Навіны

19.11.2021 (Обновлено: 18.01.2022 10:15)

У ЕАЭС плануюць распрацаваць еўразійскія праграмы нізкавугляроднага развіцця

На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 18 лістапада кіраўнікам урадаў далажылі пра ход працы па збліжэнні пазіцый дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў рамках кліматычнага парадку дня. Раней па даручэнні Міжурадавага савета спецыяльна для гэтага была сфарміравана рабочая група высокага ўзроўню з прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі і дзяржаў ЕАЭС.

Як паведаміў міністр па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў, на пляцоўцы рабочай групы бакі падтрымалі распрацоўку асноўных стратэгічных падыходаў на базе элементаў нацыянальных стратэгій нізкавугляроднага развіцця з улікам кампетэнцый органаў ЕАЭС, а таксама першага пакета мерапрыемстваў дарожнай карты па іх рэалізацыі.

На сённяшні дзень бакамі прапрацоўваецца 13 напрамкаў далейшай працы, у тым ліку аналіз нацыянальнага вопыту заканадаўчага рэгулявання ў кліматычнай сферы і падрыхтоўка магчымых прапаноў па развіцці агульных падыходаў у ЕАЭС, стварэнне інтэграванай сістэмы ўліку і маніторынгу выкідаў парніковых газаў у ЕАЭС.

«Яшчэ адзін напрамак – вызначэнне мер стымулявання нізкаэмісійнай трансфармацыі ў наступных галінах: транспарт, энергетыка, металургія, хімія, будаўніцтва, сельская гаспадарка, жыллёва-камунальная гаспадарка. Таксама ў спісе – еўразійскія праграмы нізкавугляроднага развіцця, зялёнае фінансаванне, фарміраванне банка кліматычных тэхналогій і лічбавых ініцыятыў», – адзначыў Андрэй Сляпнёў.

Старшыні ўрадаў краін Саюза станоўча ацанілі гэту працу і даручылі працягнуць яе. Мяркуецца, што асноўныя стратэгічныя падыходы будуць прадстаўленыя ў другой палове 2022 года