Навіны

01.11.2016

Пачатак работы экспертнай групы ЕЭК па папярэднім інфармаванні

1-2 лістапада ў Маскве Дэпартамент мытнай інфраструктуры Еўразійскай эканамічнай камісіі правядзе першае пасяджэнне экспертнай групы па развіцці інстытута папярэдняга інфармавання аб таварах і транспартных сродках, што ўвозяцца на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). У пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі ЕЭК, спецыялісты мытных службаў і іншых зацікаўленых ведамстваў, а таксама эксперты ад бізнес-асацыяцый краін ЕАЭС. «Мы вырашылі, што абмеркаванне будзе найбольш выніковым, калі яго падзяліць па сегментах рынку перавозак, – растлумачыў кіраўнік экспертнай групы, намеснік начальніка аддзела мытных інфармацыйных тэхналогій Камісіі Аляксей Гаўрычаў. – Эксперты будуць працаваць над удасканаленнем дзеючых норм альбо меркаваным распаўсюджваннем нормаў асобна па кожным відзе транспарту». Такім чынам, 1 лістапада ў першай палове дня на пляцоўцы ЕЭК эксперты абмяркуюць удасканаленне дзеючай нормы па абавязковым прадстаўленні папярэдняй інфармацыі аб таварах, што ўвозяцца ў ЕАЭС аўтатранспартам. Гэтая норма дзейнічае з 2012 года. Абмеркаванне 1 лістапада ў другой палове дня будзе прысвечана папярэдняму інфармаванню на авіятранспарце. Нагадаем, што згодна з рашэннем Калегіі ЕЭК авіяперавозчыкаў абавяжуць прадстаўляць папярэднюю інфармацыю з 1 красавіка 2017 года. 2 лістапада ў першай палове дня запланавана абмеркаванне нормы аб падачы папярэдняй інфармацыі аб таварах, што ўвозяцца на тэрыторыю ЕАЭС чыгуначным транспартам. Абавязковае папярэдняе інфармаванне ў сегменце чыгуначных перавозак у Саюзе дзейнічае з 2014 года. 2 лістапада ў другой палове дня – абмеркаванне ўвядзення абавязковага папярэдняга інфармавання ў сегменце марскіх перавозак. «Мытны кодэкс ЕАЭС, які рыхтуецца да падпісання, адкрывае новыя магчымасці для бізнесу па выкарыстанні загадзя пададзенай інфармацыі аб таварах, якія ўвозяцца. Рашэнні, якія вызначаць ахоп дадзенай нормы, цяпер у распрацоўцы. Таму мы запрашаем зацікаўлены бізнес, які працуе ў сферы паслуг па перавозках тавараў, актыўна падключацца да гэтай работы», – падкрэсліў Аляксей Гаўрычаў.​