Навіны

24.03.2023 (Обновлено: 28.03.2023 17:32)

Міхаіл Мясніковіч: «Наша задача – з максімальнай узаемнай выгадай задзейнічаць патэнцыял Ніжагародскай вобласці і краін ЕАЭС»

Патэнцыял сумесных прадпрыемстваў Ніжагародскай вобласці, праектаў і кааперацыйных ланцужкоў – велізарны. У няпростай геапалітычнай і эканамічнай абстаноўцы задача Еўразійскай эканамічнай камісіі сумесна з рэгіёнам – максімальна задзейнічаць гэты патэнцыял для вырашэння задач, пастаўленых лідарамі краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра гэта на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці Глебам Нікіціным заявіў Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч.

Як адзначыў кіраўнік Калегіі ЕЭК, асноўнай мэтай яго рабочага візіту стаў разгляд практычных магчымасцяў для рэалізацыі ініцыятыў кіраўнікоў краін Саюза па пашырэнні кааперацыйнага супрацоўніцтва ў цэлым шэрагу галін прамысловага комплексу – аўтамабіле- і авіябудаванні, лічбавізацыі прамысловасці, мікраэлектроніцы. Менавіта ў гэтых галінах ключавую ролю гуляюць прадпрыемствы Ніжагародчыны.

«Лічу, што патэнцыял нашых сумесных прадпрыемстваў, праектаў і кааперацыйных ланцужкоў – велізарны: ад праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу, машынабудавання, хімічнай галіны да інавацыйных навуковых распрацовак у рамках тэхнапаркаў і асобых эканамічных зон. Мы павінны максімальна задзейнічаць увесь патэнцыял еўразійскай інтэграцыі. Я маю на ўвазе рэсурсную, навуковую і вытворчую базу для вырашэння тых задач, якія перад намі ставяць лідары нашых краін», – адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён прывёў некаторыя характэрныя лічбы. Напрыклад, гандаль з краінамі Саюза фарміруе 16,6% знешнегандлёвага абароту Ніжагародскай вобласці. Пры гэтым 20,3% тавараў экспартуецца з Ніжагародскай вобласці ў дзяржавы ЕАЭС, а 9,1% – імпартуецца з ЕАЭС. Аб'ём экспарту ў саюзныя краіны ў 4,6 разы перавышае аб'ём імпарту тавараў з іх (1,3 млрд дол. ЗША супраць 290 млн дол. ЗША).

Міхаіл Мясніковіч запэўніў Глеба Нікіціна ў тым, што пытанні, якія абмяркоўваліся з бізнесам Ніжагародскай вобласці, будуць адпрацаваны адпаведнымі блокамі Камісіі. Ён таксама дадаў, што ў бягучых умовах Камісія аператыўна прымае рашэнні па ініцыятывах, якія ўносяцца дзяржавамі Саюза ў галіне мытна-тарыфнага і тэхнічнага рэгулявання, фарміруецца праектны фонд і механізмы фінансавання праектаў прамкааперацыі.

«Мяркую, што наш візіт паслужыць дадатковым імпульсам да рэалізацыі новых задач у сферы кааперацыі і развіцця імпартазамяшчэння», – сказаў Міхаіл Мясніковіч. 

У сваю чаргу губернатар Ніжагародскай вобласці адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва Ніжагародчыны з Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам і Кыргызстанам і падкрэсліў, што пастаўкі тавараў у кожную з краін маюць сваю спецыфіку.

«Стабільным попытам ва ўсіх чатырох краінах Саюза карыстаюцца ніжагародская фармацэўтычная прадукцыя, механічнае абсталяванне, сродкі наземнага транспарту і камплектуючыя да іх, тлушчы і масла, прадукты неарганічнай хіміі. Мы робім сур'ёзную стаўку на павелічэнне гандлёва-эканамічных аперацый з дзяржавамі ЕАЭС», – адзначыў Глеб Нікіцін.

Кіраўнік рэгіёна распавёў, што з краінамі ЕАЭС актыўна рэалізуюцца сумесныя праекты, і асабліва падкрэсліў высокі ўзровень супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. У лютым 2023 года рэгіён наведала дэлегацыя на чале з Прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, з якой дасягнуты шэраг сур'ёзных дамоўленасцяў аб развіцці ўзаемадзеяння. 

Па выніках сустрэчы Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч уручыў губернатару Ніжагародскай вобласці Глебу Нікіціну Ганаровую грамату Еўразійскай эканамічнай камісіі за актыўнае садзейнічанне ў распрацоўцы праектаў еўразійскай інтэграцыі.

Нагадаем, што падчас двухдзённага візіту дэлегацыя Еўразійскай эканамічнай камісіі азнаёмілася з дзейнасцю некалькіх IT-кампаніі, сустрэлася з прадстаўнікамі прамысловых прадпрыемстваў.