На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі Дэкларацыю аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях».
Раней з ініцыятывай аб падрыхтоўцы новых дакументаў доўгатэрміновага планавання развіцця ЕАЭС у рамках старшынства ў органах Саюза ў 2023 годзе выступіла Расійская Федэрацыя.
Дэкларацыя вызначае задачы Саюза на сярэднетэрміновую перспектыву да 2030 года на шляху ператварэння ЕАЭС да 2045 года «ў самадастатковы, гарманічна развіты і прывабны для ўсіх краін свету макрарэгіён, які валодае эканоміка-тэхналагічным і інтэлектуальным лідарствам і падтрымлівае высокі ўзровень дабрабыту насельніцтва дзяржаў-членаў».
Дакумент змяшчае ў сабе шэсць напрамкаў:
- забеспячэнне агульнага рынку ключавымі таварамі і рэсурсамі і яго эфектыўнае функцыянаванне;
- фарміраванне агульнай прасторы кааперацыйнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў сферы тэхналагічнага развіцця;
- фарміраванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы;
- фарміраванне агульнага фінансавага рынку;
- развіццё эканамічнага супрацоўніцтва ў сферах, якія маюць інтэграцыйны патэнцыял;
- функцыянаванне ЕАЭС як полюса эканамічнага прыцягнення на міжнароднай арэне.
Для вырашэння пастаўленых задач вызначаны ключавыя напрамкі развіцця ЕАЭС па сферах эканамічнага ўзаемадзеяння, якія прадугледжваюць як удасканаленне існуючых механізмаў, так і новыя механізмы: выкарыстанне прыродных рэсурсаў у мэтах развіцця кааперацыйнага патэнцыялу, развіццё лічбавых тэхналогій, раскрыццё патэнцыялу сістэм штучнага інтэлекту і забеспячэнне яго прымянення, укараненне інавацыйных падыходаў у аграпрамысловым комплексе і іншыя.
«Рэалізацыя названых задач павінна суправаджацца павышэннем эфектыўнасці дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, у тым ліку шляхам узмацнення адказнасці за рашэнні, якія прымаюцца, павышэння празрыстасці работы Камісіі, удасканалення працэдур ратацыі членаў калегіі і фарміравання кадравага складу супрацоўнікаў Камісіі, уключаючы забеспячэнне роўных магчымасцяў грамадзянам дзяржаў-членаў для заняцця вакантных пасад супрацоўнікаў Камісіі пры ўмове незалежнага конкурснага адбору, іх прафесійнай дзейнасці на аснове прынцыпаў незалежнасці і бесстароннасці, і роўных умоў працы», – гаворыцца ў дакуменце.
Камісіі сумесна з дзяржавамі Саюза даручана распрацаваць і прадставіць для зацвярджэння ў 2025 годзе праект дарожнай карты па рэалізацыі Дэкларацыі.