Дзяржавы-ўдзельніцы гэтай Дамовы, якiя далей называюцца Бакамi;
КІРУЮЧЫСЯ Дамовай паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканамічнай і гуманітарнай галінах ад 29 сакавіка 1996 года, далей названай Дамовай ад 29 сакавіка 1996 года, раней заключанымі пагадненнямі па яго рэалізацыі, а таксама ўлічваючы рашэнні, прынятыя органамі кіравання інтэграцыяй;
ВЫКОНВАЮЧЫ пагадненні, падпісаныя паміж Бакамі аб свабодным гандлі, аб адзіным парадку рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці, аб Мытным саюзе, аб забеспячэнні ўзаемнай канвертавальнасці і стабілізацыі курсаў нацыянальных валют, аб прадухіленні падвойнага падаткаабкладання і ўхілення ад выплаты падаткаў на прыбытак і капітал;
ЗЫХОДЗЯЧЫ з існуючых вытворчых і навукова-тэхналагічных сувязяў, узаемазалежнасці і ўзаемадапаўняльнасці эканомік;
ВЫКАНАНЫЯ РАШУЧАСЦІ надаць новы імпульс развіццю больш шчыльнай інтэграцыі, збліжэнню эканомікі дзяржаў-удзельніц у мэтах сацыяльнага прагрэсу і паляпшэння дабрабыту народаў;
ПРЫЗНАЮЧЫ, што ўхіленне існуючых бар'ераў і абмежаванняў патрабуе ўзгодненых дзеянняў, гарманічнага развіцця рынкавых адносін дзяржаў і стварэння роўных умоў і магчымасцяў гаспадарчым суб'ектам;
ПАЦВЯРДЖАЮЧЫ сяброўскія адносіны, якія злучаюць дзяржавы і народы, жадаючы забяспечыць іх росквіт, грунтуючыся на прынцыпах Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Статута Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Дамовы аб стварэнні Эканамічнага саюза ад 24 верасня 1993 года, нормах і прынцыпах міжнароднага права;
УЛІЧВАЮЧЫ імкненне Бакоў стаць членамі Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі;
ПАВАЖАЮЧЫ суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржаў і гарантуючы неўмяшанне ва ўнутраныя справы;
ВЫКАЗВАЮЧЫ РАШУЧАСЦЬ завяршыць фармаванне Мытнага саюза і стварыць Адзіную эканамічную прастору, дамовіліся аб наступным:
Раздзел I. ПАНЯЦЦІ І ТЭРМІНЫ
Артыкул 1
Для мэтаў гэтай Дамовы, прыведзеныя ніжэй паняцці і тэрміны маюць наступнае значэнне:
1) Адзіная эканамічная прастора – прастора, якая складаецца з тэрыторый Бакоў, на якой функцыянуюць аднатыпныя механізмы рэгулявання эканомікі, заснаваныя на рынкавых прынцыпах і ўжыванні гарманізаваных прававых нормаў, існуе адзіная інфраструктура і праводзіцца ўзгодненая падатковая, грашова-крэдытная, валютна-фінансавая, гандлёвая і мытная палітыка, якія забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы;
2) адзіная мытная тэрыторыя – тэрыторыя, якая складаецца з мытных тэрыторый Бакоў, у дачыненні да якой Бакамі усталяваны Агульны мытны тарыф, ужываюцца адзіныя меры нетарыфнага рэгулявання, дзейнічаюць уніфікаваныя мытныя правілы, забяспечана адзінства кіравання мытнымі службамі і адменены мытны кантроль на ўнутранай мытнай мяжы;
3) агульны (унутраны) рынак – сукупнасць эканамічных адносін на адзінай мытнай тэрыторыі;
4) агульны мытны тарыф – узгоднены пералік адзіных ставак увазных мытных пошлін, якія ўжываюцца да тавараў, што ўвозяцца на мытныя тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза з трэціх краін, сістэматызаваны ў адпаведнасці з Адзінай таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Садружнасці Незалежных Дзяржаў;
5) унутраная мытная мяжа – межы мытнай тэрыторыі кожнага з Бакоў, якія адначасова з'яўляюцца межамі мытнай тэрыторыі другога Боку;
6) знешняя мытная мяжа (вонкавы перыметр) – межы адзінай мытнай тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза, якія падзяляюць тэрыторыі гэтых дзяржаў і тэрыторыі дзяржаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз;
7) ускосныя падаткі – падатак на даданую вартасць і акцызы на тавары і паслугі.
Раздзел II. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 2
У адпаведнасці з умовамі гэтай Дамовы Бакі прымаюць на сябе абавязацельства завяршыць фармаванне Мытнага саюза і стварыць на яго аснове Адзіную эканамічную прастору.
Артыкул 3
Асноўнымі мэтамі фармавання Адзінай эканамічнай прасторы з'яўляюцца:
эфектыўнае функцыянаванне агульнага (унутранага) рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы;
стварэнне ўмоў стабільнага развіцця структурнай перабудовы эканомікі Бакоў у інтарэсах падвышэння жыццёвага ўзроўню іх насельніцтва;
правядзенне ўзгодненай падатковай, грашова-крэдытнай, валютна-фінансавай, гандлёвай, мытнай і тарыфнай палітыкі;
развіццё адзіных транспартных, энергетычных і інфармацыйных сістэм;
стварэнне агульнай сістэмы мер дзяржаўнай падтрымкі развіцця прыярытэтных галін эканомікі, вытворчай і навукова-тэхналагічнай кааперацыі.
Артыкул 4
Найважнейшымі прынцыпамі фармавання Адзінай эканамічнай прасторы з'яўляюцца:
прынцып недыскрымінацыі;
прынцып узаемнай выгады;
агульныя (універсальныя) прынцыпы: узаемадапамога, добраахвотнасць, раўнапраўе, адказнасць за прынятыя абавязацельствы, адкрытасць.
Артыкул 5
Фармаванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы забяспечваюцца наступнымі органамі кіравання інтэграцыяй:
– Мiждзяржаўным Саветам,
– Саветам кіраўнікоў урадаў,
– Інтэграцыйным Камітэтам,
– Міжпарламенцкім Камітэтам.
Кожны орган кіравання інтэграцыяй дзейнічае ў межах паўнамоцтваў, вызначаных Палажэннем аб гэтым органе.
Па рашэнні Міждзяржаўнага Савета могуць стварацца і іншыя органы кіравання інтэграцыяй.
Артыкул 6
Дзяржавы-удзельніцы ўзгадняюць эканамічную палітыку па фармаванні Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ў адпаведнасці з палажэннямі Дамовы ад 29 сакавіка 1996 года, заключанымі паміж Бакамі пагадненнямі і прынятымі рашэннямі па яе рэалізацыі.
Бакі абавязваюцца ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, якія маглі б паставіць пад пагрозу дасягненне мэтаў гэтай Дамовы.
Артыкул 7
Адзіная эканамічная прастора фармуецца паэтапна.
Працягласць этапаў, сукупнасць мерапрыемстваў у кожным з этапаў і іх рэалізацыя будуць вызначацца Мiждзяржаўным Саветам.
Пераход ад этапу да этапу будзе абумоўлены фактычным дасягненнем спецыфічных мэтаў гэтай Дамовы і выкананнем Бакамі прынятых па ім абавязацельстваў.
Першы этап мае на мэце завяршэнне фармавання Мытнага саюза і адзінай мытнай тэрыторыі.
Другі этап прадугледжвае стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы, які ўключае фармаванне агульнага (унутранага) рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы, правядзенне агульнай эканамічнай палітыкі і стварэнне адзінай інфраструктуры, завяршэнне гарманізацыі заканадаўства Бакоў, якое забяспечвае функцыянаванне Адзінай эканамічнай прасторы.
На наступных этапах эканамічнага супрацоўніцтва Бакі будуць імкнуцца да ўзгаднення параметраў асноўных макраэканамічных паказчыкаў.
Раздзел III. ЗАВЯРШЭННЕ ФАРМАВАННЯ
МЫТНАГА САЮЗА
ПАДЗЕЛ 1. РЭЖЫМ СВАБОДНАГА ГАНДЛЮ ТАВАРАМІ
Артыкул 8
Бакі ва ўзаемным гандлі забяспечваюць рэалізацыю ў поўным аб'ёме рэжыму свабоднага гандлю таварамі без выняткаў і абмежаванняў на аснове дзеючых паміж Бакамі двухбаковых і шматбаковых пагадненняў аб свабодным гандлі.
Артыкул 9
Бакі абвяшчаюць наступныя мэты функцыянавання рэжыму свабоднага гандлю таварамі:
а) неўжыванне тарыфных і колькасных абмежаванняў у дачыненні да тавараў, што паходзяць з мытнай тэрыторыі аднаго Боку і вывозяцца (ўвозяцца) на мытную тэрыторыю другога Боку, i прызначаных для свабоднага абароту на мытнай тэрыторыі Бакоў;
б) ужыванне адзінай сістэмы збірання ўскосных падаткаў;
в) нішто не перашкаджае аднаму Боку часова ўжываць ахоўныя меры ў дачыненні да ўвозу тавараў з другога Боку ў адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі нормамі і правіламі ці нацыянальным заканадаўствам;
г) не прадастаўленне без згоды Бакоў любой трэцяй дзяржаве, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтай Дамовы, гандлёвага рэжыму, больш спрыяльнага, чым Бакі ўзаемна прадастаўляюць адзін аднаму;
д) ліквідацыя абмежаванняў канкурэнцыі, выкліканых паводзінамі гаспадарчых суб'ектаў або выкліканых умяшаннем агульнадзяржаўных і тэрытарыяльных органаў, у той меры, у якой гэта можа ўздзейнічаць на ўзаемны гандаль гаспадарчых суб'ектаў Бакоў;
е) узаемнае неўжыванне Бакамі якіх-небудзь мер (у тым ліку і калектыўных) абмежавальнага альбо фіскальнага характару, якія прама ці ўскосна могуць прывесці да дыскрымінацыі ў дачыненні да тавару, які паходзіць з мытнай тэрыторыі аднаго з Бакоў, у параўнанні з аналагічнымі таварамі, што паходзяць з мытнай тэрыторыі другога Боку.
Артыкул 10
Бакі прадпрымаюць неабходныя намаганні для ліквідацыі на сваіх тэрыторыях адміністрацыйных, фіскальных перашкод, якія маюць мясцовы альбо рэгіянальны характар і абцяжарваюць нармалёвае функцыянаванне рэжыму свабоднага гандлю таварамі.
Для мэт дадзенага артыкула гэтай Дамовы нішто не перашкаджае Бакам ужываць нацыянальнае заканадаўства, якое тычыцца ўезду, знаходжання, працы, заснавання фірм, кампаній, ажыццяўлення паслуг фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Пры гэтым яны ўжываюць рэжым такім чынам, каб не ануляваць або не абмяжоўваць перавагі, якія атрымлівае любы Бок у сiлу гэтай Дамовы.
ПАДЗЕЛ 2. РЭГУЛЯВАННЕ ЗНЕШНЯГА ГАНДЛЮ
ТАВАРАМІ
Артыкул 11
Бакі ўсталёўваюць адзіны парадак рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці ў межах абавязацельстваў па пагадненнях аб Мытным саюзе і з дапамогай гарманізацыі норм і правілаў, прадугледжаных двухбаковымі пагадненнямі аб адзіным парадку рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці, якія дзейнічаюць паміж Бакамі на дату ўступлення ў сiлу гэтай Дамовы.
Артыкул 12
Адзіны парадак рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці і прыняцця ўзгодненых рашэнняў па яго сінхронным змяненні і дапаўненні ўключае наступныя вобласці:
1) тарыфнае рэгуляванне знешнегандлёвай дзейнасці;
2) нетарыфныя меры рэгулявання ў гандлі з трэцімі краінамі;
3) усталяванне гандлёвага рэжыму ў адносінах з трэцімі краінамі;
4) ускоснае падаткаабкладанне знешнегандлёвых аперацый з
трэцімі краінамі;
5) валютнае рэгуляванне знешнегандлёвых аперацый.
