Вход
Стэнаграма з рабочай сустрэчы Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна са Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысценкам

Стэнаграма з рабочай сустрэчы Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна са Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысценкам

28.04.2012

            У.У. Пуцін: Віктар Барысавіч, Вы пачалі працаваць у новай якасці. Як гэтая праца ідзе, якія бачыце складанасці, праблемы? Якая патрэбна дапамога ад расійскага Урада?

            В.Б. Хрысценка: Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч. Ну, па-першае, дзякуй Вам за ўвагу да дзейнасці камісіі. Я думаю, што гэта адзін з галоўных залогаў поспеху таго, што нам належыць зрабіць, паколькі орган гэта, безумоўна, шматфункцыянальны, але ў значнай ступені базіруецца на эфектыўнасці ўзаемадзеяння з нацыянальнымі ўрадамі, і ад гэтага пастаўленыя амбіцыйныя мэты робяцца рэальнымі.

            Камісія з ходу ўключылася ў працу і ў першую чаргу, напэўна, у той частцы, якая датычыцца функцыянавання Мытнага саюза, паколькі ў гэтым годзе, у 2012, таваразварот трох краін Мытнага саюза са знешнім светам перавысіць 1 трлн долараў. 1 трлн долараў – лічба дастаткова ўнушальная. Аб’ём узаемнага гандлю трох краін перавысіў 75 млрд долараў, і ў значнай ступені гэтыя гіганцкія таварныя фінансавыя патокі рэгулююцца сёння ўжо наднацыянальным чынам, і ад эфектыўнасці функцыянавання органаў і ў цэлым Мытнага саюза, вядома, залежыць істотным чынам функцыянаванне эканомікі Мытнага саюза ўсіх нашых трох краін.

            Таму мы зараз з ходу ўключыліся ў працу, сыходзячы з таго, што ў гэтай частцы ставім задачу забяспечыць хуткую, эфектыўную працу ў першую чаргу знешняга мытнага контуру. Для нас гэта прынцыпова важна – дабіцца менавіта такога якаснага стану спраў, і сёння мы ўжо прымаем поўным ходам рашэнні ў сферы мытнага рэгулявання і рашэнні ў сферы тэхнічнага рэгулявання ў гэтай частцы. Ну, вось зусім нядаўна мы адобрылі тры новыя тэхнічныя рэгламенты: па мэблі, маламерных суднах, харчовых прадуктах дыетычнага лячэбнага накірунку, а зараз, у бліжэйшыя дні, завяршаецца праца над рэгламентам па харчовых дабаўках, гэта значыць, працэс, нягледзячы на тое, што мы самі знаходзімся ў працэсе фарміравання, ідзе дастаткова актыўна і зацікаўлена.

            З 1 студзеня ў нас узнікла новая задача – напаўненне рэальным зместам адзінай эканамічнай прасторы, а гэта патрабуе дзвюх сур’ёзных прац: працы па новых пагадненнях (а іх каля шасцідзесяці), да распрацоўкі якіх мы ўжо прыступілі разам з нацыянальнымі ўрадамі, і працы па кадыфікацыі дамоўна-прававой базы, якая ўжо існуе. Гэта больш за семдзесят дамоў, якія напрацаваны за ўсе гэтыя гады і якія павінны быць кадыфікаваны, прыведзены да адзінага прававога знамянальніка, для таго, каб забяспечыць ужо разам выхад ці ўваход у новую фазу функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза. Уласна кажучы, гэта тая задача, якая пастаўлена Прэзідэнтамі да 1 студзеня 2015 года. Спадзяюся, што нам удасца вытрымаць усе гэтыя тэрміны.

