Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі вызначыла асаблівасці ўвозу на мытную тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза тавараў электроннага гандлю, набытых фізічнымі асобамі, да якіх прымяняюцца меры нетарыфнага рэгулявання.
«Праект рашэння быў падрыхтаваны ў сувязі з прыняццем у мінулым годзе паправак у Мытны кодэкс Саюза, якім як раз і ўводзіцца катэгорыя тавараў электроннага гандлю, – растлумачыў міністр па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў. – Дакументам прадугледжваецца, што ў дачыненні да практычна ўсіх пакупак, набытых фізічнымі асобамі, будзе дзейнічаць рэжым, які не пагаршае становішча фізічных асоб, якія ўвозяць сёння дазволеныя тавары для асабістага карыстання».
У прыватнасці, застаецца магчымасць увозу прылад з шыфравальнымі кампанентамі (тэлефоны, смарт-гадзіннікі). Адначасова забараняецца ўвоз каштоўных камянёў і каштоўных металаў, лекавых сродкаў, спецыяльных тэхнічных сродкаў, пестыцыдаў, азонаразбуральных, атрутных, наркатычных і псіхатропных рэчываў, зброі і шэрагу іншых тавараў.
Забарона заклікана абараніць грамадзян краін Саюза ад няякаснай і небяспечнай прадукцыі. Пры гэтым у частцы лекавых сродкаў было вырашана ў далейшым прапрацаваць пытанне рэалізацыі магчымасці іх увозу. Таксама будзе прапрацавана магчымасць увозу фізічнымі асобамі іншых катэгорый тавараў з улікам зацікаўленасці дзяржаў-членаў ЕАЭС.
Мяркуецца, што прынятае рашэнне ў частцы нетарыфнага рэгулявання ўступіць у сілу праз 30 каляндарных дзён з даты яго афіцыйнага апублікавання. У той жа час гэта здарыцца не раней за ўступленне ў сілу паправак у Мытны кодэкс, якія, у сваю чаргу, пачнуць дзейнічаць пасля выканання ўсімі краінамі ЕАЭС адпаведных унутрыдзяржаўных працэдур.
Пры гэтым Андрэй Сляпнёў нагадаў аб тым, што з улікам выдзялення катэгорыі тавараў электроннага гандлю ў найбліжэйшы час будзе таксама прыняты шэраг іншых рашэнняў, якія датычацца ў тым ліку пытанняў мытна-тарыфнага рэгулявання.