Навіны

17.06.2021 (Обновлено: 20.12.2021 11:09)

Навукова-тэхнічны савет прапануе надзяліць ЕЭК паўнамоцтвамі па кліматычным парадку ў ЕАЭС

Пытанне «зялёнай» эканомікі будзе вынесена на ўзровень кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

На пасяджэнні Прэзідыума Навукова-тэхнічнага савета пры Старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі 17 чэрвеня ўпершыню закранулі тэму мэтазгоднасці гарманізацыі мер краін ЕАЭС па рэалізацыі Парыжскага пагаднення.

«Краінам нашага Саюза важна ісці ў нагу з часам, прапаноўваць альтэрнатыўныя падыходы, калі падыходы якія распрацоўвае міжнародная супольнасць, не адпавядаюць інтарэсам нашых краін, і ісці па шляху гарманізацыі рэгулявання ў рамках ЕАЭС», – адзначыў Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч.

Тэма асабліва востра стаіць для краін Саюза з улікам намераў Еўрапейскага Саюза ўвесці трансгранічнае вугляроднае рэгуляванне.

ЕС з'яўляецца адным з ключавых гандлёвых партнёраў ЕАЭС – доля ў знешнегандлёвым абароце ЕАЭС Еўрапейскага Саюза склала 36,8% у 2020 годзе. Адзначаецца значная ўдзельная вага ЕС у экспарце Арменіі, Беларусі і Казахстана, а таксама істотныя аб'ёмы паставак вугляродаёмістых тавараў у Еўрасаюз з Расіі.

Паводле ацэнак Цэнтра макраэканамічных даследаванняў НІФІ Мінфіна Расіі, у найбольш верагодным сцэнарыі доля экспарту ў ЕС тавараў, якія патэнцыяльна трапляюць пад дзеянне трансгранічнага вугляроднага рэгулявання (ТВР), для некаторых краін ЕАЭС можа скласці 20%. Пры гэтым у выпадку ўзмацнення жорсткасці рэгулявання ў больш доўгатэрміновай перспектыве пад дзеянне ТВР можа патрапіць да 80% усяго вартаснага аб'ёму экспарту з ЕАЭС у ЕС.

Міністр па інтэграцыі і макраэканоміцы Камісіі Сяргей Глазьеў прадставіў сцэнарыі рэагавання ЕАЭС на ўкараненне трансгранічнага вугляроднага рэгулявання.

Адной са стратэгій можа стаць распрацоўка і ўкараненне ўласнай сістэмы нарматываў і плацяжоў за забруджванне навакольнага асяроддзя. У яе будуць уключацца абарот вугляродных адзінак і выкіды парніковых газаў.

Сяргей Глазьеў дадаў: «Пытанне трэба ставіць шырэй і гаварыць пра тое, што мы павінны рэгуляваць у цэлым нашу сістэму прыродакарыстання».

На пасяджэнні НТС было прынята рашэнне стварыць рабочую групу, якая падрыхтуе ў рамках рэалізацыі Стратэгіі-2025 пакет прапаноў па кліматычным парадку ЕАЭС. Яны будуць унесены на разгляд Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў мэтах надзялення Камісіі паўнамоцтвамі па выпрацоўцы і рэалізацыі ўзгодненай «кліматычнай палітыкі» ў рамках Парыжскага пагаднення, якое ратыфікавалі ўсе нашы краіны.

Акрамя таго, Навукова-тэхнічны савет ухваліў падыходы да распрацоўкі метадалогіі ацэнкі ўплыву інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС на эканомікі краін Саюза. Ацэнка комплекснага эфекту на эканомікі можа быць зроблена на аснове міжкраінавай сістэмы табліц «выдаткі - выпуск» ЕАЭС, распрацаванай у Камісіі. Метадалогія прадугледжвае ацэнку ўкладу ў ВУП кожнай краіны Саюза ўзаемнага гандлю таварамі, узаемнага гандлю паслугамі, узаемных інвестыцый і працоўнай міграцыі.

Метадалогія будзе прадстаўлена краінам для ўзгаднення на Кансультатыўным камітэце па макраэканамічнай палітыцы, а затым разгледжана на Калегіі ЕЭК.

Нагадаем, распрацаваць мадэль ацэнкі эфектыўнасці эканамічнай інтэграцыі прапанаваў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў 11 снежня 2020 года на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Наступнае пасяджэнне Прэзідыума НТС запланавана на кастрычнік гэтага года.



 Даведка

Навукова-тэхнічны савет пры Старшыні Калегіі ЕЭК сфарміраваны як адкрытая дыскусійная і дарадчая пляцоўка для абмеркавання з навуковага і экспертнага пунктаў гледжання шырокага кола пытанняў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і далейшага развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза. Члены Савета разглядаюць мадэлі і формы эканамічнай інтэграцыі, абмяркоўваюць актуальныя пытанні развіцця сусветнай эканомікі і глабальныя выклікі, вывучаюць эфектыўныя рэгулятарныя практыкі міжнародных інтэграцыйных аб'яднанняў, выпрацоўваюць прапановы па развіцці ўзаемадзеяння краін Саюза па перспектыўных напрамках эканамічнай інтэграцыі. Дзейнасць Савета спрыяе ўдасканаленню работы Камісіі, звязанай з навуковымі даследаваннямі і праектамі.

Савет узначальвае Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч, яго намеснікам з'яўляецца міністр па інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Сяргей Глазьеў.

Прэзідыум Савета сфарміраваны з намеснікаў кіраўнікоў дзяржаўных органаў краін ЕАЭС у сферы навукі і вышэйшай адукацыі, кіраўнікоў нацыянальных акадэмій навук, міністраў камісіі.

Прадстаўнікі навуковай і экспертнай супольнасці краін Саюза, а таксама службовыя асобы і супрацоўнікі ЕЭК працуюць у Савеце па профілі ў рамках экспертнай групы.