Артыкул 13
Бакi ў развіццё Рашэння Савета кіраўнікоў урадаў ад 22 студзеня 1998 года № 2 «Аб Агульным мытным тарыфе дзяржаў-удзельніц пагадненняў аб Мытным саюзе» заключаць адпаведныя дамовы.
Бакі ўжываюць узгодненую сістэму тарыфных ільгот і тарыфных прэферэнцый у гандлі з трэцімі краінамі, у тым ліку адзіны парадак унясення ў яе зменаў і дапаўненняў.
Бакі дамовіліся аб тым, што парадак збірання і паступлення мытных пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне, будзе вызначаны асобнымі пагадненнямі.
Пры падрыхтоўцы вышэйзгаданых пагадненняў Бакі будуць улічваць прынятыя рашэнні і наступныя дамоўленасці, якія будуць дасягнуты Бакамі па гэтым пытанні на двухбаковай і шматбаковай аснове.
Артыкул 14
Бакі выконваюць адзіны парадак ужывання мер нетарыфнага рэгулявання ў гандлі з трэцімі краінамі і ў гэтых мэтах ужываюць у поўным аб'ёме Пагадненне аб адзіных мерах нетарыфнага рэгулявання пры фармаванні Мытнага саюза ад 22 кастрычніка 1997 года.
Адзіны парадак рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці не распаўсюджваецца на гандаль Бакамі ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай і іншай прадукцыяй ваеннага прызначэння, ядзернымі матэрыяламі, абсталяваннем, адмысловымі неядзернымі матэрыяламі і адпаведнымі тэхналогіямі, а таксама таварамі і тэхналогіямі падвойнага прызначэння, пазначанымi ў артыкуле 5 Пагаднення аб адзіных мерах нетарыфнага рэгулявання пры фармаванні Мытнага саюза. У гэтых мэтах Бакi заключаць асобнае Пагадненне.
Артыкул 15
У дачыненні да гандлю таварамі з трэцімі краінамі Бакі прадпрымаюць узгодненыя дзеянні па паэтапным усталяванні адзінага гандлёвага рэжыму.
Змену гандлёвага рэжыму ў адносінах да трэціх краін, увядзенне альбо адмену тарыфных і нетарыфных абмежаванняў у гандлі таварамі, уключаючы ўвядзенне або адмену часовых абмежаванняў, Бакі робяць, як правіла, адначасова. У гэтых мэтах Бакі падпішуць адпаведныя пратаколы.
У гандлі з краінамі, з якімі адзін з Бакоў мае пагадненне аб рэжыме свабоднага гандлю, гэты Бок узгадняе з іншымі Бакамі гэтай Дамовы пералікі выняткаў і абмежаванняў з рэжыму свабоднага гандлю альбо формы кампенсацыі, якія вынікаюць з існуючага несупадзення гандлёвых рэжымаў.
Самастойныя перамовы Бакоў па далучэнні да Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі, працэс іх інтэграцыі ў міжнародныя эканамічныя і фінансавыя структуры не павінны з'яўляцца непераадольнай перашкодай у іх імкненні забяспечыць паэтапную гарманізацыю гандлёвых рэжымаў.
У мэтах дасягнення неабходнага ўзроўню ўзгаднення перамоўных пазіцый Бакі будуць эфектыўна выкарыстоўваць механізм рэгулярных кансультацый, прадугледжаны Пратаколам аб міжнародных гандлёвых перамовах дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза пры ўступленні ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ад 3 чэрвеня 1997 года і рашэннем Міждзяржаўнага Савета ад 28 красавіка 1998 года № 27.
Артыкул 16
Бакі ўжываюць адзіную сістэму збірання ўскосных падаткаў у гандлі з трэцімі краінамі.
Стаўкі ўскосных падаткаў на тавары, якія экспартуюцца і імпартуюцца, не перавышаюць аналагічныя стаўкі, якімі абкладаюцца тавары нацыянальнай вытворчасці.
У гандлі з трэцімі краінамі Бакі пераходзяць на спагнанне ўскосных падаткаў, зыходзячы з прынцыпу краіны прызначэння.
Пры ўвозе і вывазе тавараў у гандлі з трэцімі краінамі Бакі ўстрымліваюцца ад прадастаўлення індывідуальных падатковых ільгот у частцы, што тычыцца ставак і парадку спагнання падатку на даданую вартасць і акцызаў па падакцызных таварах.
Любы з Бакоў мае права запатрабаваць інфармацыю адносна ўжывання ставак і механізму спагнання падаткаў, падатковых ільгот, якія прадстаўляюцца для рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў, якія ажыццяўляюць гандлёвыя аперацыі з таварамі з трэціх краін, у другога Боку і атрымаць яе на працягу трыццаці каляндарных дзён.
Артыкул 17
Бакі ўжываюць узгоднены парадак валютнага рэгулявання ў знешнегандлёвых аперацыях, заснаваны на маніторынгу дзеючага ў дзяржавах-удзельніцах заканадаўства ў гэтай галіне, на рэгулярным абмене інфармацыяй паміж цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі, уключаючы іншую інфармацыю па бягучых і капітальных аперацыях плацежнага балансу.
У далейшым Бакі распрацуюць асобнае Пагадненне аб ужыванні агульнай сістэмы валютнага нагляду.
Артыкул 18
Бакі пацвярджаюць, што адзіны парадак рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці будзе ўсталяваны па меры ўніфікацыі заканадаўства з улікам бягучых і доўгачасовых знешнегандлёвых, эканамічных інтарэсаў і патэнцыялаў Бакоў.
Усе змены і дапаўненні ў адзіны парадак рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці ў абласцях, пазначаных у артыкуле 12 гэтай Дамовы, уносяцца па ўзгадненні Бакоў на этапе праектаў рашэнняў урадаў Бакоў.
Бакі маюць права ўводзіць індывідуальныя часовыя абмежаванні ў гандлі з трэцімі краінамі ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі міжнароднымі нормамі і правіламі.
Такія меры носяць часовы характар і будуць ужывацца ў адпаведнасці з усталяванымі Бакамі працэдурамі.
