Прырост сукупнага ВУП ЕАЭС па выніках 2023 года дасягнуў 3,7%

Еўразійскі міжурадавы савет ухваліў даклад аб макраэканамічнай сітуацыі ў дзяржавах Еўразійскага эканамічнага саюза і прапановах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага развіцця. Пасяджэнне адбылося 2 лютага ў Алматы.

Нягледзячы на тое, што знешнія ўмовы для дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза заставаліся складанымі, захоўваецца пазітыўная эканамічная дынаміка. Так, у 2023 годзе выраслі спажывецкі попыт і інвестыцыйная актыўнасць, павялічыліся прамысловая вытворчасць, аб'ёмы выкананых будаўнічых работ і іншыя ключавыя паказчыкі.

Як падкрэсліў міністр па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Глазьеў, па выніках 2023 года прырост сукупнага ВУП ЕАЭС дасягнуў 3,7%, што вышэй за сярэднесусветныя значэнні. Пры гэтым лідарамі росту сталі Арменія і Кыргызстан.

«Мы назіраем бум інвестыцыйнай актыўнасці. Фактычна тэмпы росту інвестыцый у тры разы вышэй за сярэднесусветны ўзровень. Гэта падтрымліваецца высокімі тэмпамі росту ў апрацоўчай прамысловасці і будаўніцтве, дзе яны дасягнулі 6-8%. Узровень інфляцыі скараціўся ўдвая. Паляпшаецца фінансавая ўстойлівасць дзяржаў ЕАЭС, мы фактычна перайшлі на ўнутраныя крыніцы фінансавання дэфіцытаў бюджэту. Доля ўзаемнага гандлю вырасла ўдвая летась, і за два гады яе абсалютны аб'ём павялічыўся на чвэрць, прычым у асноўным за кошт інвестыцыйных і спажывецкіх тавараў», – паведаміў Сяргей Глазьеў.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на развіццё прамысловай вытворчасці і рост імпартазамяшчэння.

«Аб'ём імпартазамяшчэння мы ацэньваем у 4 трлн рублёў, гэта палова таго патэнцыялу, які мы маглі б рэалізаваць у святле рэзка змененых умоў гандлю. І хоць адаптыўнасць нашага Саюза вельмі высокая, разам з тым нашы прадпрыемствы маглі б вырабляць яшчэ больш прадукцыі. У нас няма абмежаванняў для далейшага росту эканомікі ЕАЭС ні па асноўных фондах, ні па працы, ні па сыравіне, ні па навукова-тэхнічным патэнцыяле. Мы ацэньваем магчымасць павелічэння эканамічнай актыўнасці шляхам загрузкі вытворчых магутнасцяў у прамысловасці ў 2 працэнтных пункта штогадовага прыросту ВУП. У цэлым чаканы прырост ВУП ЕАЭС у сярэднетэрміновай перспектыве мы ацэньваем у 3-5%, а патэнцыял дадатковага выпуску прадукцыі – яшчэ вышэй. Вузкім месцам з'яўляецца нізкая норма назапашвання і інавацыйнай актыўнасці. Трэба падтрымаць рост эканомікі пашырэннем крэдытаў, выкарыстоўваючы спецыяльныя інструменты рэфінансавання мэтавых крэдытаў для падтрымкі сумесных інвестыцыйных праектаў», – адзначыў Сяргей Глазьеў.

Асноўнай задачай макраэканамічнай палітыкі на 2024-2025 гады з'яўляецца забеспячэнне эканамічнага росту вышэй сярэднесусветных значэнняў шляхам паляпшэння макраэканамічнага асяроддзя, нарошчвання інвестыцый у развіццё вытворчасці, павышэння навукова-тэхналагічнага і вытворчага патэнцыялу, рэалізацыі еўразійскіх кааперацыйных праектаў. Неабходна таксама далейшае зніжэнне інфляцыйных працэсаў, пры гэтым важную ролю адыгрывае стабілізацыя абменных курсаў дзяржаў-членаў.

«Мы прыступаем да новага этапу развіцця інтэграцыі і пры распрацоўцы асноўных напрамкаў эканамічнага развіцця да 2035 года лічым мэтазгодным разгледзець магчымасць фарміравання бюджэту развіцця ЕАЭС і падумаць над крыніцамі напаўнення гэтага бюджэту. У тым ліку шляхам увядзення экспартных пошлін і іншых інструментаў, праз якія мы маглі б акумуліраваць і накіроўваць рэсурсы для рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў, якія сёння з'яўляюцца нашым галоўным прыярытэтам эканамічнага развіцця. Мы бачым усе магчымасці падтрымання тэмпаў росту, якія апераджаюць сусветную эканоміку, у адпаведнасці з Асноўнымі арыенцірамі макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў ЕАЭС на 2024-2025 гады», – сказаў на заканчэнне Сяргей Глазьеў.

Даклад будзе апублікаваны на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Даведка

Даклад аб макраэканамічнай сітуацыі ў дзяржавах-членах Еўразійскага эканамічнага саюза і прапановах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага развіцця рыхтуецца штогод у адпаведнасці з артыкулам 62 Дагавора аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 года.