Дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) у рамках ЕАЭС у частцы змянення і дапаўнення пераліку медвырабаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі ў Саюзе.
Змяненні датычацца некалькіх катэгорый медыцынскіх вырабаў. Сярод іх – вырабы, зробленыя па індывідуальных заказах пацыентаў выключна для асабістага карыстання; вырабы, увезеныя для аказання медыцынскай дапамогі па жыццёвых паказаннях канкрэтнага пацыента; вырабы, зробленыя ў дзяржавах ЕАЭС для экспарту ў трэція краіны. Таксама змяненні датычацца набораў, камплектаў і аптэчак, укамплектаваных з зарэгістраваных медвырабаў і лекаў і прызначаных для абарачэння на тэрыторыі пэўнай дзяржавы.
Пратакол пачынае часова прымяняцца з 19 лютага 2026 года і ўступае ў сілу з даты атрымання Камісіяй апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні дзяржавамі-членамі ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу.