Кіраўнікі транспартных ведамстваў краін ЕАЭС абмеркавалі супрацоўніцтва на бліжэйшыя тры гады

Транспартная палітыка і ключавыя аспекты інфраструктурнага развіцця разгледжаны на 7-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне транспарту дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, якое прайшло ў Ерэване пад старшынствам Рэспублікі Арменія.

На пасяджэнні абмеркаваны вынікі выканання асобных мерапрыемстваў дарожнай карты па рэалізацыі Асноўных напрамкаў транспартнай палітыкі за перыяд 2021-2023 гады. Савет кіраўнікоў прыняў адпаведныя рашэнні ў дачыненні да канцэптуальных падыходаў па падрыхтоўцы нарматыўнай базы Саюза ў сферы грамадзянскай авіяцыі і сінхранізацыі працэдур афармлення і выдачы спецдазволаў пры ажыццяўленні міжнародных аўтаперавозак па еўразійскіх транспартных калідорах.

Таксама міністр па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Арзыбек Кожашаў распавёў аб падрыхтоўцы праекта дарожнай карты на 2024-2026 гады і прапанаваў правесці ўзгадненне асобных пунктаў гэтага дакумента. «Мяркую, нам удасца дасягнуць кансэнсусу па няўзгодненых пунктах дакумента. Вельмі важна зацвердзіць яго на чарговым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета», — падкрэсліў Арзыбек Кожашаў.

Бакі дамовіліся ўключыць у дарожную карту мерапрыемствы па распрацоўцы праекта Канцэпцыі развіцця кантэйнерных перавозак у дзяржавах-членах Саюза да 2035 года, па развіцці супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі. Для разгляду бягучых рознагалоссяў па пытаннях стварэння і функцыянавання агульнага рынку паслуг паветранага транспарту ў рамках Саюза запланавана правядзенне нарады высокага ўзроўню ў другой палове чэрвеня 2024 года.

Таксама Савет кіраўнікоў прыняў важныя рашэнні па механізме і мадэлі кіравання еўразійскімі транспартнымі калідорамі. Падтрымана ініцыятыва кіраўніка Савета кіраўнікоў, міністра па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Арзыбека Кожашава па ўдзеле Камісіі ў працы каардынацыйных органаў, якія дзейнічаюць па Пагадненні аб міжнародным транспартным калідоры «Поўнач – Поўдзень» і Пагадненні аб узгодненым развіцці міжнародных транспартных калідораў СНД.

Адносна рэалізацыі Пагаднення аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў прыняты да ведама вопыт правядзення Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыі эксперыменту па прымяненні навігацыйных пломбаў у дачыненні да асобных катэгорый тавараў.

Па запрашэнні Савета кіраўнікоў у пасяджэнні прыняў удзел намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця Яраслаў Мандрон. Ён праінфармаваў аб працы ЕАБР па фінансаванні транспартных праектаў у краінах ЕАЭС.

Савет кіраўнікоў абмеркаваў канцэптуальныя падыходы да далейшай працы па Пагадненні аб суднаходстве і прыняў да ведама інфармацыю Міністэрства транспарту Расійскай Федэрацыі аб спрашчэнні парадку прыняцця рашэнняў па выдачы дазволаў на праход суднаў па ўнутраных водных шляхах Расіі.

Акрамя таго, прадстаўнікі транспартных ведамстваў ЕАЭС азнаёміліся з ходам рэалізацыі праекта па інфармацыйным забеспячэнні транспартнага (аўтамабільнага) кантролю на знешняй мяжы ЕАЭС. Таксама была прадастаўлена справаздача аб працы ў 2023 годзе групы экспертаў па авіяцыйнай бяспецы і экспертнай групы па бяспецы палётаў, іх задачах на 2024 год. Абедзве групы створаны пры Савеце кіраўнікоў у якасці спецыялізаваных пляцовак для галіновага абмену вопытам і выпрацоўкі прапаноў.

«У вочным фармаце нашай працы мы бачым вялікую значнасць. Гэта павялічвае эфектыўнасць перамоўнага працэсу, у тым ліку для ўзгаднення спрэчных пытанняў «тут і цяпер». У канчатковым выніку гэта дазваляе скараціць тэрміны прыняцця рашэння», — адзначыў Арзыбек Кожашаў.

На чарговым пасяджэнні Савет кіраўнікоў разгледзіць актуальныя напрамкі ўзаемадзеяння. Прапановы члены Савета кіраўнікоў павінны будуць накіраваць у ЕЭК да 31 жніўня.

У завяршэнне ўдзельнікі пасяджэння выказалі падзяку кіраўніцтву Міністэрства тэрытарыяльнага развіцця і інфраструктур Арменіі за цёплы прыём, высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства.