ЕЭК і Ўрад Фарэрскіх астравоў працягваюць узаемадзеянне
Перспектывы пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Фарэрскімі астравамі абмеркавалі ўдзельнікі другога пасяджэння сумеснай рабочай групы паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Ўрадам Фарэрскіх астравоў, якое прайшло 23 лістапада ў штаб-кватэры ЕЭК пад сустаршынствам міністра па інтэграцыі і макраэканоміцы Камісіі Сяргея Глазьева і міністра замежных спраў і культуры Фарэрскіх астравоў Еніса аў Раны.
«Еўразійская эканамічная камісія высока ацэньвае цікавасць Фарэрскіх астравоў да пашырэння магчымасцяў узаемнага гандлю з дзяржавамі ЕАЭС, – адзначыў Сяргей Глазьеў. – Мы вітаем настрой Фарэрскіх астравоў на развіццё не толькі свайго экспарту на тэрыторыю ЕАЭС, але і імпарту шырокага спектру тавараў і паслуг з Саюза, што, безумоўна, адкрывае новыя магчымасці для дыялогу».

Бакі адзначылі станоўчую дынаміку гандлю паміж дзяржавамі ЕАЭС і Фарэрскімі астравамі, зафіксаваную па выніках студзеня - верасня 2021 года. Аб’ём тавараабароту за гэты перыяд дасягнуў 251,4 млн долараў ЗША. У саюзным экспарце на Фарэры пераважаюць рапсавы алей, нафтапрадукты, тара з паперы і кардону, рыбалоўчыя снасці і шэраг іншых тавараў. З Фарэр краіны ЕАЭС галоўным чынам імпартуюць свежую, ахалоджаную і марожаную рыбу, мяса рыбы і філе. 

Еніс аў Рана ў сваю чаргу адзначыў, што Фарэрскія астравы надаюць вялікае значэнне супрацоўніцтву з краінамі ЕАЭС, і падкрэсліў важнасць паглыблення супрацоўніцтва паміж дзелавымі коламі.

«Урад Фарэрскіх астравоў гатовы ў поўнай меры садзейнічаць развіццю двухбаковых кантактаў у гандлёва-эканамічнай сферы па лініі бізнес-колаў краін ЕАЭС і Фарэр. Пры гэтым адзначаем вялікі патэнцыял для дыверсіфікацыі супрацоўніцтва», – падкрэсліў Еніс аў Рана, запрасіўшы дэлегацыю ЕЭК прыняў удзел у форуме «ЕАЭС – Фарэрскія астравы», які плануецца правесці ў маі 2022 года на Фарэрскіх астравах. 

Акрамя таго, фарэрская дэлегацыя пацвердзіла зацікаўленасць у стварэнні ў перспектыве зоны свабоднага гандлю з ЕАЭС як важнага інструмента для актывізацыі гандлёвых сувязяў з усімі краінамі Саюза. Прадстаўнікі Камісіі распавялі пра тое, якія працэдуры прадугледжаны для гэтага правам ЕАЭС. 

Прапановамі па актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і Фарэрамі падзяліліся прэзідэнт Кыргызскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Даніл Ібраеў і в.а. выканаўчага сакратара Дзелавога Савета ЕАЭС Сяргей Міхневіч. 

Па выніках другога пасяджэння сумеснай рабочай групы падпісана сумесная заява аб паглыбленні супрацоўніцтва. 


Даведка 

Сумесная рабочая група створана ў рамках Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж ЕЭК і Ўрадам Фарэрскіх астравоў ад 23 жніўня 2018 года. 

Першае пасяджэнне рабочай групы адбылося ў маі 2019 года. 

У студзені - верасні 2021 года тавараабарот дзяржаў ЕАЭС з Фарэрскімі астравамі павялічыўся на 24,4 працэнта, у тым ліку экспарт ЕАЭС павялічыўся больш як удвая, а імпарт узрос на 19,8 працэнта за мінулы перыяд 2021 года. 

Наступнае пасяджэнне сумеснай рабочай групы пройдзе ў сталіцы Фарэрскіх астравоў Торсхаўне.


Скачать исходники фотографий