Навіны

10.09.2021 (Обновлено: 28.12.2021 15:49)

ЕЭК і ФАА паглыбляюць супрацоўніцтва ў сферах рыбаводства, агародніцтва, пладаводства і насенняводства

У рамках IV Міжнароднага рыбапрамысловага форуму і Выставы рыбнай індустрыі, морапрадуктаў і тэхналогій дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Армен Аруцюнян правёў сустрэчу з намеснікам генеральнага дырэктара і кіраўніком рэгіянальнага офіса Еўропы і Цэнтральнай Азіі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАА) Уладзімірам Рахманіным. Бакі абмеркавалі пытанні, якія датычацца экалагічна ўстойлівага развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці, а таксама рэалізацыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе значных інвестыцыйных праектаў.

«Мы бачым вялікі патэнцыял аквакультуры, таму вытворчасць рыбных кармоў, па якіх пакуль захоўваецца залежнасць ад імпарту з трэціх краін, мае для нашых дзяржаў асаблівае значэнне, – адзначыў Армен Аруцюнян. – Пры гэтым разумеем, што аднаўленне і захаванне прыродных рэсурсаў павінна быць акцэнтам у ажыццяўленні гэтых праектаў».

Бакі падкрэслілі асаблівую актуальнасць задачы па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці рыбнай прадукцыі і аквакультуры на аснове супрацоўніцтва дзяржаў Саюза і выкарыстання ў гэтай сферы сучасных тэхналогій, а таксама вырашылі аб'яднаць намаганні па распрацоўцы агульных падыходаў па ўстойлівым развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці ў ЕАЭС.

Акрамя таго, на палях форуму Армен Аруцюнян і Уладзімір Рахманін дамовіліся аб падрыхтоўцы да канца 2021 года сумеснага дакладу ФАА і ЕЭК па ўстойлівым развіцці рынку садавіны, ягад і агародніны ў ЕАЭС. У працы па падрыхтоўцы дакумента таксама прымуць удзел эксперты краін еўразійскай «пяцёркі».

«Патэнцыял росту пладаводства ў рамках нашага саюза складае як мінімум 1 млрд долараў. З аднаго боку, спажыванне садавіны насельніцтвам краін ЕАЭС ніжэй за рэкамендаваныя нормы, а з другога, па выніках 2020 года, імпарт толькі яблыкаў і груш перавысіў 860 млн долараў, а ў нас жа ёсць умовы і для нарошчвання вытворчасці клубніц, абрыкосаў, персікаў, слівы», – падкрэсліў дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК Армен Аруцюнян. – Таму Камісія будзе садзейнічаць дынамічнаму развіццю сектара».

Вынікам сумеснай працы стане аналіз бягучага стану рынку, дзяржаўнай палітыкі краін ЕАЭС у пладаводстве і агародніцтве, а таксама выяўленне кропак росту і патрэб сектара для яго ўмацавання. Па выніках падрыхтоўкі праекта даклада запланавана правядзенне рэгіянальнага круглага стала.

Бакі абмеркавалі таксама сумесную працу па падрыхтоўцы дакументаў па развіцці насенняводства ў краінах Саюза.

Армен Аруцюнян падзякаваў экспертам ФАА за эфектыўнае ўзаемадзеянне і адзначыў асабісты ўклад Уладзіміра Рахманіна ў падтрымку шэрагу праектаў аграпрамысловага блока Камісіі.

У сваю чаргу прадстаўнік ФАА адзначыў важнасць далейшага нарошчвання тэмпаў супрацоўніцтва і канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж Камісіяй і ФАА.

«Мы пашыраем наша супрацоўніцтва з ЕЭК у міжнародны год садавіны і агародніны. Развіццё ўстойлівага пладаводства і агародніцтва ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза мае важнае значэнне для рэгіянальнай і сусветнай харчовай бяспекі», – сказаў Уладзімір Рахманін.

 

Даведка

Міжнародны рыбапрамысловы форум і Выстава рыбнай індустрыі, морапрадуктаў і тэхналогій (Global Fishery Forum & Seafood Expo Russia 2021) традыцыйна аб'ядноўвае прадстаўнікоў усіх абласцей рыбнай прамысловасці – ад вылаву рыбы ў моры да дастаўкі канчатковаму спажыўцу. Гэта рыбаздабыўныя і перапрацоўчыя кампаніі, прадпрыемствы аквакультуры і марыкультуры, распрацоўшчыкі абсталявання для перапрацоўкі, промыслу, аснашчэння судоў, суднабудаўнічыя і суднарамонтныя арганізацыі, вытворцы кармоў і дабавак, а таксама кампаніі, якія прапануюць рашэнні па ўпакоўцы, захоўванні, грузаперавозках, банкаўскае абслугоўванне, крэдытаванне, страхавыя паслугі.