Падпісана Пагадненне аб допуску брокераў і дылераў да ўдзелу ў арганізаваных таргах у ЕАЭС

На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 7 жніўня ў горадзе Чалпон-Аце (Кыргызская Рэспубліка) кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі Пагадненне аб допуску брокераў і дылераў адной дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза да ўдзелу ў арганізаваных таргах біржаў ((арганізатараў гандлю) іншых дзяржаў-членаў. Тым самым зроблены важны крок да стварэння ў ЕАЭС агульнай біржавай прасторы.


Пагадненне накіравана на ўзаемнае прызнанне ліцэнзій брокераў і дылераў, выдадзеных упаўнаважанымі органамі краін Саюза, на забеспячэнне непасрэднага доступу брокераў і дылераў да ўдзелу ў біржавых таргах для заключэння дагавораў куплі-продажу каштоўных папер і вытворных фінансавых інструментаў. Допуск брокераў і дылераў адной краіны да арганізаваных таргоў біржы іншай дзяржавы ЕАЭС прадастаўляецца на роўных умовах.

«Брокеры і дылеры з'яўляюцца важнымі элементамі ў механізме фондавага рынку. Калі брокеры дапамагаюць інвестарам выходзіць на фондавы рынак і кіраваць здзелкамі з каштоўнымі паперамі, то дылеры, у сваю чаргу, актыўна ўдзельнічаюць у біржавым гандлі, тым самым забяспечваюць ліквіднасць, стабільнасць цэн і зніжэнне валацільнасці. Такім чынам, брокеры і дылеры ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго, забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне рынку каштоўных папер», – пракаменціраваў падпісанне міністр па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Бахыт Султанаў.

Пры допуску да біржавых таргоў у брокераў і дылераў з'яўляецца магчымасць падаваць заяўкі, атрымліваць тэхнічны доступ да таргоў, заключаць здзелкі, удзельнічаць у клірынгу, адкрываць адпаведныя рахункі ў дэпазітарыях дзяржаў Саюза. Допуск да ўдзелу ў арганізаваным гандлі біржы можа прадастаўляцца брокерам і дылерам іншых краін ЕАЭС пры дапамозе аддаленага доступу.

Як адзначыў міністр ЕЭК, рэалізацыя Пагаднення дасць магчымасць забяспечыць прыток дадатковай ліквіднасці на біржы, павялічыць фандаванне эмітэнтаў, істотна пашырыць узаемнае гандлёвае
і інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзяржаў-членаў і стымуляваць развіццё фінансавых рынкаў дзяржаў Саюза.

«Пагадненне аб допуску брокераў і дылераў да арганізаваных таргоў і раней падпісанае Пагадненне аб трансгранічным допуску да размяшчэння і абарачэння каштоўных папер закладваюць трывалыя прававыя асновы для фарміравання агульнай біржавай прасторы ў рамках ЕАЭС», – падкрэсліў Бахыт Султанаў.