На пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага форуму-2025 адбыўся дыялог-прэзентацыя «Куба: магчымасці для развіцця эканамічных сувязяў паміж ЕАЭС і краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна».
Эксперты, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, сышліся ў меркаванні, што Куба мае значны патэнцыял, які дазваляе ёй выступіць сувязным звяном эканамічных інтарэсаў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза і краін лацінаамерыканскага рэгіёну.
Еўразійскую эканамічную камісію на мерапрыемстве прадставіў дырэктар Дэпартамента развіцця інтэграцыі Мікаэл Белуян.
«Куба як дзяржава-назіральнік пры ЕАЭС добра пагружана ў наш парадак дня, з'яўляецца ключавым гандлёва-эканамічным партэрам Саюза ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. У 2018 годзе падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і Ўрадам Кубы, які вызначыў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. Створана сумесная камісія па ўзаемадзеянні. Прадстаўнікі Кубы прымаюць удзел у пасяджэннях органаў усіх узроўняў у рамках ЕАЭС і прапануюць уласныя ініцыятывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі еўразійскай «пяцёркі», – адзначыў Мікаэл Белуян.
Прадстаўнік ЕЭК падкрэсліў рост цікавасці бізнесу дзяржаў Саюза да супрацоўніцтва з Кубай у сферах турызму, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі, хімічнай прамысловасці, інфармацыйна-камунікацыйных паслуг. Ён запрасіў прадстаўнікоў кампаній, якія прымаюць удзел у мерапрыемстве, падключыцца да працы сумеснай камісіі ЕЭК – Урад Рэспублікі Куба на чарговым пасяджэнні ў другім паўгоддзі бягучага года ў Маскве.
Кубінская дэлегацыя на чале з віцэ-прэзідэнтам Гандлёвай палаты Таняй Агіар Фернандэс прадставіла праект лагістычнага хаба на Кубе, які закліканы палегчыць транзіт і рэалізацыю экспартнага патэнцыялу краін ЕАЭС у рэгіёне Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.
Прадстаўнікі Кубы праінфармавалі аб асобных аспектах дзеючых гандлёвых пагадненняў у рамках такіх рэгіянальных структур, як ЛАІ, АЛБА і КАРЫКАМ, і аб магчымасцях, якія яны прадастаўляюць замежным прадпрымальнікам, якія адкрылі вытворчасць на Кубе.
Па выніках выступленняў прадстаўнікі дзелавых колаў краін ЕАЭС абмеркавалі кубінскія ініцыятывы.