У штаб-кватэры Еўразійскай эканамічнай камісіі прайшлі рабочыя сустрэчы прадстаўнікоў ЕЭК, Суда Еўразійскага эканамічнага саюза, ведамстваў па канкурэнцыі краін ЕАЭС з прадстаўнікамі Камісіі па канкурэнцыі Агульнага рынку Ўсходняй і Паўднёвай Афрыкі (КАМЕСА).
Бакі абмеркавалі пытанні канкурэнтнай палітыкі, правапрымянення і адвакатавання канкурэнцыі, а таксама асаблівасці ўзаемадзеяння з нацыянальнымі органамі. Спецыялісты падзяліліся вопытам на прыкладах канкрэтных кейсаў па парушэннях канкурэнцыі, абароны правоў спажыўцоў.
Міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Максім Ермаловіч падкрэсліў: «Канкурэнцыя адыгрывае ключавую ролю ў развіцці інтэграцыйных працэсаў. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва паслужыць прыкладам і стане адпраўным пунктам для дыялогу ў іншых эканамічных сферах функцыянавання ЕАЭС і КАМЕСА».
Адбылося таксама абмеркаванне судовай практыкі па пытаннях канкурэнцыі.
«Па колькасці зваротаў у Суд ЕАЭС справы па канкурэнцыі займаюць другое месца, – адзначыў Старшыня Суда ЕАЭС Аляксей Дронаў. – Гэта вельмі добры паказчык, і ён дае нам магчымасць сфармуляваць важныя прававыя пазіцыі ў гэтай сферы, пры выпрацоўцы якіх Суд актыўна звяртаецца да практыкі іншых інтэграцыйных аб'яднанняў, а таксама міжнародных судоў».
Узаемадзеянне паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Камісіяй па канкурэнцыі КАМЕСА пачалося ў 2019 годзе, у ліпені 2022 года бакі фармалізавалі ўзаемадзеянне, падпісаўшы Мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы канкурэнтнай палітыкі і правапрымянення.
«Вопыт еўразійскіх калег дапаможа нам ва ўдасканаленні права КАМЕСА ў пытаннях прыцягнення да адказнасці і вызначэння трансгранічнасці рынкаў», – сказаў кіраўнік Камісіі па канкурэнцыі КАМЕСА Уілард Мвемба.