Артыкул 19
Бакі разглядаюць ужыванне адзінага парадку рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці ў якасці найважнейшай падставы i неабходнай умовы для ўсталявання на ўзаемнай аснове рэжыму свабоднага гандлю без выняткаў і абмежаванняў.
Выйсце аднаго з Бакоў з рэжыму адзінага парадку рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці, прадугледжанага артыкуламі 11-18 гэтай Дамовы, можа разглядацца Бокам альбо Бакамі падставай для ўзбуджэння пытання аб спыненні дзеяння рэжыму свабоднага гандлю без выняткаў і абмежаванняў у дачыненні да дадзенага Боку.
ПАДЗЕЛ 3. МЫТНЫ САЮЗ
Артыкул 20
Бакі пацвярджаюць, што іх імкненне забяспечыць завяршэнне фармавання Мытнага саюза грунтуецца на базе функцыянавання рэжыму свабоднага гандлю, паэтапнага ўсталявання адзінага парадку рэгулявання знешнегандлёвай дзейнасці і выканання абавязацельстваў, што вынікаюць з прынцыпаў і палажэнняў пагадненняў аб Мытным саюзе.
Артыкул 21
Бакi ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі міжнароднымі нормамі і правіламі ствараюць Мытны саюз у якасці гандлёва-эканамічнага аб'яднання, які мае:
а) адзіную мытную тэрыторыю;
б) агульны мытны тарыф;
в) рэжым, які не дапускае якіх-небудзь тарыфных і нетарыфных абмежаванняў (ліцэнзаванне, кватаванне) ва ўзаемным гандлі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтай Дамовай;
г) спрашчэнне і наступную адмену мытнага кантролю на ўнутраных мытных межах;
д) аднатыпныя механізмы рэгулявання эканомікі і гандлю, якія базуюцца на ўніверсальных рынкавых прынцыпах гаспадарання і гарманізаваным эканамічным заканадаўстве;
е) органы кіравання;
ж) адзіную мытную палітыку і ўжыванне адзіных мытных рэжымаў.
На этапе фармавання Мытнага саюза яго выканаўчым органам будзе з'яўляцца Інтэграцыйны Камітэт.
Артыкул 22
Пасля выканання ўмоў, прадугледжаных у артыкуле 21, тавары, увезеныя з трэціх краін на адзіную мытную тэрыторыю і выпушчаныя для свабоднага абароту ў адной з дзяржаў-удзельніц, не будуць абмежаваныя да перамяшчэння праз унутраныя мытныя межы.
Бакі ўніфікуюць нормы і правілы мытнага афармлення і кантролю ў адносінах да тавараў, што паходзяць з трэціх краін, і падпішуць адпаведныя дакументы аб спрашчэнні і наступнай адмене мытнага афармлення і кантролю на ўнутраных мытных межах.
Пры мытным афармленні тавараў, што перамяшчаюцца фізічнымі асобамі праз унутраныя межы Мытнага саюза, Бакі будуць кіравацца Пратаколам аб спрошчаным парадку мытнага афармлення ад 22 студзеня 1998 года і ў далейшым адменяць мытнае афармленне і мытны кантроль тавараў на ўнутраных мытных межах. У гэтых мэтах Бакі падпішуць адпаведныя дакументы.
Артыкул 23
Бакі вызначаць дадатковымі дамоўленасцямі часовыя рамкі завяршэння фармавання Мытнага саюза з улікам агульнапрызнаных міжнародных норм і правілаў.
Пры ўсталяванні гандлёвых рэжымаў з трэцімі краінамі Бакі забяспечаць адзін аднаму прэферэнцыйны рэжым шляхам вынятку з рэжыму найбольшага спрыяння ў карысць Бакоў, якія фармуюць Мытны саюз.
Артыкул 24
Бакі забяспечаць аб'яднанне мытных тэрыторый бакоў у адзіную мытную тэрыторыю пасля завяршэння стварэння для гэтага неабходных прававых, эканамічных і міжнародных умоў.
У гэтых мэтах Бакі дамовіліся заключыць дамову аб завяршэнні стварэння Мытнага саюза, які рэгулюе механізм функцыянавання адзінай мытнай тэрыторыі.
Раздзел IV. СТВАРЭННЕ АДЗІНАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ ПРАСТОРЫ
ПАДЗЕЛ 4. АГУЛЬНАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ПАЛІТЫКА
І РАЗВІЦЦЁ ІНФРАСТРУКТУРЫ
Артыкул 25
Бакі ўзгадняюць асноўныя кірункі і этапы структурнай перабудовы эканомікі дзяржаў-удзельніц, якія забяспечваюць эфектыўнае выкарыстанне вытворчага патэнцыялу, фармаванне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, падтрымку высокаэфектыўных вытворчасцей, правядзенне ўзгодненай антыманапольнай, падатковай і фінансавай палітыкі, а таксама стварэнне ўмоў для добрасумленнай канкурэнцыі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы.
Артыкул 26
Бакі ствараюць неабходныя ўмовы для стабільнага эканамічнага развіцця дзяржаў-удзельнiц гэтай Дамовы, ажыццяўляюць узгодненую дзяржаўную падтрымку іх прыярытэтных галін і вытворчасцей, эфектыўную канверсію і рэфармаванне прадпрыемстваў абароннага комплексу.
Артыкул 27
Розныя формы субсідый (дапамогі), якія прадстаўляюцца дзяржавай-удзельніцай у выглядзе датацый або за кошт дзяржаўных рэсурсаў, якія парушаюць або пагражаюць парушыць канкурэнцыю шляхам стварэння больш спрыяльных умоў некаторым прадпрыемствам або вытворчасці асобных відаў тавараў, разглядаюцца як несумяшчальныя з прынцыпамі Адзінай эканамічнай прасторы ў той меры , у якой яны закранаюць гандаль паміж Бакамі, акрамя выпадкаў:
дапамогі сацыяльнага характару, якая аказваецца індывідуальным спажыўцам пры ўмове, што яна прадастаўляецца без дыскрымінацыі;
дапамогі, якая мае мэтай пакрыццё шкоды, нанесенай стыхійнымі бедствамі і якімі-небудзь іншымі надзвычайнымі здарэннямі прыроднага цi тэхнагеннага характару;
субсідый, якія маюць на мэце садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў, у якіх узровень жыцця ў адпаведнай дзяржаве ніжэй пражытковага мінімуму, што вызначаецца кожным Бокам, або ў якіх адзначаецца нізкая занятасць;
субсідый, якія маюць на мэце садзейнічаць ажыццяўленню праекта міждзяржаўнага значэння або закліканых выправіць сур'ёзнае парушэнне ў эканоміцы дзяржавы-удзельніцы;
іншыя віды субсідый (дапамогі), якія могуць быць вызначаны рашэннем Міждзяржаўнага Савета.
Артыкул 28
Бакі будуць ужываць адзіную сістэму збірання ўскосных падаткаў ва ўзаемным гандлі па прынцыпе краіны прызначэння, для чаго заключаць адпаведнае пагадненне.
Стаўкі ўскосных падаткаў на тавары, якія імпартуюцца, ва ўзаемным гандлі не павінны перавышаць стаўкі падаткаў, якімі абкладваюцца аналагічныя тавары ўнутранай вытворчасці.
Артыкул 29
У мэтах правядзення ўзгодненай акцызнай палітыкі Бакі будуць прытрымлівацца базавага пераліку падакцызных тавараў, якія вырабляюцца і ўвозяцца на мытныя тэрыторыі дзяржаў-удзельніц.
Артыкул 30
Бакi ў мэтах забеспячэння паўнаты збіральнасці падаткаў, а таксама абмену інфармацыяй паміж падатковымі органамі дзяржаў-удзельніц гэтай Дамовы рэалізуюць палажэнні Пагаднення аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе па пытаннях выканання падатковага заканадаўства Бакоў ад 25 сакавіка 1998 года і рашэння Савета кіраўнікоў урадаў ад 22 студзеня 1998 года № 4 на аснове прынцыпаў узаемадзеяння падатковых службаў дзяржаў-удзельніц Дамовы ад 29 сакавіка 1996 года.
Артыкул 31
Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі Бакоў скіроўваецца на правядзенне інстытуцыйных пераўтварэнняў, эфектыўнае кіраванне ўласнасцю, рэгуляванне адносін сфер эканомікі з банкаўскім сектарам, стварэнне новых механізмаў прыцягнення фінансавых сродкаў, упарадкаванне міждзяржаўных разлікаў.
Артыкул 32
Бакі будуць спрыяць стварэнню эфектыўных узаемадапаўняльных вытворчасцей з улікам эканамічных інтарэсаў дзяржаў.
Артыкул 33
Бакі прымуць меры да недапушчэнню злоўжыванняў сваім дамінуючым становішчам адным ці некалькімі гаспадарчымі суб'ектамі з тым, каб перашкодзіць:
выкарыстанню метадаў нядобрасумленнай канкурэнцыі;
абмежаванню вытворчасці, рынкаў або тэхнічнага развіцця ў шкоду спажыўцам;
ужыванню неаднолькавых умоў да роўнавартасных здзелак з іншымі гандлёвымі партнёрамі, ставячы іх, такім чынам, у нявыгадныя ўмовы канкурэнцыі.
У выпадку выяўлення демпінгавай практыкі, пацярпелы Бок мае права прыняць адпаведныя меры абароны, якія вызначаны нацыянальным заканадаўствам, па ўзгадненні з Бакамi.
Артыкул 34
Бакі ствараюць Транспартны саюз у адпаведнасці з Пагадненнем паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб фармаванні Транспартнага саюза ад 22 студзеня 1998 года.
Бакі вызначаюць Транспартны саюз як інтэграваную сістэму транспартных комплексаў Бакоў, якія функцыянуюць на аснове ўзаемаўзгодненых тэхналогій і параметраў і ўніфікаванай нарматыўна-прававой базе.
Стварэнне Транспартнага саюза будзе ажыццяўляцца паэтапна, па меры паглыблення інтэграцыйных працэсаў, і прадугледжвае рэалізацыю мер па забеспячэнні прававых, эканамічных і арганізацыйных умоў для бесперашкоднага перамяшчэння транспартных сродкаў, ажыццяўлення перавозак пасажыраў і грузаў паміж Бакамі і транзіту тавараў па iх тэрыторыях.
Фармаванне Транспартнага саюза дзяржаў-удзельніц завяршаецца на працягу другога этапа.
Артыкул 35
Бакі будуць ажыццяўляць транзіт у адпаведнасці з Пагадненнем аб адзіных умовах транзіту праз тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза ад 22 студзеня 1998 года.
Артыкул 36
Дзяржавы-ўдзельніцы будуць праводзіць узгодненую аграрную палітыку, ажыццяўляць сумеснае фінансаванне праграм і праектаў, якія забяспечваюць развіццё вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ў адпаведнасці з узгодненым Бакамі пералікам.
Пры правядзенні агульнай аграрнай палітыкі Бакі ўлічваюць:
– неабходнасць забеспячэння харчовай бяспекі дзяржаў-удзельніц Дамовы;
– асаблівы характар сельскагаспадарчай дзейнасці,
абумоўлены вытворчай і сацыяльнай структурай сельскай гаспадаркі, а таксама прыроднымі асаблівасцямі Бакоў;
– неабходнасць удасканалення структуры сельскагаспадарчай вытворчасці.
ПАДЗЕЛ 5. АГУЛЬНЫ РЫНАК ПАСЛУГ
Артыкул 37
Дзяржавы-ўдзельніцы будуць імкнуцца прадастаўляць адзін аднаму на ўзаемнай аснове нацыянальны рэжым доступу на рынак паслуг.
Бакі паступова ліквідуюць існуючыя абмежаванні доступу на нацыянальныя рынкі паслуг у межах Адзінай эканамічнай прасторы для юрыдычных і фізічных асоб дзяржаў-удзельніц гэтай Дамовы.
У гэтых мэтах Бакі прымуць агульную праграму развіцця гандлю паслугамі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, пры падрыхтоўцы, якой яны будуць прытрымлівацца агульнапрызнаных міжнародных норм і правілаў.
