Памер шрыфта: A A A
Колеру сайта: C C C
Звычайная версія сайта
Выберите язык
25.11.2021

Міністры сельскай гаспадаркі краін ЕАЭС абмеркавалі пытанні развіцця інтэграцыі ў сферы АПК

Пытанні ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу ў Еўразійскім эканамічным саюзе, у тым ліку перспектывы фарміравання адзінага рынку насення сельгаскультур і лічбавай трансфармацыі галіны, а таксама ініцыятыву па стварэнні еўразійскай тавараразмеркавальнай сеткі, абмеркавалі кіраўнікі ўпаўнаважаных ведамстваў краін ЕАЭС, профільныя міністры Еўразійскай эканамічнай камісіі і прадстаўнікі Еўразійскага банка развіцця ў рамках другога пасяджэння Савета па аграпрамысловай палітыцы Саюза.

Удзельнікі нарады падкрэслілі значнасць працы Камісіі і краін па развіццю і паглыбленню інтэграцыі ў сферы насенняводства, а таксама неабходнасць фарсіравання прыняцця сумесных мер для фарміравання і развіцця адзінага рынку насення.

Сёння ў Саюзе захоўваецца высокая залежнасць ад імпарту з трэціх краін насення і пасадачнага матэрыялу сельскагаспадарчых культур, аб’ёмы якога, згодна са статыстычнымі данымі ЕЭК за 2020 год, склалі 1026,2 млн дол. Амаль 80 працэнтаў гэтага аб’ёму імпарту – гэта насенне кукурузы, сланечніка, цукровых буракоў, агароднінных культур, пасадачны матэрыял пладовых і ягадных культур. Пры гэтым аб’ём узаемнага гандлю насеннем у рамках ЕАЭС за гэты перыяд склаў 58,2 млн дол.

«Напрамкі ўніфікацыі заканадаўства краін ЕАЭС у сферах выпрабоўвання сартоў і насенняводства сельгаскультур вызначаны кіраўнікамі дзяржаў Саюза як наступны этап у развіцці адзінага рынку насення ЕАЭС у перыяд з 2022 па 2025 гады. Прыемна, што праца па гэтым напрамку актыўна рухаецца наперад. Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі зацверджаны пералік сельскагаспадарчых культур, па якіх у нашых краінах ёсць крытычная залежнасць ад імпарту насення і пасадачнага матэрыялу. Наша задача на бліжэйшую перспектыву – распрацаваць сумесныя меры па развіцці селекцыі і насенняводства для павышэння іх канкурэнтаздольнасці на агульным аграрным рынку Саюза», – сказаў міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Артак Камалян.

Міністры сельскай гаспадаркі краін Саюза ўхвалілі неабходнасць правядзення навукова-даследчай працы, у рамках якой будзе падрыхтаваны дэталёвы аналіз бягучага стану селекцыі і насенняводства, а таксама распрацаваны праект канцэпцыі іх развіцця ў ЕАЭС.

«Такім чынам, мы зможам выпрацаваць меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці гэтых галін сельскай гаспадаркі, у тым ліку тых, якія датычацца вывядзення запатрабаваных сельскай гаспадаркай сартоў і вытворчасці высакаякаснага насення», – рэзюмаваў Артак Камалян.

Бакі разгледзелі таксама пытанне фарміравання адзінай тавараправоднай сеткі ЕАЭС, якое прапрацоўваецца Камісіяй у супрацоўніцтве з ЕАБР. Размова ідзе пра выбудоўванне ўзаемазвязанай сістэмы інфраструктурных агралагістычных аб’ектаў, уключаючы сетку аптова-размеркавальных цэнтраў, для збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

Як адзначыў Артак Камалян, стварэнне адзінай тавараразмеркавальнай сістэмы ў Саюзе будзе садзейнічаць нарошчванню аб’ёмаў узаемнага гандлю, скарачэнню залежнасці ад імпарту, прыцягненню інвестыцый і далучэнню бізнесу да рэалізацыі праекта. Гэта прастымулюе развіццё інфраструктуры і сумежных галін, забяспечыць стварэнне новых працоўных месцаў, павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, скароціць страты пры захоўванні і транспарціроўцы тавараў.

У сваю чаргу, міністр па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Віктар Назаранка падкрэсліў, што для ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу ў краінах ЕАЭС і забеспячэння харчовай бяспекі важна комплексна вырашаць усе пытанні, у тым ліку звязаныя з забеспячэннем эпізаатычнага і фітасанітарнага дабрабыту.

«Па гэтых напрамках у Саюзе на сістэмнай аснове распрацоўваюцца і прымаюцца неабходныя дакументы. Гэта, перш за ўсё, Палажэнне аб узгодненых падыходах пры правядзенні ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і нагляду за жывёламі і прадукцыі жывёльнага паходжання і Правілы рэгулявання абарачэння ветэрынарных лекавых сродкаў у ЕАЭС», – падкрэсліў міністр па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Віктар Назаранка.

Віктар Назаранка таксама папрасіў членаў Савета па аграпрамысловай палітыцы Саюза, міністраў сельскай гаспадаркі дзяржаў-членаў аказаць садзейнічанне па выпрацоўцы канчатковай пазіцыі краін для найхутчэйшага прыняцця гэтых дакументаў органамі Саюза.

Таксама ў рамках Савета па аграпрамысловай палітыцы на ўзроўні намеснікаў міністраў адукацыі і навукі, сельскай гаспадаркі і эканомікі адбылася цырымонія падпісання Мемарандума па развіцці ўзаемадзеяння дзяржаў Саюза ў сферы падрыхтоўкі кадраў для прамысловасці і аграпрамысловага комплексу. Дакументам прадугледжваецца забеспячэнне акадэмічнай мабільнасці навучэнцаў, падрыхтоўка і ўкараненне сумесных адукацыйных праграм і анлайн-курсаў па найбольш запатрабаваных і перспектыўных спецыяльнасцях, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў, а таксама шэраг іншых напрамкаў.

«Рэалізацыя палажэнняў мемарандума дасць магчымасць умацаваць у Саюзе сістэму партнёрства адукацыйных устаноў і міжкультурных камунікацый, павысіць прывабнасць профільнай адукацыі і ўзровень прафесійных кампетэнцый», – адзначыў Артак Камалян.

У рамках рэалізацыі падпісанага дакумента ў дадзены момант пры каардынацыі аграпрамысловага блока Камісіі вядзецца праца па запуску сумеснага адукацыйнага курса па вінаробстве паміж Арменіяй і Расіяй. Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне аб магчымасці правядзення зацікаўленымі навукова-адукацыйнымі ўстановамі дзяржаў Саюза, у рамках дадатковай прафесійнай адукацыі, курсаў павышэння кваліфікацыі па такіх тэмах як «ESG і ўстойлівае развіццё харчовых сістэм» і «Дакладнае земляробства».


Даведка

Савет па аграпрамысловай палітыцы ЕАЭС створаны рашэннем кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС для забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння міністэрстваў сельскай гаспадаркі краін Саюза пры рэалізацыі ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі. У яго склад уваходзяць міністры сельскай гаспадаркі дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і міністры ЕЭК – па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе і тэхнічным рэгуляванні.