Устаноўлены пераходныя палажэнні па змяненнях тэхрэгламенту на цацкі

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі ўстанавіла парадак увядзення ў дзеянне змяненняў у тэхрэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак», якія ўступяць у сілу 26 лістапада гэтага года.

Сертыфікаты адпаведнасці цацак патрабаванням тэхрэгламенту, выдадзеныя да ўступлення ў сілу змяненняў, будуць сапраўдныя да заканчэння тэрміну іх дзеяння. У перыяд дзеяння названых дакументаў дазволена вырабляць і выпускаць цацкі ў абарачэнне. Абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца на працягу яе тэрміну службы або тэрміну прыдатнасці.

Змяненні ў тэхрэгламент «Аб бяспецы цацак» унесены Рашэннем Савета ЕЭК 14 мая 2024 года № 50.

У рамках змяненняў у дакумент унесены ўдакладненні, неабходнасць якіх ўстаноўлена на аснове практыкі яго прымянення. Акрамя таго, тэхрэгламент дапоўнены новымі тэрмінамі, такімі як «араматызаваная цацка», «мякканабіўная цацка», «бразготка», «набор для развіцця смакавых навыкаў (смакавы набор)» і шэрагам іншых, а таксама патрабаваннямі да новых відаў цацак. У іх ліку настольныя гульні для развіцця нюху, смакавыя наборы і некаторыя іншыя.