Артыкул 38
Бакі будуць праводзіць у дачыненні да трэціх краін узгодненую палітыку гандлю паслугамі.
Пры ўсталяванні рэжыму гандлю паслугамі з трэцімі краінамі, Бакі прадаставяць адзін аднаму прэферэнцыйны рэжым шляхам вынятку з рэжыму найбольшага спрыяння на карысць Бакоў, якія фармуюць Мытны саюз.
ПАДЗЕЛ 6. АГУЛЬНЫ РЫНАК ПРАЦЫ
І САЦЫЯЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА
Артыкул 39
Бакі забяспечаць свабоднае перамяшчэнне грамадзян дзяржаў-удзельніц усярэдзіне Адзінай эканамічнай прасторы.
Вольнае перамяшчэнне прадугледжвае адмену любой дыскрымінацыі ў дачыненні да грамадзян Бакоў і стварэнне ўніфікаванага прававога рэжыму ў частцы працаўладкавання, узнагароджання, іншых умоў працы і занятасці.
Гэта прадугледжвае магчымасць:
– свабодна перасоўвацца, займаючыся працоўнай дзейнасцю, па тэрыторыі Бакоў;
– максімальна спрашчаць працэдуры прыняцця і выхаду з грамадзянства;
– прадастаўленне грамадзянам Бакоў, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi любога з Бакоў, прававога статусу, максімальна набліжанага да статусу грамадзян краіны пражывання;
– свабодна перасякаць межы і знаходзіцца на тэрыторыі Бакоў па пашпарце грамадзяніна аднаго з іх;
– усталёўваць адзіныя нормы па правозу праз межы дзяржаў-удзельніц замежнай валюты і бяспошліннага правозу багажу;
– ужываць нацыянальныя рэжымы ў дачыненні да грамадзян
дзяржаў-удзельніц пры перасячэнні іх межаў;
– знаходзіцца ў адной з дзяржаў-удзельніц займаючыся працоўнай дзейнасцю ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгулюе занятасць грамадзян гэтай дзяржавы;
– заставацца на тэрыторыі адной з дзяржаў-удзельніц пасля завяршэння працоўнай дзейнасці ў гэтай дзяржаве.
У гэтых мэтах Бакі падпішуць адпаведныя пагадненні.
Артыкул 40
Бакі дамовіліся аб тым, што працоўны стаж грамадзян, занятых працоўнай дзейнасцю на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц, залічваецца ў агульны працоўны стаж, у тым ліку пры налічэнні пенсій і дапамог.
Артыкул 41
Кожны з Бакоў бярэ на сябе абавязацельствы не ўводзіць без узгаднення з іншымі Бакамі дадатковыя абмежаванні на права выбару месца жыхарства і ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці на іх тэрыторыі для грамадзян іншых дзяржаў-удзельніц з дня падпісання гэтай Дамовы.
Бакі будуць паэтапна адмяняць абмежаванні на права выбару месца жыхарства і ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, уключаючы права на стварэнне юрыдычных асоб грамадзянамі дзяржаў-удзельніц на тэрыторыях адзін аднаго.
Артыкул 42
Бакі будуць праводзіць адзіную візавую палітыку ў адносінах да трэціх краін, у тым ліку ў мэтах папярэджання некантраляванай міграцыі. У гэтых мэтах Бакi заключаць адпаведныя пагадненні.
Артыкул 43
Кожны з Бакоў будзе прадастаўляць грамадзянам іншых Бакоў бясплатную неадкладную медыцынскую дапамогу пры знаходжанні на тэрыторыях гэтых дзяржаў. З гэтай мэтай Бакi заключаць адпаведныя пагадненні.
Артыкул 44
Інтэграцыйны Камітэт ва ўзаемадзеянні з урадамі Бакоў будзе вывучаць, і аналізаваць праблемы, якія тычацца сацыяльнай сферы, а па выніках прадстаўляць Савету кіраўнікоў урадаў заключэнні і рэкамендацыі па пытаннях:
– занятасці;
– працоўнага заканадаўства і ўмоў працы;
– прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі;
– распрацоўкі мінімальных стандартаў сацыяльнай абароны;
– прадухілення няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў;
– гігіены працы;
– праў на стварэнне прафесійных аб'яднанняў і заключэнне калектыўных дамоў.
Артыкул 45
Бакі забяспечаць стварэнне ўзгодненай сістэмы адукацыі, павышэння кваліфікацыі, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, адзіных правіл і ўмоў паступлення ў агульнаадукацыйныя і прафесійныя школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, аспірантуры, а таксама ўзаемнае прызнанне і эквівалентнасць дакументаў аб адукацыі, навуковых ступенях і званнях.
ПАДЗЕЛ 7. РУХ КАПІТАЛУ
Артыкул 46
Бакі, рэалізуючы пагадненні па ўзаемнай канвертавальнасці нацыянальных валют, працягнуць паслядоўную лібералізацыю валютнай палітыкі ў частцы адмены абмежаванняў на выкарыстанне валюты іншых дзяржаў па бягучых аперацыях, увядзення адзінага абменнага курсу нацыянальнай валюты па бягучых аперацыях плацежнага балансу, допуску банкаў-нерэзідэнтаў на ўнутраныя валютныя рынкі, адмены абмежаванняў на ўвоз і вываз нацыянальнай валюты ўпаўнаважанымі банкамі і далучацца да 8-га артыкула Статута Міжнароднага Валютнага Фонду. У мэтах рэалізацыі мер па забеспячэнню ўзаемадзеяння нацыянальных валютна-фінансавых сістэм і па завяршэнні гэтых мерапрыемстваў Бакі падпішуць адпаведныя пратаколы.
Артыкул 47
Бакі рэалізуюць палажэнні пагадненняў аб ліквідацыі падвойнага падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на прыбытак і капітал.
Артыкул 48
Бакі ўзгодняць механізм усталявання валютных курсаў нацыянальных валют.
