На ЕЭФ абмеркавалі лічбавізацыю транспарту і лагістыкі

Развіццё ШІ і лічбавых тэхналогій у сферы транспарту і лагістыкі абмеркавалі 28 мая ўдзельнікі тэматычнай сесіі «Лічбавыя рашэнні ў сферы транспарту і лагістыкі». Мерапрыемства прайшло ў Астане на пляцоўцы V Еўразійскага эканамічнага форума.

«Транспартная галіна Еўразійскага эканамічнага саюза развіваецца ў эпоху імклівай трансфармацыі сусветнай эканомікі. Сёння мы пераходзім ад тэорыі да практычнай рэалізацыі лічбавых рашэнняў, ад пілотных праектаў – да поўнамаштабнага ўкаранення беспапяровых тэхналогій, ад асобных інтэлектуальных рашэнняў – да стварэння лічбавых экасістэм», – адзначыў міністр па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Арзыбек Кожашаў.

Спікерамі сесіі выступілі намеснікі міністраў транспарту краін ЕАЭС, намеснік выканаўчага сакратара ЕЭК ААН Дзмітрый Мар'ясін і старшы кіруючы дырэктар Еўразійскага банка развіцця Аляксей Скацін.

Удзельнікі абмяняліся меркаваннямі па актуальных кейсах прымянення ШІ і лічбавых тэхналогій, перспектывах развіцця інтэлектуальных транспартных сістэм і беспілотнага транспарту, тэхналагічных выкліках укаранення ШІ на транспарце і яго прававога рэгулявання.

У прыватнасці, былі падведзены папярэднія вынікі рэалізацыі пілотнага праекта па трансгранічным электронным абмене накладной e-CMR пры ажыццяўленні міжнародных аўтамабільных перавозак. Непасрэднае ажыццяўленне міжнародных перавозак у ЕАЭС
 з прымяненнем e-CMR плануецца на працягу 2026 года.

Падчас абмеркавання было падкрэслена, што менавіта лічбавыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць якасны скачок: ад разрозненых даных да адзінай інфармацыйнай прасторы ЕАЭС. Так, Арзыбек Кожашаў адзначыў, што лічбавізацыя і ўкараненне штучнага інтэлекту здольныя забяспечыць рост ключавых паказчыкаў транспартнай галіны на 20-30%.

На заканчэнне міністр ЕЭК адзначыў, што вылучаныя прапановы і ініцыятывы будуць прапрацаваны ў рамках падрыхтоўкі праекта дарожнай карты па рэалізацыі Асноўных напрамкаў скаардынаванай (узгодненай) транспартнай палітыкі на 2027-2029 гады.