Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі ўнёс змяненні ў тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы мяса і мясной прадукцыі».
Змяненні распрацаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі згодна з Планам унясення змяненняў у тэхнічныя рэгламенты ў частцы карэкціроўкі патрабаванняў да ўказання харчовай каштоўнасці (бялок, тлушч, вугляводы, каларыйнасць) у маркіроўцы прадуктаў забою і мясной прадукцыі. Актуальнасць змяненняў абумоўлена тым, што мяса і прадукты забою, у тым ліку тыя, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны, характарызуюцца натуральнай (прыроднай) неаднастайнасцю колькасці бялку і тлушчу, якую складана стандартызаваць.
Змяненні накіраваны на папярэджанне дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўцоў. Яны дапамогуць вырашыць праблемы, звязаныя з кантролем правільнасці ўказання колькасці харчовых рэчываў шляхам вызначэння ў тэхрэгламенце дапушчальных межаў адхіленняў фактычных значэнняў колькасці бялку (да 20% у бок змяншэння) і тлушчу, вугляводаў, каларыйнасці (да 20% у бок павелічэння) ад значэнняў, указаных у маркіроўцы, з улікам асаблівасцяў вытворчасці такой прадукцыі.
Змяненнямі прадугледжаны дапушчальныя межы фактычных значэнняў колькасці харчовых рэчываў пры ўказанні інфармацыі аб харчовай каштоўнасці прадуктаў забою і мясной прадукцыі: бялок – не менш за 80% ад значэння, названага ў маркіроўцы; тлушч, вугляводы, энергетычная каштоўнасць (каларыйнасць) – не больш за 120% ад значэння, названага ў маркіроўцы.
Аналагічныя патрабаванні ў дачыненні да прадуктаў забою птушкі і прадукцыі з мяса птушкі вызначаны тэхрэгламентам Саюза «Аб бяспецы мяса птушкі і прадукцыі яго перапрацоўкі», які прыняты Калегіяй Камісіі 29 кастрычніка 2021 года і ўступіў у сілу з 1 студзеня 2023 года.
Прынятае рашэнне прадугледжвае 24 месяцы пераходнага перыяду для плаўнага пераходу да новых патрабаванняў. Пераходны перыяд дадаткова будзе ўзгадняцца з дзяржавамі-членамі ў вызначаным парадку.