Артыкул 49
Бакі фармуюць аплатную сістэму дзяржаў-удзельніц для абслугоўвання разлікаў па тавараабароту ў міждзяржаўнай і прадпрымальніцкай сферах, негандлёвых аперацыях, паслугах транспарту, сувязі і іншых галін, а таксама па дзяржаўных, банкаўскіх і камерцыйных крэдытах, абменных валютных аперацыях.
Артыкул 50
Кожны з Бакоў мае права прымаць у галіне руху капіталу часовыя ахоўныя меры з неадкладным паведамленнем іншых удзельнікаў Дамовы, калі існуючы рух капіталу выклікае парушэнні ў функцыянаванні ўнутранага рынку капіталу.
Артыкул 51
Бакі будуць імкнуцца павысіць ступень лібералізацыі руху капіталу па меры паляпшэння эканамічнага становішча дзяржаў-удзельніц.
Бакі не будуць уводзіць у дадатак да існуючых новыя абмежаванні ў галіне валютных аперацый, якія абцяжарылі б рух капіталу і звязаныя з гэтым бягучыя плацяжы, а таксама не павялічваць абмежаванні ў існуючых правілах.
Магчымасць часовага неўжывання палажэнняў гэтага артыкула будзе рэгулявацца асобнымі пагадненнямі.
ПАДЗЕЛ 8. НАВУКОВА-ТЭХНАЛАГІЧНАЕ
І ІНФАРМАЦЫЙНАЕ РАЗВІЦЦЁ
Артыкул 52
Бакі будуць ажыццяўляць узгодненую навукова-тэхналагічную палітыку. У гэтых мэтах прымуць сумесную праграму па прыярытэтных кірунках рэалізацыі нацыянальных навуковых даследаванняў, тэхналагічных распрацовак і дасведчаных вытворчасцей з мэтай інтэграцыі і далейшага развіцця навукова-тэхналагічных патэнцыялаў дзяржаў-удзельніц.
Артыкул 53
Сумесная праграма рэалізуецца праз канкрэтныя праграмы, распрацаваныя па асноўных кірунках дзейнасці. У кожнай праграме вызначаюцца спосабы яе рэалізацыі, усталёўваюцца тэрміны і прадугледжваюцца крыніцы фінансавання.
Каардынацыя навукова-даследчых прац і выкананне сумесных праграм ажыццяўляецца на нацыянальным узроўні ва ўзаемадзеянні з Інтэграцыйным Камітэтам.
Артыкул 54
Фінансаванне навуковых даследаванняў фундаментальнага і прыкладнога характару, якія рэалізуюцца па міждзяржаўных праграмах і праектах, выконваецца на аснове дзяржаўнага заказу і на камерцыйных умовах, а таксама за кошт сумеснага фінансавання.
Бакі створаць адзіную сістэму навукова-тэхнічнай, эканамічнай і прававой інфармацыі і адпаведныя банкі дадзеных.
Артыкул 55
Бакі забяспечаць свабоду абмену і распаўсюджвання радыё і тэлепраграм, іншых сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Бакоў, доступ юрыдычных і фізічных асоб да сістэм тэлекамунікацый з улікам нацыянальных інтарэсаў Бакоў, пашырэння абмену інфармацыяй з трэцімі краінамі і заключаць адпаведныя пагадненні.
Раздзел V. ЗБЛІЖЭННЕ І УНІФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА
Артыкул 56
Бакі прымаюць узгодненыя меры па збліжэнні і ўніфікацыі заканадаўчых і іншых прававых актаў Бакоў (далей названымі мерамі па гарманізацыі заканадаўства), якія аказваюць непасрэднае ўздзеянне на выкананне Бакамi палажэнняў гэтай Дамовы.
У мэтах збліжэння і ўніфікацыі заканадаўства Бакі будуць прымаць меры, якія ўключаюць:
а) каардынацыю дзейнасці па падрыхтоўцы праектаў
заканадаўчых і іншых прававых актаў, у тым ліку праектаў прававых актаў
аб унясенні паправак у законы і іншыя акты;
б) заключэнне міжнародных дамоў;
в) прыняцце мадэльных актаў;
г) прыняцце адпаведных рашэнняў Мiждзяржаўным Саветам альбо Саветам кіраўнікоў урадаў;
д) iншыя меры, якія Бакі палічаць мэтазгоднымі і магчымымі, пры ўмове зацвярджэння такіх мер Мiждзяржаўным Саветам.
Артыкул 57
Мiждзяржаўны Савет прымае рашэнні аб тым, якія заканадаўчыя і іншыя прававыя акты Бакоў, з улікам аб'екта і мэтаў гэтай Дамовы, падлягаюць збліжэнню і ўніфікацыі, усталёўвае паслядоўнасць ажыццяўлення адпаведных мер па гарманізацыі заканадаўства. Такія рашэнні могуць прадугледжваць прыняцце мер па гарманізацыі заканадаўства як у дачыненні да канкрэтных актаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыях Бакоў, так і ў дачыненні да пэўных абласцей прававога рэгулявання.
Мiждзяржаўны Савет таксама вырашае пытанне аб тым, якія меры па гарманізацыі заканадаўства варта ўжыць у дачыненні да адпаведных заканадаўчых і іншых прававых актаў Бакоў альбо, з улікам прынятых Мiждзяржаўным Саветам рашэнняў, адпаведнай вобласці прававога рэгулявання.
Артыкул 58
У выпадках, калі, па агульным меркаванні, Бакоў гэта з'яўляецца неабходным і апраўданым. Мiждзяржаўны Савет мае права прымаць:
а) рашэнні, якія ўсталёўваюць адзіныя для дзяржаў-удзельніц гэтай Дамовы правілы, якія з'яўляюцца абавязковымі ва ўсіх сваіх частках і падлягаюць непасрэднаму ўжыванню дзяржавамі-удзельніцамі;
б) рэзалюцыі, якія з'яўляюцца абавязковымі для дзяржавы-удзельніцы або дзяржаў-удзельніц, якім яны адрасаваныя, у тым, што тычыцца чаканага выніку, пры захаванні за органамі Бакоў свабоды выбару формаў і метадаў дзеянняў;
в) рэкамендацыі, якія не з'яўляюцца абавязковымі.
