Навіны

19.05.2022 (Обновлено: 27.05.2022 12:38)

Старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч сустрэўся 19 мая ў Мінску з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

«Адбылася вельмі грунтоўная гутарка і мой даклад па цэлым коле актуальных пытанняў у Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Я вельмі ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу за цікавыя, такія, я б сказаў, смелыя прапановы па паглыбленні інтэграцыі», – распавёў Міхаіл Мясніковіч журналістам па выніках сустрэчы.

Старшыня Калегіі ЕЭК паведаміў, што кіраўнік беларускай дзяржавы ўзняў пытанні, якія значна шырэйшыя за тыя, што прадугледжаны праектам парадку дня маючага адбыцца саміту ЕАЭС і Першага Еўразійскага эканамічнага форуму ў Бішкеку. Кіраўнікі дзяржаў краін Саюза прымуць удзел у гэтых мерапрыемствах у фармаце відэаканферэнцыі.

«Шмат увагі было нададзена пытанням перспектывы, якім быць ЕАЭС пасля 2025 года. Таму што да 2025 года ў нас дзейнічае стратэгія развіцця ЕАЭС, якую кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі ў снежні 2020 года. А вось што за 2025 годам... У гэтым плане, вядома, гэта пытанні, звязаныя з інвестыцыйным супрацоўніцтвам, стварэннем сумесных транс'еўразійскіх кампаній. У першую чаргу, расійска-беларускіх, якія будуць дастаткова ўпэўнена адчуваць сябе на ўнутраным рынку і вырабляць тыя тавары, якія запатрабаваны на сусветных рынках. І вось тут вельмі цікавыя і канструктыўныя рэкамендацыі былі сфармуляваны Аляксандрам Рыгоравічам, якія тычацца інстытутаў развіцця. Гэта не толькі Еўразійскі банк развіцця, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця», – заявіў Міхаіл Мясніковіч.

«І, вядома, унутраныя крыніцы. Зараз, здавалася б, недружалюбныя паводзіны іншых краін, але гэта менавіта той час, калі неабходна вельмі сур'ёзна інвеставаць у стварэнне новых праектаў. У першую чаргу імпартазамяшчальных. Вось гэтыя ўсе пытанні мною прыняты для далейшай прапрацоўкі. Безумоўна, трэба будзе вельмі сур'ёзная размова на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета», – сказаў Старшыня Калегіі ЕЭК.

Таксама абмяркоўваліся пытанні размеркавання імпартных пошлін. «У адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС 2014 года пошліны збіраюцца ў нацыянальных валютах. Потым расшчапляюцца, перадаюцца Нацыянальнаму банку, які канверсуе ў долары, і ўжо размеркаванне ідзе праз долар у казначэйства іншых краін», – растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.

«Цяпер падпісана часовае пагадненне, па якім працуюць Беларусь і Расія на базе расійскага рубля. А Арменія, Казахстан і Кыргызстан выкарыстоўваюць старую схему валютных разлікаў паміж сабой, а з намі – на базе расійскага рубля. У гэтым плане, безумоўна, будзе разглядацца вельмі цікавае пытанне на пасяджэнні ВЕЭС, якое тычыцца ўнясення змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе па нейкай сучаснай мадэлі і схеме разлікаў», – заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, Аляксандр Лукашэнка выказаў свае меркаванні на гэты конт, якія, безумоўна, будуць выкарыстоўвацца на практыцы. «І ў час, які застаецца, яшчэ трэба будзе падкарэкціраваць пэўныя дакументы, праекты якіх прадстаўляюцца на разгляд кіраўнікам дзяржаў», – дадаў Міхаіл Мясніковіч.