Структура Камісіi

Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) – пастаянны орган рэгулявання Еўразійскага эканамічнага саюза. Пачала функцыянаваць з 2 лютага 2012 года.

Асноўнае прызначэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі – забеспячэнне ўмоў функцыянавання і развіцця ЕАЭС, распрацоўка прапаноў па далейшым развіцці інтэграцыі.

На сёння ў складзе ЕЭК прадстаўленыя пяць краін: Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка і Расійская Федэрацыя. ЕЭК мае статус наднацыянальнага органа кіравання і ў сваёй дзейнасці кіруецца інтарэсамі краін-удзельніц праекта еўразійскай эканамічнай інтэграцыі ў цэлым, не матывуючы свае рашэнні інтарэсам якога-небудзь з нацыянальных урадаў. Рашэнні Камісіі абавязковыя для выканання на тэрыторыі краін-удзельніц ЕАЭС.

У аснове рашэння аб стварэнні ЕЭК ляжыць разуменне таго, што разам пяць краін змогуць не толькі знізіць негатыўныя наступствы глабальнай нестабільнасці, але і актыўна пазіцыянаваць сябе на знешніх рынках. Еўразійскі эканамічны саюз адкрыты для ўдзелу ў ім іншых дзяржаў, якія падзяляюць мэты гэтага аб'яднання і гатовыя прыняць на сябе патрэбныя абавязацельствы.

Найважнейшая асаблівасць Камісіі заключаецца ў тым, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца, маюць калегіяльную аснову. Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі складаецца з 10 членаў (па 2 Члена Калегіі (Міністра) Камісіі ад кожнай краіны-ўдзельніцы), адзін з якіх з'яўляецца Старшынёй Калегіі Камісіі.

Старшыня Калегіі і Члены Калегіі прызначаюцца тэрмінам на 4 гады рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў з магчымым прадаўжэннем паўнамоцтваў. Калегія прымае рашэнні шляхам галасавання.

Структура дзейнасці ЕЭК вызначана па функцыянальных напрамках, якія курыруюць Члены Калегіі (Міністры). Кожны напрамак прадстаўляе сабой блок з галін і сфер эканамічнай дзейнасці. Члены Калегіі і дэпартаменты ЕЭК узаемадзейнічаюць з упаўнаважанымі нацыянальнымі органамі ўлады ў межах свайго напрамку дзейнасці.

На дадзены момант у структуры ЕЭК функцыянуюць 25 дэпартаменты. Пры іх створаныя 20 Кансультатыўных камітэтаў з мэтай выпрацоўкі прапаноў для Калегіі ЕЭК і правядзення кансультацый з прадстаўнікамі нацыянальных органаў дзяржаўнай улады. Старшынямі камітэтаў з'яўляюцца Члены Калегіі (Міністры) згодна з іх напрамкамі дзейнасці.

У сваёй рабоце Камісія падтрымлівае ўсебаковы дыялог з ключавымі партнёрамі. Першы ўзровень дыялогу – міждзяржаўны, які прадугледжвае пабудову эфектыўнага ўзаемадзеяння з нацыянальнымі органамі ўлады ў працэсе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў. Другі ўзровень дыялогу – прамая форма работы з бізнес-суполкай.

Асноўнымі прафесійнымі прынцыпамі дзейнасці ЕЭК з'яўляюцца адсутнасць палітызацыі, баланс інтарэсаў, эфектыўнасць і празрыстасць.

ЕЭК займае актыўную пазіцыю на міжнароднай арэне з мэтай прадстаўлення дзейнасці еўразійскай супольнасці і ўключэння ў інтэграцыйныя працэсы ключавых партнёраў з еўрапейскага і азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёнаў.

Асноўныя напрамкі дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі:

  • залічэнне і размеркаванне ўвазных мыт;
  • вызначэнне гандлёвых рэжымаў у дачыненні да трэціх краін;
  • статыстыка знешняга і ўзаемнага гандлю;
  • макраэканамічная палітыка;
  • канкурэнтная палітыка;
  • прамысловыя і сельскагаспадарчыя субсідыі;
  • энергетычная палітыка;
  • натуральныя манаполіі;
  • дзяржаўныя і (або) муніцыпальныя закупкі;
  • узаемны гандаль паслугамі і інвестыцыі;
  • транспарт і перавозкі;
  • валютная палітыка;
  • ахова і абарона вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці і сродкаў індывідуалізацыі тавараў, работ і паслуг;
  • працоўная міграцыя;
  • фінансавыя рынкі (банкаўская сфера, сфера страхавання, валютны рынак, рынак каштоўных папер);
  • мытна-тарыфнае і нетарыфнае рэгуляванне;
  • мытнае адміністраванне;
  • інфарматызацыя;
  • інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі;
  • і іншыя.