Навіны

17.09.2021 (Обновлено: 30.12.2021 16:30)

ЕЭК і Сакратарыят Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў рамках юбілейнага саміту ШАС

17 верасня ў Душанбэ ў рамках саміту кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч і Генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Уладзімір Нораў падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні паміж ЕЭК і Сакратарыятам ШАС.

Дакумент прадугледжвае эканамічнае ўзаемадзеянне з акцэнтам на такія сферы, як фінансы, гандлёвая палітыка і пытанні спрашчэння гандлёвых працэдур, транспарт, лічбавізацыя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, санітарныя, ветэрынарна-санітарныя і каранцінныя фітасанітарныя меры, мытная палітыка, энергетыка, прамысловае і аграпрамысловае супрацоўніцтва і іншыя.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, развіццё супрацоўніцтва ў фармаце ЕАЭС – ШАС адпавядае стратэгічным інтарэсам усіх дзяржаў Саюза. Гэта асабліва важна з улікам ролі, значнасці і тэмпаў развіцця эканомік краін - удзельніц ШАС, на долю якіх прыпадае больш за 30% сусветнага ВУП (38,5 трлн дол. ЗША), больш за 16% сусветнага гандлю (5,5 трлн дол. ЗША), больш за 41% сусветнага насельніцтва (больш за 3 млрд чалавек). Акрамя таго, цікавасць да ШАС расце і ў кантэксце рэалізацыі ідэі Вялікага Еўразійскага партнёрства.

«ШАС з'яўляецца важнай кампанентай архітэктуры міждзяржаўнага ўзаемадзеяння і рэгіянальнай інтэграцыі ў Еўразіі. Пры гэтым дзяржавы-члены ЕАЭС і ШАС утвараюць ядро Еўразійскага кантынента, а іх узаемаадносіны шмат у чым вызначаюць вектар далейшага развіцця рэгіёна», – падкрэсліў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Старшыня Калегіі ЕЭК прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС, прысвечаным 20-годдзю арганізацыі. Саміт прайшоў 16 - 17 верасня ў Душанбэ пад старшынствам Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падчас выступлення на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-членаў ШАС асабліва адзначыў падпісаны мемарандум. «Гэта, безумоўна, ідзе як частка рэалізацыі расійскай ідэі стварэння Вялікага Еўразійскага партнёрства з удзелам краін ШАС, ЕўрАзЭС, АСЕАН і кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Я перакананы, стыкоўка розных інтэграцыйных працэсаў, якія развіваюцца ў Еўразіі, і фарміраванне ў гэтым вялізным рэгіёне агульнай прасторы, адкрытага, раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва адпавядае інтарэсам усіх нашых краін», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Дзяржавы-члены ШАС на саміце прадставілі Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін, Прэм'ер-міністр Пакістана Імра Хан, Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, Прэзідэнт Рэспублікі Кыргызстан Садыр Жапараў, Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі. Акрамя таго, у пасяджэнні Савета прынялі ўдзел кіраўнікі дэлегацый дзяржаў - назіральніц арганізацыі і прадстаўнікі міжнародных арганізацый. На пасяджэнні выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках пасяджэння прыняты рашэнні па пашырэнні складу арганізацыі: будзе запушчана працэдура прыёму Ісламскай Рэспублікі Іран у якасці паўнапраўнай дзяржавы-члена ШАС і прадастаўлення статусу партнёра па дыялогу Егіпту, Катару і Саудаўскай Аравіі, падпісана Душанбінская дэкларацыя, а таксама план сумесных дзеянняў па пераадоленні негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19.


Даведка

Тавараабарот ЕАЭС і краін ШАС, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, паслядоўна павялічваўся з 93,8 млрд дол. ЗША ў 2016 годзе да 158,8 млрд дол. ЗША ў 2019 годзе. У 2020 годзе па аб'ектыўных прычынах ён знізіўся на 8,3 млрд дол. ЗША, але ўжо ў студзені - чэрвені 2021 года склаў 86,6 млрд дол. ЗША, павялічыўшыся на 23% у параўнанні са студзенем - чэрвенем 2020 года.

Дэкларацыя аб стварэнні ШАС была падпісана ў Шанхаі ў чэрвені 2001 года Казахстанам, Кыргызстанам, Кітаем, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам. У цяперашні час дзяржавамі-членамі ШАС з'яўляюцца восем краін: Рэспубліка Індыя, Рэспубліка Казахстан, Кітайская Народная Рэспубліка, Кыргызская Рэспубліка, Ісламская Рэспубліка Пакістан, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Рэспубліка Узбекістан. Чатыры краіны маюць статус дзяржавы - назіральніцы пры ШАС: Ісламская Рэспубліка Афганістан, Рэспубліка Беларусь, Ісламская Рэспубліка Іран, Рэспубліка Манголія. Шэсць краін з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу ШАС: Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Каралеўства Камбоджа, Федэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Непал, Турэцкая Рэспубліка, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.