там перад прадпрымальнікамі і дзяржавамі стаяць яшчэ больш сур’ёзныя задачы.


Якія асноўныя тыпы парушэнняў антыманапольнага заканадаўства? Як будзе ў межах МС ісці справа з картэлямі?

– Вядома ж, паколькі зараз межы адкрыты, можна сказаць, што ў межах АЭП на тэрыторыі той ці іншай дзяржавы антыманапольнае заканадаўства распаўсюджваецца толькі на яго тэрыторыю. Таму працэсы, якія адбываюцца на трансмежных рынках, павінны адсочвацца ЕЭК.

У адпаведнасці з Пагадненнем аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі на сённяшні дзень на тэрыторыі АЭП забаронены пагадненні, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю суб’ектаў гаспадарання (антыканкурэнтныя пагадненні), злоўжыванне дамінуючым становішчам і нядобрасумленная канкурэнцыя. Наступствамі парушэння правіл канкурэнцыі могуць быць знішчэнне, абмежаванне канкурэнцыі, атрыманне неабгрунтаваных пераваг і інш. Пра парушэнне правіл канкурэнцыі могуць сведчыць скарачэнне колькасці ўдзельнікаў рынку, неабрунтаваныя рост ці зніжэнне цэнаў на тавары, адмаўленне асобных суб’ектаў гаспадарання ад канкурэнцыі, стварэнне дэфіцыту тавару і іншыя акалічнасці.

Парушэнне правіл канкурэнцыі, буйныя картэльныя змовы, калі ўдзельнікі рынку сумесна павышаюць ці паніжаюць цэны, ствараюць дэфіцыт пэўных тавараў, могуць мець вельмі сур’ёзныя наступствы для эканомікі ў цэлым. Таму кантроль за парушэннем правіл канкурэнцыі на трансмежных рынках ускладаецца на ЕЭК. Для надзялення ЕЭК паўнамоцтвамі па выкараненні вышэйуказаных парушэнняў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў: крытэрыі залічэння рынку да трансмежнага; методыка вызначэння манапольна высокіх (нізкіх) цэн; методыка разліку і парадак накладання штрафаў; парадак разгляду заяў (матэрыялаў) аб парушэнні правіл канкурэнцыі; парадак правядзення расследавання парушэння правіл канкурэнцыі; парадак разгляду спраў пра парушэнні правіл канкурэнцыі; парадак узаемадзеяння, у тым ліку інфармацыйнага, ЕЭК і ўпаўнаважаных органаў Бакоў. У студзені 2013 года на пасяджэнні савета камісіі плануецца зацвердзіць методыку ацэнкі стану канкурэнцыі.


– Як будзе рэгулявацца цэнаўтварэнне, у прыватнасці, на рынку ГЗМ?

– ГЗМ – гэта балючае пытанне, таксама як і прадукты харчавання. Вядома, цэны на ГЗМ складваюцца ва ўмовах канкурэнцыі, за выключэннем тых відаў ГЗМ – бензін А80, А92, дызпаліва, – цэны на якія рэгулююцца.

Зразумела, што гэта зроблена для таго, каб не было моцнага злоўжывання ў галіне цэнаўтварэння на гэты сацыяльна значымы тавар з нізкай эластычнасцю попыту. Таму, я думаю, што гэта норма закона будзе заставацца да таго часу, пакуль на рынку ГЗМ не наладзіцца канкурэнцыя.

Дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне, якое ўводзіцца ў выпадку, калі рынак сам не можа ўстанавіць аб’ектыўную, справядлівую цану, – гэта скрытая форма прымянення санкцый, спосаб зафіксаваць, спыніць цэны. Гэта часовая з’ява, а ў будучыні, несумненна, па меры развіцця канкурэнцыі, дзяржрэгуляванне павінна адыходзіць.

Наша асноўная задача, задача нашых антыманапольных і іншых дзяржаўных органаў – развіваць канкурэнцыю на ўсіх рынках, дзе гэта магчыма. Сёння, ва ўмовах пачатку работы АЭП, прымяняецца дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне на сацыяльныя віды нафтапрадуктаў у якасці часовай меры па стабілізацыі цэн на сацыяльныя віды нафтапрадуктаў. Аднак калі мы будзем бачыць, што дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне з’яўляецца стрымліваючым фактарам развіцця канкурэнцыі і зніжэння цэн, тады, безумоўна, мы павінны будзем ставіць пытанне пра тое, каб адыходзіць ад дзяржаўнага цэнавага рэгулявання.

– Вялікі Вам дзякуй.
​​​​