            І адзін з важных момантаў – што мы гэтую працу вядзём, не замкнуўшыся ўнутры сябе, а ў актыўным узаемадзеянні як з нацыянальнымі ўрадамі, так і з бізнесам. У нас ужо створаны шэраг кансультатыўных камітэтаў, куды ўваходзяць прадстаўнікі трох краін зусім розных ведамстваў. Гэта і па гандлёвай палітыцы, і па тэхнічным рэгуляванні і па падатковым адміністраванні. Зараз разам з трохбаковым бізнес-дыялогам Беларусі-Казахстана-Расіі, дзе прадстаўлены ўсе аб’яднанні прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў гэтых краін, мы заканчваем працу над фарміраваннем кансультатыўнага савета з бізнесам, які ахопіць усе накірункі дзейнасці камісіі саюза, які фарміруецца. У гэтай сувязі такі фармат сталага ўзаемадзеяння дазваляе не толькі не адрывацца ад рэчаіснасці, але, што самае галоўнае, і выбудоўваць вельмі эфектыўную ацэнку, праверку тых рашэнняў, якія рыхтуюцца.

            У цэлым паралельна з гэтым мы фарміруем і структуру, кадравы патэнцыял. У нас у гэтай сувязі паводле ўмоў дамовы ўсё робіцца на конкурснай аснове, у тым ліку набор кадраў, і мы спадзяёмся за кошт гэтага, можа быць, калі не лепшых, то добрых спецыялістаў набыць для працы ў камісіі. Магу сказаць, што конкурс ідзе дастаткова паспяхова: у нас больш за сем чалавек на кожнае працоўнае месца, і, як правіла, там людзі з добрым вопытам, якія прэтэндуюць на такую пазіцыю. У цэлым праца выбудоўваецца дастаткова нармальна.

            У.У. Пуцін: Іншыя нашы партнёры з краін СНД, якія пакуль што не ўваходзяць у Мытны саюз, выказваюць якую-небудзь цікавасць да дзейнасці камісіі, падключаюцца да гэтага, прысылаюць сваіх экспертаў?

            В.Б. Хрысценка: Так, Уладзімір Уладзіміравіч, гэта, безумоўна, важна. Ну, па-першае, для краін ЕўрАзЭС – для Кіргізіі, Таджыкістана, якія аб’явілі пра свой намер далейшага паглыблення інтэграцыі і ўваходжання ў гэтыя працэсы. І мы зараз заканчваем фарміраванне рабочых груп і ўжо зрабілі дарожную карту па руху, ці па выхадзе на дамоўленасці па руху, па ўваходжанні ў Мытны саюз і далей – у адзіную эканамічную прастору краін – членаў ЕўрАзЭС. Гэта такі бліжні круг адной арганізацыі.

            Але, безумоўна, і асноўныя краіны-партнёры выказваюць цікавасць, у першую чаргу, вядома, партнёры па СНД, Украіна, натуральна. І дарэчы, першы працоўны візіт за межы Мытнага саюза я зрабіў якраз у Кіеў па запрашэнні старшыні ўрада Украіны, дзе вельмі падрабязна абмяркоўваліся ўмовы бягучага ўзаемадзеяння з Мытным саюзам, паколькі рэгуляванне ўсіх адчувальных пытанняў вынесена на знешні адзіны контур трох краін, а для Украіны гэта велізарныя аб’ёмы таваразвароту, гэта значыць, каля 70 млрд долараў. Вялікія лічбы, вельмі вялікія лічбы, яны найбуйнейшыя гандлёвыя партнёры.

            У.У. Пуцін: Не памятаеце, колькі прыкладна ў структуры таваразвароту Украіны прыходзіцца на краіны Мытнага саюза – Расію, Беларусь і Казахстан?

            В.Б. Хрысценка: Больш за 40%, і ў гэтым сэнсе гэта, безумоўна, вельмі адчувальная пазіцыя.