Артыкул 59
Рашэнні, прадугледжаныя ў артыкулах 57 і 58 гэтай Дамовы, прымаюцца Мiждзяржаўным Саветам на падставе прапаноў Інтэграцыйнага Камітэта, якія ўносяцца пасля кансультацый з Мiжпарламенцкiм Камітэтам і ўхваленых Саветам кіраўнікоў урадаў.
Прапановы аб прыняцці мер па гарманізацыі заканадаўства, што ўносяцца Міжпарламенцкім Камітэтам, падлягаюць папярэдняму разгляду Інтэграцыйным Камітэтам, які пасля кансультацый з Мiжпарламенцкiм Камітэтам уносіць у Савет кіраўнікоў урадаў адпаведныя рэкамендацыі. Дадзенае палажэнне не абмяжоўвае права Міжпарламенцкага Камітэта прымаць мадэльныя акты, якія носяць рэкамендацыйны характар, як гэта прадугледжваецца ў артыкуле 22 Дамовы ад 29 сакавіка 1996 года.
Прапановы аб прыняцці мер па гарманізацыі заканадаўства павінны грунтавацца на аб'ектыўнай і ўсебаковай ацэнцы сітуацыі ў адпаведнай вобласці прававога рэгулявання ў кантэксце адносін паміж дзяржавамі - удзельнiцамi і праблем, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым, для ажыццяўлення мэтаў і прынцыпаў гэтай Дамовы.
Артыкул 60
Паўнамоцтвы Міждзяржаўнага Савета, якія прадстаўляюцца яму на падставе артыкула 57 і пунктаў б) і в) артыкула 58 гэтай Дамовы, могуць дэлегавацца Савету кіраўнікоў урадаў, пры ўмове прыняцця Мiждзяржаўным Саветам адпаведнага рашэння.
Раздзел VI. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 61
У выпадку дзеяння або пагрозы дзеяння з боку трэціх краін, здольных нанесці эканамічны ўрон адной ці некалькім дзяржавам-удзельніцам Дамовы, урады па прапанове аднага або некалькіх Бакоў неадкладна прыступаюць да кансультацый для выпрацоўкі ўзгодненых мер па прадухіленню эканамічнай шкоды або пагрозы нанясення такога шкоды.
Артыкул 62
Гэтая Дамова не закранае абавязацельстваў Бакоў па раней заключаных імі міжнародных дамовах з трэцімі дзяржавамі, у тым ліку ў межах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Артыкул 63
Гэтая Дамова адкрытая для далучэння да яе любой дзяржавы, якая прызнае яе прынцыпы і якая заявіла пра гатоўнасць прыняць на сябе ў поўным аб'ёме абавязацельствы, якія вынікаюць з гэтай Дамовы, і якая скіравала адпаведную просьбу ў Мiждзяржаўны Савет праз дэпазітарыя. Умовы далучэння да Дамовы трэцяй дзяржавы вызначаюцца адпаведным рашэннем Міждзяржаўнага Савета.
Артыкул 64
Бакі могуць падаваць Міждзяржаўнаму Савету прапановы аб унясенні змен і дапаўненняў у гэтую Дамову.
Мiждзяржаўны Савет аднагалосна прымае рашэнні аб унясенні змен і дапаўненняў у гэтую Дамову, якія набываюць моц пасля іх ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі - удзельнiцамi.
Артыкул 65
Гэтая Дамова падлягае рэгістрацыі ў Сакратарыяце ААН.
Артыкул 66
Бакі вырашаюць спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць пры выкананні абавязацельстваў Бакоў, тлумачэнні і ўжыванні палажэнняў гэтай Дамовы, шляхам правядзення кансультацый, перамоваў ці іншым чынам, пра які яны дамовяцца.
Бакі заключаць пагадненне аб адказнасці Бакоў за невыкананне прынятых абавязацельстваў, што вынікаюць з гэтай Дамовы.
Артыкул 67
Месцазнаходжанне органаў кіравання інтэграцыяй усталёўваецца Мiждзяржаўным Саветам. Органы кіравання функцыянуюць на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц у адпаведнасці з асобнымі пагадненнямі аб умовах знаходжання.
Артыкул 68
Дэпазітарыем гэтай Дамовы з'яўляецца Інтэграцыйны Камітэт.
Артыкул 69
Кожны Бок можа выйсці з гэтай Дамовы, шляхам пiсьмовага паведамлення аб гэтым дэпазiтарыю не пазней, чым за 12 месяцаў да даты выхаду.
Артыкул 70
Гэтая Дамова падлягае ратыфікацыі i набывае моц, для дзяржаў-удзельніц, якія яе ратыфікавалі, з даты атрымання дэпазітарыем на захоўванне ратыфікацыйнай граматы ад трэцяй дзяржавы-удзельніцы.
Для кожнай з астатніх дзяржаў-удзельніц Дамовы яна набывае моц з даты атрымання дэпазітарыем на захоўванне яго ратыфікацыйнай граматы.
Для Рэспублікі Таджыкістан гэтая Дамова набывае моц пасля атрымання дэпазітарыем граматы аб ратыфікацыі Рэспублікай Таджыкістан гэтай Дамовы і завяршэння прававога афармлення яе далучэння да пагаднення аб Мытным саюзе ад 6 і 20 студзеня 1995 года.
Здзейснена ў г. Маскве 26 лютага 1999 года ў адным асобніку на беларускай, казахскай, кыргызскай, рускай і таджыкскай мовах, прычым усе тэксты маюць аднолькавую моц. У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў Бакоў па тэксце гэтай Дамовы Бакi будуць выкарыстоўваць тэкст на рускай мове.
Сапраўдны асобнік Дамовы захоўваецца ў Інтэграцыйным Камітэце, які скiроўвае кожнай дзяржаве, якая падпісала гэтую Дамову, яе завераную копію.
За Рэспубліку Беларусь А. Лукашэнка
За Рэспубліку Казахстан Н. Назарбаеў
За Кыргызскую Рэспубліку К. Жумаліеў
За Расійскую Федэрацыю Б. Ельцын
За Рэспубліку Таджыкістан Э. Рахмонаў