Навіны

30.04.2021 (Обновлено: 10.12.2021 14:53)

Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС абмеркавалі ход рэалізацыі касмічнай міждзяржпраграмы

На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета прадстаўлены даклад аб рэалізацыі першых этапаў глабальнага кааперацыйнага праекта краін Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ).

Міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Артак Камалян паведаміў, што выканаўцы міждзяржпраграмы ўжо прыступілі да рэалізацыі яе першых мерапрыемстваў.

Міждзяржпраграму намечана рэалізаваць з 2021 па 2025 гады. Для гэтага краінам Саюза і Камісіі трэба будзе сумесна прайсці тры этапы.

У 2021 годзе пачалася распрацоўка мерапрыемстваў першага этапу – падрыхтоўка арганізацыйна-распарадчых дакументаў па фарміраванні і развіцці інтэграванай касмічнай сістэмы ДЗЗ дзяржаў Саюза на базе дзеючых і перспектыўных касмічных апаратаў, нарматыўна-тэхнічных дакументаў па забеспячэнні сумеснага выкарыстання рэсурсаў нацыянальных арбітальных груповак касмічных апаратаў ДЗЗ, арганізацыйна-метадычных дакументаў, якія прадугледжваюць узаемадзеянне нацыянальных аператараў пры распаўсюджванні даных ДЗЗ на ўнутраным рынку Саюза і на сусветным рынку.

«На другім этапе краіны ЕАЭС створаць адзіны інфармацыйны партал – банк даных па матэрыялах аб'яднанай касмічнай здымкі, мадэрнізуюць нацыянальныя наземныя комплексы прыёму і апрацоўкі даных, – распавёў Артак Камалян. – Завяршальным крокам стане стварэнне перспектыўнай сумеснай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі на базе касмічных апаратаў сярэдняга і высокага раздзялення. Іх распрацоўку і вытворчасць будуць ажыццяўляць прадпрыемствы саюзных краін у цеснай кааперацыі».

Міністр таксама адзначыў, што па выніках рэалізацыі праграмы істотна павысяцца аб'ём і якасць касмічнай інфармацыі, якая прадастаўляецца дзяржаўным спажыўцам краін ЕАЭС:

прырост даных за час рэалізацыі міждзяржпраграмы складзе больш за 100% – з 2,13 млн кв. км/сут да 4,43 млн кв. км/сут. Акрамя таго, павялічыцца доля айчынных вытворцаў кампанентнай базы пры стварэнні такіх апаратаў – да 70% – за кошт уключэння новых прадпрыемстваў дзяржаў ЕАЭС.

Па словах Артака Камаляна, адным з вынікаў сумеснай работы краін Саюза ў рамках кааперацыйнага праекта стане вытворчасць чатырох, а ў выпадку прадаўжэння тэрмінаў міждзяржпраграмы – пяці новых касмічных апаратаў. І ўжо ў 2030 годзе ЕАЭС можа заняць да 5% агульнага аб'ёму сусветнага рынку ДЗЗ, што складзе 245 млн дол. ЗША.

Таксама будзе пашыраны аб'ём продажаў прадуктаў ДЗЗ за кошт рынкаў Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Ўсходу.

«Гэтая міждзяржпраграма, па сутнасці, з'яўляецца «пілотам», ад паспяховай рэалізацыі якога будзе залежаць поспех усёй далейшай работы па сумесных міждзяржаўных праграмах і кааперацыйных праектах», – рэзюмаваў Артак Камалян.