             Абмяркоўвалі, вядома, узаемадзеянне на сённяшні дзень – другое. Узаемадзеянне, яго расшырэнне пасля ратыфікацыі шматбаковага пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з краінамі СНД, якое падпісана ў канцы мінулага года ў Санкт-Пецярбургу і якое Расія першая ратыфікавада зараз ужо і якое стварае, як нам здаецца, не проста надзейную, але і актуалізаваную на сённяшні дзень нарматыўную базу для ўзаемадзеяння краін Мытнага саюза і Украіны, якая адпавядае і нормам СГА, і рэаліям сённяшняга дня. І пры гэтым дае магчымасць па яе развіцці. Вось адзін з такіх элементаў развіцця ва ўзаемаадносінах з Украінай – гэта, магчыма, зона свабоднага гандлю, плюс... У якасці такога першага плюса мы абмяркоўвалі сферу тэхнічнага рэгулявання: вельмі важна, каб у гэтай сферы была максімальная гарманізацыя. Калі нельга сказаць пра ўніфікацыю, то хоць бы пра гарманізацыю, з тым каб не толькі тэхнічныя бар’еры мінімізаваць, але па сутнасці стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для гарманізацыі з еўрапейскімі нормамі, таму што мы сваю палітыку ў гэтай сферы вядзём менавіта ў накірунку гарманізацыі з еўрапейскімі нормамі. Увогуле, гэта адпавядае інтарэсам і Украіны ў частцы іх еўрапейскіх імкненняў. Таму краіны, безумоўна, выказваюць такую цікавасць, і мы адкрыты для такога дыялога і зацікаўлены.

            У.У. Пуцін: Усе партнёры разумеюць, што шэраг прэферэнцый можа быць распаўсюджаны толькі на паўнапраўных членаў Мытнага саюза, адзінай эканамічнай прасторы, тым не менш, неабходна шукаць любыя магчымасці для паглыблення інтэграцыйных працэсаў нават з тымі краінамі, якія ў гэтыя інтэграцыйныя аб’яднанні пакуль што не ўваходзяць

            Вось тэхрэгуляванне, напрыклад, – гэта вельмі перспектыўны накірунак, вельмі важны для рэальнага сектара эканомікі, а тут у нас вельмі глыбокая кааперацыя з усімі краінамі СНД, у тым ліку з Украінай, таму я думаю, што Вы правільна робіце, што рухаецеся ў гэтым накірунку.

            ​В.Б. Хрысценка: У нас ёсць яшчэ і дальняе замежжа, калі контуры расшырыць, гэта таксама вельмі важны і цікавы сегмент працы. Адзін з першых мандатаў, якія камісія атрымала на знешняй дзейнасці, былі мандаты на перамовах, у прыватнасці з В’етнамам, па стварэнні рэжыму свабоднага гандлю. Разумеючы, што В’етнам – гэта не проста асобная краіна, гэта такі цэнтр рэгіяналізацыі на паўднёвым усходзе Азіі, новы цэнтр, які актыўна развіваецца. І зараз актыўна ідзе падрыхтоўка дакументаў, якія маглі б у канчатковым рахунку вырасці ў такі рэжым свабоднага гандлю Мытнага саюза і В’етнама, і па шэрагу яшчэ напрамкаў.

           У.У. Пуцін: Узровень заработнай платы вашых супрацоўнікаў: як ён суадносіцца з узроўнем заработнай платы членаў Урада Расійскай Федэрацыі?

            В.Б. Хрысценка: Ён суадносіцца з узроўнем заработнай платы членаў Урада Расійскай Федэрацыі. Усе члены калегіі атрымліваюць зарплату, роўную заработнай плаце міністраў Урада Расійскай Федэрацыі, а супрацоўнікі камісіі на адпаведных пасадах адпавядаюць Апарату Урада Расійскай Федэрацыі. Увогуле, для расійскіх умоў гэта дастаткова добры фінансавы складальнік для дзейнасці супрацоўнікаў камісіі.

            ​У.У. Пуцін: Інакш будзе не набраць спецыялістаў патрэбнага ўзроўню, неабходнай кваліфікацыі, на рынку працы гэта няпростая задача. <…>

             Крыніца: сайт Урада Расійскай Федэрацыі

 

 ​